«Абы-каму помнікаў не забіраюць». Улады Беларусі баяцца Ларысы Геніюш, заявіў ейны ўнук


Два тыдні таму ў Зэльве таемна прыбралі помнік Ларысе Геніюш. На днях споўнілася 40 гадоў, як не стала паэткі. Ейны ўнук Міхась Геніюш паразмаўляў з «Белсатам» пра тое, ці можна «забараніць памяць», прыбраўшы помнік. Наш вядоўца Сяргей Падсасонны з’ездзіў да спадара Міхася ў вёску на Падляшшы блізу беларускай мяжы: там вяскоўцы ўсё яшчэ размаўляюць па-беларуску, як і сам Міхась. Размову паказалі 9 красавіка ў праграме «Тыдзень».

Ларыса Геніюш (у дзявоцтве Міклашэвіч) нарадзілася ў 1910 годзе каля Ваўкавыску, паводле Рыжскага міру, гэтыя землі ўвайшлі ў склад Польшчы. Выйшла замуж за Янку Геніюша, які паступіў у Карлаў універсітэт у Празе, з 1937 года жыла ў Чэхаславаччыне. Калі саветы па змове з нацыстамі падзялілі Польшчу, бацьку Ларысы Геніюш арыштавалі і расстралялі, а маці і дзвюх сясцёр выслалі ў Казахстан.

У часе Другой сусветнай вайны Ларысу Геніюш прызначылі генеральнаю сакратаркай ураду Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі. Пасля вайны Ларысу Геніюш з мужам арыштавалі і катавалі савецкія карнікі, саслалі ў лагеры ў Комі. Сям’ю Геніюшаў вызвалілі і «часткова рэабілітавалі» толькі ў 1956-м, не дазволілі вярнуцца ў Чэхаславаччыну. Геніюшы пасяліліся ў Зэльве, жылі пад наглядам Камітэту дзяржаўнай бяспекі.

Міхась Геніюш падчас размовы з Сяргеем Падсасонным. Падляшша, Польшча. 8 красавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Зняволеныя называлі паэтку маці, пазней бабуляй. Ейны сапраўдны ўнук Міхась Геніюш кажа:

«Калі іншыя людзі яе так называлі, відавочна, яна такая была для іх. Яна ўмела жыць з людзьмі. Яна любіла перадусім людзей. Яна іх не сартавала: для яе няважна было, хтосьці мае вышэйшую адукацыю ці не мае. Для яе чалавек быў чалавек. Яна ў чалавеку бачыла перадусім чалавека. Яна ўсіх любіла, усім памагала, з усімі жыла ў вялікай згодзе. Гэтаму таксама навучыла і мяне».

«Цёплая, каханая, – так Міхась Геніюш апісвае бабулю. – Зрабіла з мяне чалавека такога, як я ёсць цяпер».

Калі Ларысу і Янку Геніюшаў арыштавалі ў Чэхаславаччыне, каб выдаць саветам, іхнага 12-гадовага сына Юрку ўдалося пераправіць да сваякоў у Польшчу. Па вызваленні бацькоў Юрка нярэдка прыязджаў у Зэльву. Там і нарадзіўся Міхась Геніюш, бабуля яго выхоўвала да чацвёртага года жыцця. Пасля Міхась не мог часта ездзіць да бабулі, ездзілі штодругі год. Унук заўжды чакаў паездак да бабулі, і бабуля да гэтага рыхтавалася:

«Яна мне паўсюль хавала рэчы, якія я любіў есці, рэчы, якімі я любіў гуляць. Ведала, што я люблю сабак, тады заўсёды быў у хаце якісьці сабака, у хляве быў трусік ці свінка марская. Яна старалася, каб я добра там чуўся. Старалася рабіць усё, каб я быў шчаслівы».

Доўгі час для Міхася Ларыса Геніюш была проста бабуляй: ён згадвае, як яна трымала яго «далёка ад палітыкі», у лістах пісала вершы пра звяроў, малявала жывёлінак.

Гісторыі
Магла стаць першай кіраўніцай Беларусі: няскораная Ларыса Геніюш
2023.03.30 19:55

«Часамі ў гэтых вершах былі розныя тэма, якіх я не да канца разумеў, – згадвае спадар Міхась. – Але яны былі такія, што яна мне спрабавала перадаць: я маю быць добрым чалавекам, я маю любіць сваю мову, я маю любіць свой край і я маю любіць праўду».

Унук не адразу асэнсаваў, што ягоная бабуля – выбітная паэтка. Хоць калі ён прыязджаў у Зэльву, Ларыса Геніюш заўсёды чытала ўсё новае, што пісала:

«Я не ўсё да канца разумеў, але яна вельмі цікаўная была: як я на гэта рэагую і што я пра ўсё гэта думаю. Я глядзеў на гэта ўсё дзіцячымі вачыма, так што гэта было тое, што можа сказаць дзіця. Можа, яна спрабавала паглядзець, ці такое дзіця, як я, зразумее ў тым, што яна піша, сапраўдны сэнс».

У бабулі і дзядулі ў Зэльве бывала шмат вядомых асобаў, з шмат якімі пазнаёміўся і спадар Міхась: расказвае, што памятае Уладзіміра Караткевіча, Дануту Бічэль-Загнетаву, Васіля Быкава… Святкаванне народзінаў бабулі трывала два, а часам і тры дні, бо адны госці прыязджалі, другія з’язджалі: «Сядзелі, гутарылі, чыталі вершы».

«Напэўна, не было чуваць у гэтым ніякага акцэнту палітычнага, – кажа ўнук паэткі. – Гэта была радасная атмасфера, людская. Так, як бы спаткаліся з табою прыяцелі, якія доўга не бачыліся і не могуць з табою нагаварыцца, з табою нацешыцца».

Геніюшы ў Зэльве жылі небагата. Спадар Міхась кажа, «такія былі часы». У кватэры не было вады – трэба было прыносіць са студні. І трэба было паліць печку, насіць дровы ці торф. Але бабуля заўсёды магла знайсці тое, чаго не было ў краме, і ў бабулі ён еў ці не больш, чым удома: заўжды быў «якісьці кумпячок, якаясьці паляндвічка, якаясьці печаная качка ці мяса з трусіка». Унук любіў згушчанае малако – дык заўсёды яно было ў бабулі. Заўсёды былі ўлюбёныя цукеркі, бабуля пастаянна пякла ўнуку розныя тарты.

Сяргей Падсасонны размаўляе з Міхасём Геніюшам у ягоным доме каля Беластоку, Польшча. 8 красавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Толькі пазней, пабываўшы ў Празе, Міхась даведаўся, якая была прорва між жыццём у Савецкай Беларусі і ў некалі вольнай міжваеннай Чэхаславаччыне. І калі бабуля прыняла ўмовы жыцця ў БССР, дзядуля ўвесь час хацеў вярнуцца ў Прагу хоць на дзень, распавядае ўнук:

«Ларыса Геніюш, пасля таго, што прайшла, старалася, каб нічога не марнавалася. Яна выкарыстоўвала ежу, якую мела, максімальна. Вельмі яе шанавала. Памятаю, як мне расказвала, што, калі вярнулася з лагеру, яна не магла наесціся: думала, што хтосьці ў яе гэта забярэ. І так і засталося, што вельмі шанавала ежу і што з гэтым звязана».

Ды пра зняволенне расказвала нячаста, унука бараніла ад гэтых успамінаў. Паводле спадара Міхася, «часамі здаралася» толькі, што нешта казала пра перажытае, і вельмі пры гэтым хвалявалася.

«Пісанне вершаў – гэта была ейная патрэба ўнутры, гэта ссярэдзіны ў яе выходзіла, – кажа пра бабулю. – Людзей яна любіла таму, што яна мела такі характар, што вельмі любіла ўсіх людзей і вельмі прыязна да ўсіх падыходзіла. Таму што не магла выхаваць свайго сына, яна вельмі-вельмі любіла гутарыць і быць з унукамі. Гэта для яе было вельмі важна. Яна заўсёды рыхтавалася, вельмі моцна чакала на спатканне са сваімі ўнукамі».

Паўліна Мядзёлка, Ларыса і Янка Геніюшы, Ніна Лойка ў Зэльве ў 1968 годзе.
Фота: архіў радыё «Свабода»

Апошні раз спадар Міхась бачыў бабулю за год да ейнай смерці – яму тады было 18 гадоў. Тады Міхась Геніюш вучыўся ў Ольштыне, не здолеў трапіць на пахаванне: ішоў 1983 год, мінаць мяжу Польшчы ды СССР было праблематычна. На пахаванне паехалі бацька, маці і брат Міхася.

Па смерці бабулі і дзядулі Міхась Геніюш не бываў у Беларусі амаль 20 гадоў, але пасля 2010-га прыязджаў не раз. Заўсёды стараўся трапіць на могілкі, але не заходзіў у хату, якая засталася ад іх. Ён тлумачыць: памятае хату такой, якой яна была пры бабулі і дзядулю, памятае кожную рэч у хаце, а калі прыехаў, хата была перабудаваная і пераробленая, дык не хацеў псаваць гэтага вобразу ў галаве.

Разуменне таго, кім была бабуля, пачалося ад таго, калі спадар Міхась даведаўся, колькі людзей прыехала на ейнае пахаванне. Потым да яго пачалі звяртацца розныя людзі з пытаннямі пра бабулю – і ён з цікавасцю пачаў чытаць усю ейную творчасць. Пабачыў, колькі яна перадавала ад сябе падтрымкі не толькі ў дзіцячых вершах для яго, але і ў вершах «для ўсіх».

Міхась Геніюш гутарыць з журналістам «Белсату» Сяргеем Падсасонным у вёсцы каля Беластоку, Польшча. 8 красавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Ужо пасля смерці Ларысы Геніюш выдалі ейную «Споведзь» – аповед пра жыццё без аглядкі на цэнзуру. Ды Міхась Геніюш мяркуе, што «не ўсё там напісана, не перададзеныя ўсе эмоцыі»:

«Я думаю, што Ларыса Геніюш, пішучы «Споведзь», хацела толькі пэўныя справы выясніць. А тое, што сапраўды перажыла яна, ейны муж ці ейны сын, гэтага там няма, таму што гэтыя эмоцыі – гэта былі ейныя прыватныя эмоцыі. Яна да канца іх не паказала. Гэта быў агромністы боль, агромністая трагедыя, цэлае жыццё разваленае, разбуранае. І ейнае жыццё, і жыццё сына, мужа».

Міхась Геніюш браў удзел у выданні кнігі вершаў Ларысы Геніюш «…унукам», напісаў да яе прадмову, прасоўваў. Згадвае, як на адну з імпрэзаў прыйшоў чалавек, які расказаў, што працаваў у Зэльве «ў службах», што ягоным заданнем было пільнаваць Ларысу і Янку Геніюшаў. Той чалавек распавядаў, як аднойчы на вуліцы пабачыў нейкую бабулю, якая цягне вёдры з вадою – дапамог ёй данесці вёдры, а бабуля запрасіла яго на гарбату, пагутарыла з ім, дала яму кнігу са сваімі вершамі. Гэтак будучы наглядчык стаўся «фанатам» паэткі – і пасля расказваў, што Ларыса Геніюш была шчырым і добрым чалавекам.

Працаўнікі здымаюць помнік Ларысе Геніюш. Зэльва, Беларусь. Не пазней за 30 сакавіка 2023 года.
Фота: Народная Воля

Сённяшнія ўлады ў Беларусі, як і савецкія, баяцца Ларысы Геніюш. Чаму так і чаму прыбралі помнік ёй? Міхась Геніюш паціскае плячыма: помнік стаяў 20 гадоў, нікому не перашкаджаў, і мясцовыя ўлады не былі супраць яго пакінуць.

«Ведаю толькі, што абы-каму помнікаў не забіраюць, – разважае Міхась Геніюш. – Што калі ўжо робяць такія рэчы, гэта значыць, што гэты чалавек для кагосьці важны: ці яго баяцца, ці… Не ведаю, што пра гэта сказаць. Думаю, што помнік можна забраць і разбурыць, а з сэрцаў людзей не забярэцца таго, што там у іх ёсць усярэдзіне».

Хто і чаму забраў помнік бабулі, унук не ведае і мяркуе, што гэта не мае значэння, бо Ларыса Геніюш збудавала сабе помнік «у сэрцах і галовах людзей». А тое, што скралі, было толькі каменнаю скульптураю пры царкве, да якой можна было пакласці кветкі.

Hавiны
Андрэй Хадановіч: Творчасць Геніюш падтрымлівае палітвязняў, гэтую значнасць ацанілі ўлады
2023.03.30 22:13

Фота вокладкі: Белсат

Гутарыў Сяргей Падсасонны belsat.eu

Стужка навінаў