«Наймудрэйшы, найлепшы і фантастычны». Трамп пахваліў Орбана


Былы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп, які зноў змагаецца за крэсла кіраўніка дзяржавы, сустрэўся з прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам і назваў яго «фантастычным». «Няма лідара больш разумнага і лепшага», – цытуе Трампа агенцтва «Bloomberg».

Віктар Орбан і Доналд Трамп на сустрэчы ў Флорыдзе, ЗША. 8 сакавіка 2024 года.
Фота: orbanviktor / Instagram

Доналд Трамп, які, імаверна, стане супернікам цяперашняга прэзідэнта ЗША Джо Байдэна на выбарах, вітаў у сваёй рэзідэнцыі ў Мар-а-Лаго ў Флорыдзе прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана. «Bloomberg» назваў гэта «сустрэчаю двух папулісцкіх лідараў».

Рэспубліканец зладзіў для госця экскурсію па доме, вячэру, перамовы з удзелам дарадцаў і запрасіў на канцэрт. На гэтай імпрэзе, вітаючы Орбана са сцэны, Трамп заявіў:

«Няма найлепшага і наймудрэйшага лідара. Ён вялікі лідар, фантастычны лідар».

Тэлеканал CNN адзначае, што кіраўнік урада Вугоршчыны падчас цяперашняй паездкі ў ЗША не прасіў аб сустрэчы з Байдэнам:

«Перад сустрэчаю з Трампам Орбан падтрымаў ягоны погляд на Украіну, што ўзмацніла трывогу ў Кіеве наконт таго, што будзе значыць другі тэрмін Трампа. «Мы ў Вугоршчыне ставім на вяртанне прэзідэнта Трампа. Адзіны шанец у свеце на хуткае ўхваленне мірнай дамовы – гэта палітычныя змены ў ЗША», – сказаў Орбан. Трамп бачыць у Орбане такога здаравяка, не абцяжаранага юрыдычнымі і палітычнымі абмежаваннямі, якім сам хацеў бы быць».

Прэзідэнт Байдэн згадаў «сустрэчу папулістаў» на перадвыбарчым мітынгу ў Філадэльфіі:

«Вы ведаеце, з кім Трамп сустракаецца сёння ў Мар-а-Лаго? З Орбанам з Вугоршчыны, які не лічыць, што дэмакратыя працуе, і рушыць да дыктатуры. Я бачу будучыню, у якой мы будзем абараняць дэмакратыю, а не прымяншаць яе».

Hавiны
Еўрапарламент заклікаў пакараць Віктара Орбана за нанясенне шкоды дэмакратыі ўнутры краіны
2024.01.18 22:00

Тым часам віцэ-спікер парламенту Славаччыны, кіраўнік прарасейскай ультраправай Славацкай нацыянальнай партыі Андрэй Данко ў інтэрв’ю RTVS заявіў, што Расея «не з’яўляецца агрэсарам» ва Украіне і «абараняе свае інтарэсы»:

«Падтрыманне Украіны не развяжа праблему, бо гэта толькі прывядзе да эскалацыі напружанасці. Расея – не агрэсар, яна абараняе свае інтарэсы. Расейцы прыехалі на гэтыя тэрыторыі з адчуваннем, што яны дапамагаюць свайму народу».

Вугоршчына і Славаччына вядомыя сваім прыхільным стаўленнем да Масквы і не жадаюць дапамагаць Украіне ў вайне.

Hавiны
«Санкцыі супраць Беларусі абсурдныя». Менск здабыў у ЕЗ новага сябра – Славаччыну
2024.02.10 13:52

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў