У Горадні зніклі турыстычныя стэнды пра пісьменніцу Элізу Ажэшку


З вуліц Горадні прыбралі турыстычныя стэнды пра жыццё беларускай пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Гэта «Hrodna.life» пацвердзіў адзін з гарадзенскіх краязнаўцаў.

Турыстычны стэнд пра пісьменніцу Элізу Ажэшку ў Горадні. Крыніца: vgr.by

Паводле выдання, таблічкі прыбралі не на рамонт і назад яны могуць не вярнуцца. Аднак хто іх прыбраў – не паведамляецца.

Турыстычныя стэнды з інфармацыяй пра Элізу Ажэшку ўсталявалі на вуліцах Горадні летам 2021 года. Іх адкрыццё прымеркавалі да 180-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы. Распрацоўкай праекту займаўся Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, а фінансы на гэта вылучаў Еўразвяз.

Усяго ў горадзе было 10 стэндаў на месцах, звязаных з жыццём пісьменніцы. Інфармацыя на іх была размешчана на трох мовах: беларускай, ангельскай і польскай.

У юнацтве беларуская пісьменніца Эліза Ажэшка бывала ў Горадні толькі праездам, бо вучылася ў Варшаве. За свайго першага мужа Пятра Ажэшку яна выйшла ў 17 гадоў, а вянчаліся яны ў гарадзенскім Бернардынскім касцёле. Пазней жыла на Кобрыншчыне і ў Вільні, а ў канцы 1860-х пасля продажу радавога маёнтку Ажэшка пераязджае ў Горадню, каб пражыць тут амаль бязвылазна наступныя 40 год. Памерла і пахавана пісьменніца таксама ў Горадні.

Акрамя турыстычных стэндаў пра Элізу Ажэшку ў ліпені 2023 года з будынку гарадзенскага чыгуначнага вакзалу знік памятны знак паўстанцам 1863 года. Замест яго ўсталявалі дошку прысвечаную савецкіх падпольшчыкам часоў Другой сусветнай вайны. У гарадзенскім гарвыканкаме на запыт мясцовых жыхароў адказалі, што не ведаюць, куды знікла шыльда.

Hавiны
У Горадні знік памятны знак у гонар паўстання Каліноўскага
2023.07.20 18:47

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў