Што рабіць у эміграцыі з беларускім дыпломам? Паглядзелі, дзе прызнаюць нашую вышэйшую адукацыю


Беларусь больш не ўдзельнічае ў Балонскім працэсе, разарвала пагадненне аб узаемным прызнанні дыпломаў з Польшчай. З аналагічнага пагаднення з Беларуссю выйшла Украіна. Што рабіць беларусам, якія хацелі б за мяжой працаваць паводле атрыманай на радзіме прафесіі? Дзе пакуль яшчэ не патрэбная настрыфікацыя, і як яе прайсці там, дзе яна патрэбная? Разбіраемся ў гэтых пытаннях.

Прызнанне дыпломаў беларускіх ВНУ ў розных краінах. Выява: Белсат. Эмодзі: Openmoji.org, CC BY-SA 4.0

Расея, Пакістан, Венесуэла: дзе беларускія дыпломы прызнаюцца аўтаматычна ці па спрошчанай працэдуры

Без усялякіх працэдур настрыфікацыі, аўтаматычна беларускія дыпломы аб вышэйшай адукацыі (акрамя дыпломаў медыкаў) сёння прызнаюцца ў краінах СНД: Расеі, Азербайджане, Казахстане, Арменіі, Малдове, Кыргызстане, Таджыкістане, Узбекістане. Таксама дамовы аб эквівалентнасці дыпломаў падпісаныя з Кітаем, Пакістанам, Эквадорам, Венесуэлай, Туркменістанам, В’етнамам – гэта значыць, што ў пералічаных краінах беларускі дыплом пацвярджаецца паводле спрошчанай працэдуры.

Напрыклад, пры Міністэрстве адукацыі Кітая ёсць онлайн-платформа, дзе студэнт ці будучы працаўнік стварае асабісты кабінет, запаўняе персанальную інфармацыю пра адукацыю, прыкладае скан дыплому на расейскай мове, выпіску з адзнакамі з дыплому, усе сертыфікаты, якія прыкладаюцца, а таксама, калі ёсць, навуковыя публікацыі, і адпраўляе запыт на прызнанне дыплому ў Кітаі. Пасля праверкі дадзеных прыходзіць пацверджанне – онлайн-дакумент аб прызнанні дыплому аб вышэйшай адукацыі ў Кітаі. З гэтым дакументам можа працаўладкоўвацца. Уся працэдура займае каля 30 дзён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mir.pravo.by

Што датычыць краінаў Еўразвязу, то Беларусь з 1997 года з’яўляецца сябрам Лісабонскай канвенцыі аб прызнанні кваліфікацыяў, якія маюць дачыненне да вышэйшай адукацыі ў Еўрапейскім рэгіёне. Гэта значыць, што беларускі дыплом можа быць прызнаны ў дзяржавах, якія ратыфікавалі канвенцыю, аднак могуць быць нюансы ў кожнай канкрэтнай краіне, звязаныя з асаблівасцямі нацыянальнага заканадаўства і з галіной прафесійнай дзейнасці, у якой была атрыманая адукацыя.

У 2015 годзе Беларусь далучылася да Балонскага працэсу і ўступіла ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, якая таксама прадугледжвае спрашчэнне прызнання дыпломаў у еўрапейскіх краінах. Аднак ужо ў 2022 годзе прадстаўніцтва Беларусі, а таксама Расеі ў ЕПВА было прыпыненая.

«У Балонскім працэсе ўвогуле няма механізму выключэння краінаў. Нікога адтуль ніколі не выключалі, – пракаментаваў сітуацыю для Белсату палітычны аналітык Вадзім Мажэйка. – Было прынятае рашэнне права прадстаўніцтва Расеі і Беларусі ў ЕПВА. Агулам жа, Грамадскі балонскі камітэт рабіў справаздачу, якая сведчыла, што Беларусь практычна не імплементавала балонскія прынцыпы, што на нейкі мізэрны адсотак была выкананая дарожная мапа па ўваходжанні Беларусі ў Балонскі працэс. Таму ў сапраўдным глыбокім сэнсе Беларусь так ніколі і не стала краінай Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і таму цяперашні працэс «сыходу», як пра гэта кажуць беларускія і расейскія чыноўнікі, таксама не асабліва заўважны».

Hавiны
Беларусь не выключылі з Балонскага працэсу, але пакаралі. Разбіраемся, што адбылося
2022.06.08 21:30

Далей у бок яшчэ большай міжнароднай ізаляцыі ў тым ліку ў галіне адукацыі Беларусь пайшла сама – 25 кастрычніка 2022 года Савет Міністраў РБ выдаў пастанову №728 аб выхадзе з міжурадавага пагаднення з Польшчай аб узаемным прызнанні адукацыі і ступеняў у навуцы і мастацтвы, якое дзейнічала з 2005 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: belta.by

Гэтае пагадненне, сярод іншага, прадугледжвала, што беларускага атэстату аб сярэдняй адукацыі было дастаткова для працягу навучання ў Польшчы. Паводле арт.2 Пагаднення, атэстаты аб сярэдняй адукацыі з’яўляліся падставай для залічэння абітурыентаў у ВНУ абедзвюх бакоў.

‘Паколькі двухбаковае пагадненне не можа працаваць у адзін бок, то выхад Беларусі цягнуў за сабой і спыненне дзеяння дамоўленасцяў Польшчай. Выпускнікі беларускіх школ і ВНУ паўсталі перад пагрозай неабходнасці настрыфікацыі атэстатаў і дыпломаў.

Польшча працягвае прызнаваць дыпломы беларусаў

Аднак у снежні 2022 года Аб’яднаны пераходны кабінет паведаміў аб дасягненні дамоўленасці, што Польшча надалей будзе прызнаваць беларускія дыпломы аб адукацыі, нягледзячы на скасаванне рэжымам Лукашэнкі адпаведнага беларуска-польскага пагаднення.

Прадстаўнікі Кабінету Павел Латушка і Аліна Коўшык сустрэліся ў Варшаве з дзяржсакратаром Міністэрства адукацыі і навукі, паўнамоцным прадстаўніком урада Польшчы па пытаннях развіцця і міжнародных адносінаў у галіне адукацыі і навукі Томашам Жымкоўскім і дырэктарамі дэпартаментаў Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы.

«Мы надалей будзем прызнаваць беларускія пасведчанні і дыпломы. Для нас пагадненне працягвае дзейнічаць», – адказаў Томаш Жымкоўскі на прапанову прадстаўнікоў Кабінету праігнараваць рашэнне рэжыму Лукашэнкі аб скасаванні беларуска-польскага пагаднення аб узаемным прызнанні дыпломаў.

Тым не менш, у Польшчы застаецца шэраг прафесіяў, якія прадугледжваюць абавязковую настрыфікацыю дыплому аб вышэйшай адукацыі. Гэта спатрэбіцца, напрыклад, медыкам – лекарам, медсёстрам, псіхолагам, педагогам, архітэктарам і ў шэрагу іншых выпадкаў. Для гэтых спецыяльнасцяў разрыў пагаднення аб прызнанні дыпломаў нічога не змяніў – пацверджанне беларускага дыплому ў гэтых галінах і раней патрабавалася ў Польшчы.

Агляд
«Адукацыя, не падобная да нашай савецка-наменклатурнай». Дзе беларусам вучыцца за мяжою
2023.05.30 09:00

Як у Польшчы пацвердзіць дыплом лекара

Пра працэдуру пацверджання дыплома медыка з краінаў СНД распавядала педыятарка з Беларусі, якая была вымушаная ўцякаць у Польшчу ад пераследу, Мая Церакулава. Спачатку трэба непасрэдна пацвердзіць сам дыплом, ягоную сапраўднасць, праз афіцыйную арганізацыю. Потым трэба здаць экзамен па польскай медычнай мове. Пасля гэтага – здаць экзамен, які можна параўнаць з выпускным экзаменам з медычнага ўніверсітэту.

Пасля здачы экзамену лекары праходзяць стажыроўку, якая цягнецца 4 месяцы. Вузкапрофільныя спецыялісты пасля стажыроўкі становяцца лекарамі агульнай практыкі, а калі хочуць вярнуцца ў сваю спецыялізацыю, мусяць прайсці рэзідэнтуру.

Падрабязную інструкцыю аб тым, як у Польшчы настрыфікаваць дыплом медыка, прыводзіла выданне Most.media.

Настрыфікацыя дыплому праходзіць на базе ВНУ, і ў кожнай установе можа быць нейкі свой спіс патрэбных дакументаў, таму ўсё трэба ўдакладняць. Агулам спіс можа выглядаць так:

  • заява аб пачатку працэдуры настрыфікацыі
  • дыплом з апастылем і прысяжным перакладам
  • прыкладанне да дыплома з апастылем і прысяжным перакладам
  • атэстат з апастылем і прысяжным перакладам
  • даведка ад Міністэрства адукацыі РБ аб акрэдытацыі ВНУ і пераклад адзнак на 5-бальную сістэму з прысяжным перакладам
  • даведка ад Польскай нацыянальнай агенцыі акадэмічных абменаў (NAWA) аб акрэдытацыі беларускай ВНУ.

Акрамя таго, цягам двух тыдняў з дня падачы дакументаў кандыдат абавязаны аплаціць на рахунак універсітэту, дзе будзе здаваць экзамен, пошліну за працэдуру настрыфікацыі.

Настрыфікацыю можна не праходзіць, калі беларускі медык не мае намеру выкладаць у польскіх медычных універсітэтах і каледжах. З 1 студзеня 2021 года можна здаць медычны верыфікацыйны экзамен (LEW – Lekarski Egzamin Weryfikacyjny) у Цэнтры медычнай экспертызы ў Лодзі. Здача гэтага экзамену дае права працаваць лекарам, але не выкладаць у медычных навучальных установах. Для такога экзамену патрэбны толькі пераклад дыплому на польскую мову з апастылем і аплата пошліны.

Падобным чынам медыкам трэба пацвярджаць свае дыпломы ў іншых еўрапейскіх краінах.

Што з прызнаннем беларускіх дыпломаў у Літве і Украіне

З пагаднення з Беларуссю аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі ў 2022 годзе выйшла таксама Украіна. Адначасова былі ануляваныя пагадненні аб узаемным прызнанні вучоных ступеняў і супрацоўніцтве ў галіне атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі.

Двубой
Ці варта вучыцца ў беларускіх універсітэтах сёння. Баркоўскі vs. Сідорская
2023.09.06 17:35

Пацвярджаць дыплом беларусам трэба таксама ў Літве. Там ёсць два віды прызнання кваліфікацыяў – акадэмічны і прыкладны. За акадэмічным прызнаннем можна звяртацца ў Цэнтр ацэнкі якасці адукацыі, а таксама ў ВНУ, упаўнаважаныя міністрам адукацыі і навукі – Віленскі ўніверсітэт, Віленскі тэхнічны ўніверсітэт імя Гедыміна, Літоўскі ўніверсітэт медычных навук, Універсітэт імя Вітаўта Вялікага, Каўнаскі тэхналагічны ўніверсітэт і шэраг іншых, ці ў навуковую раду Літвы – яна займаецца прызнаннем замежных ступеняў доктара навук ці мастацтваў.

Прыкладное прызнанне дыплома азначае вызначэнне, ці адпавядае кваліфікацыя заяўніка патрабаванням да пэўнай прафесійнай дзейнасці ў Літве. Гэтае прызнанне неабходнае, калі заяўнік хоча здзяйсняць у Літве прафесійную дзейнасць.

У выпадку, калі прафесія ўваходзіць у спіс рэгламентаваных, рашэнне аб прызнанні прымае кампетэнтны орган. Каардынацыяй прызнання рэгламентаваных прафесійных кваліфікацыяў у Літве займаецца Міністэрства гаспадаркі Літвы. Калі прафесіі ў гэтым спісе няма, рашэнне аб працаўладкаванні прымае наймальнік.

Настрыфікацыя беларускіх дыпломаў спатрэбіцца таксама ў іншых краінах Еўразвязу, ЗША і іншых дзяржавах.

Юрыдычны і рэпутацыйны складнікі беларускага дыплому

Паводле палітычнага аналітыка, каардынатара экспертнай сеткі «Нашае меркаванне» Вадзіма Мажэйкі, уладальнікам беларускага дыплому сёння за мяжой давядзецца сутыкнуцца з двума аспектамі: юрыдычным і рэпутацыйным.

Юрыдычны тычыцца як раз афіцыйнага прызнання дзяржавамі, працэдуры настрыфікацыі, пра што была гаворка вышэй.

«Дзякуючы дамовам, якія існуюць у фармаце Саюзнай дзяржавы, амаль усе беларускія дыпломы не патрабуюць настрыфікацыі ў Расеі. Пацвярджэнне там можа спатрэбіцца медыкам, – кажа Вадзім Мажэйка. – Таксама прызнанне дыпломаў спрасціла Польшча, што досыць парадаксальна, улічваючы яе палярнае палітычнае стаўленне да Беларусі. Што тычыцца іншых краінаў, то ў кожнай ёсць свае падыходы да прызнання дыпломаў».

Рэпутацыйны бок датычыць стаўлення да беларускай адукацыі ў свеце.

«Усім вядома, што ў Беларусі ёсць вялізныя праблемы з вышэйшай адукацыяй, і што беларускія ўніверсітэты – гэта не Гарвард і не Кембрыдж. Разам з тым, па шчырасці, цяжка сказаць, што адразу бачны непараўнальна вышэйшы ўзровень адукацыі ў людзей, якія вучыліся па праграме Каліноўскага ў Польшчы ці ў ЕГУ ў параўнанні з тымі, якія скончылі беларускія ВНУ, – кажа эксперт. – Ну і большасць беларусаў, якія цяпер гавораць пра Беларусь і беларускую адукацыю, таксама гэтую адукацыю атрымлівалі, і, канешне, ніхто не зацікаўлены ў тым, каб сказаць, што беларуская адукацыя – гэта зусім нішто, і што я са сваім PhD, абароненым у Беларусі, на ўзроўні еўрапейскага сямікласніка. Канешне, не».

У той жа спадар Мажэйка зазначае, што ў Беларусі ніколі не навучалася вялізная колькасць студэнтаў з Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ці з ЗША. У нашых ВНУ вучацца грамадзяне Туркменістану, Шры-Ланкі, кітайскіх правінцыяў.

«Беларуская адукацыя параўноўваецца не з умоўным Кембрыджам, а з мясцовай у тых краінах, адкуль да нас едуць студэнты, і на гэтым узроўні беларуская адукацыя не такая кепская, калі, напрыклад, параўноўваць з тым жа Туркменістанам, дзе фактычна разбурылі ўсю сістэму вышэйшай адукацыі, і для іх мае сэнс дасылаць студэнтаў у Беларусь, – кажа аналітык. – Акрамя таго, для гэтых краінаў Беларусь досыць далёкая. І нашыя веды пра ўнутрыпалітычны працэс і сітуацыю з адукацыяй той жа Шры-Ланкі прыкладна ніякія. Тое самае ў жыхароў Шры-Ланкі. Калі мы ведаем пра іх, што гэта проста нейкая там Азія, то яны ведаюць пра нас, што мы проста нейкая Еўропа, і для іх гэта еўрапейскі дыплом, хай сабе і другасны, але еўрапейскі».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў