Лукашэнка больш не хоча бачыць у Беларусі польскіх студэнтаў ці не жадае, каб беларусы ехалі вучыцца ў Польшчу? Урад скасаваў пагадненне, падпісанае з Варшавай у 2005 годзе. Яно тычылася ўзаемнага прызнання вышэйшай адукацыі, навуковых ступеняў і ступеняў у галіне мастацтва.
«Гэта крок да далейшай самаізаляцыі. Кантраляваць і вабіць студэнтаў, каб яны заставаліся ў краіне ці каб вярталіся ў краіну тыя, хто атрымаў адукацыю за мяжой, гэтыя ўлады не могуць. Гэта такое прызнанне, што яны бяссільныя да маладога пакалення, што яны нічога з ім зрабіць не могуць», – упэўнены эксперт у галіне адукацыі і навукі Андрэй Лаўрухін.
Паводле разарванага Менскам Пагаднення, Беларусь і Польшча ўзаемна прызнавалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі і атэстаты сталасці, што давала права беларусам паступаць у польскія ВНУ, а палякам – у беларускія. Польскія навучальныя ўстановы прызнавалі здадзеныя ў Беларусі іспыты, залікі, практыку. Беларускі дыплом бакалаўра даваў права беларусу працягнуць вучобу ў польскай магістратуры, такія ж правы ў Беларусі мелі грамадзяне Польшчы. Дыпломы магістра давалі права вучыцца ў аспірантуры ізноў жа ж беларусам у Польшчы, а палякам – у Беларусі.
Апроч таго, беларусы са ступенню кандыдата навук мелі права на паступленне ў дактарантуру ў Польшчы.
У Польшчы чакаюць маладых беларускіх лекараў: для іх зрабілі палёгкі і на рынку працы. Але не толькі, кажа Андрэй Лаўрухін:
«Зразумела, што гэта айцішнікі, гэта тэхнікі, тыя, хто са спецыяльнасцямі навукова-тэхнічнымі. Менавіта таму, што вельмі шмат у еўрапейскіх краінах праблемаў з навучаннем фізікаў, хімікаў і гэтак далей».
Адметна, што колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы за апошнія гады значна павялічылася. Дынаміка відавочная. Калі ў 2015/2016 навучальным годзе там вучыліся крыху больш за чатыры з паловаю тысячы беларусаў, то праз пяць гадоў колькасць студэнтаў з нашай краіны вырасла ўдвая, а за апошні год – яшчэ на паўтары тысячы асобаў.
Чаму ўсё больш маладых беларусаў аддае перавагу замежнай, у гэтым выпадку польскай, адукацыі?
«Гэта таксама звязана менавіта з глабальным кантэкстам і з сітуацыяй пасля 2020 года, з пратэснай сітуацыяй і з узмацненнем рэпрэсіяў. У тым ліку ў сферы адукацыі. Ідзе адпаведная забарона на прафесію сярод выкладчыкаў, якасць адукацыі рэзка зніжаецца», – тлумачыць кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч.
Нягледзячы на тое, што рэжым у аднабаковым парадку разарваў пагадненне з Польшчай, Варшава ўсё роўна будзе прымаць беларускіх студэнтаў, упэўнены эксперт Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Рыгор Ніжнікаў:
«Польшчы патрэбная працоўная сіла, гэтая патрэба нават з хвалямі ўкраінскай і беларускай міграцыі не спынілася, таму Польшча зробіць крокі, каб у аднабаковым парадку прызнаваць беларускія дыпломы».
Да таго ж нашыя эксперты адзначаюць: попыт на атрыманне адукацыі за мяжой у беларускім грамадстве расце перадусім праз дзеянні рэжыму Лукашэнкі.
Алесь Яшчанка, «Белсат»