Рух на пункце пропуску беларуска-літоўскай мяжы спынілі з увагі на мігранта


Літва закрыла пункт пропуску «Мядзінінкай» на мяжы з Беларуссю з увагі на мігранта, які спрабаваў трапіць у краіну з падробленымі дакументамі. Назад у Беларусь яго не пусцілі, і ён лёг на дарогу, паведамілі «Белсату» ў літоўскай Службе аховы мяжы.

Грамадзянін Пакістана на беларуска-літоўскай мяжы. Скрыншот з відэа: gpkgovby / Telegram

У Службе аховы мяжы Літвы «Белсату» пацвердзілі інфармацыю пра закрыццё пункту пропуску «Мядзінінкай – Каменны Лог» з увагі на мігранта. Беларускія памежнікі не пускаюць мужчыны назад, і ён паклаўся на дарогу.

«Часова перакрыты рух з прычыны інцыдэнту на мяжы. Беларускі бок не прымае назад пакістанца з падробленымі дакументамі. Ён лёг на дарогу, таму рух перакрыты», – сказалі ў ведамстве.

Раней у тэлеграм-чатах, прысвечаных сітуацыі на мяжы, пісалі, што пераход закрылі акурат з увагі на мігранта, якога не пусцілі ў Літву і потым не далі вярнуцца ў Беларусь.

Грамадзянін Пакістана на беларуска-літоўскай мяжы. Скрыншот з відэа: gpkgovby / Telegram

Рух на гэтым пункце на мяжы спынілі а 13-й гадзіне паводле менскага часу, паведаміў раней Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі. Ведамства ўсклала на літоўскі бок «усю адказнасць за пагаршэнне сітуацыі на мяжы і ўтварэнне чэргаў» і паведамілі, што замежнік перасякаў беларускую мяжу ў Літву па сваіх сапраўдных дакументах.

«Падкрэсліваем, што беларускі бок гатовы ажыццяўляць пропуск асобаў і транспарту. Уся адказнасць за абвастрэнне абстаноўкі на мяжы і ўтварэнне чэргаў ляжыць на літоўскім баку», – заявіў Дзяржпагранкамітэт, нічога не сказаўшы пра прычыны.



Пазней у беларускім ведамстве распавялі, што 7 ліпеня пры ўездзе ў Літву ў пункце пропуску Мядзінінкай грамадзянін Пакістана прад’явіў літоўскім памежнікам падроблены дакумент адной з краін ЕЗ. «Літоўскі бок паспрабаваў выправадзіць пакістанца ў Беларусь, аднак ён адмовіўся пакідаць Літву і застаўся ў літоўскага пагранстаўба», – заявіў беларускі бок.

Грамадзянін Пакістана на беларуска-літоўскай мяжы. Скрыншот з відэа: gpkgovby / Telegram

Выданне «Зеркало» са спасылкай на паведамленні ў чатах па перасячэнні мяжы піша, што на пагранпераходзе Мядзінінкай адноўлены пропуск аўтобусаў, аднак пакуль што толькі з літоўскімі нумарамі. Што цяпер з замежнікам – не паведамляецца.

Hавiны
Беларускі памежны камітэт паведаміў пра закрыццё Літвою пункту пропуску «Мядзінінкай»
2023.07.08 15:23

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў