Джо Байдэн: Мы мусім спыніць Пуціна


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выступіў са штогадоваю праграмнаю прамоваю (State of the Union), частку якой прысвяціў расейскаму лідару Уладзіміру Пуціну і вайне ва Украіне, а таксама крытыцы выказванняў Доналда Трампа наконт NATO.

Джо Байдэн
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Вашынгтон, ЗША. 13 лютага 2024 года.
Фота: Cameron Smith / The White House / Facebook

«Мой папярэднік, былы прэзідэнт-рэспубліканец, кажа Пуціну, што той можа рабіць, што яму заманецца. Я думаю, гэта абуральна, гэта небяспечна і гэта непрымальна!» – цытуе Байдэна Бі-Бі-Сі.

Байдэн меў на ўвазе заяву Доналда Трампа ў лютым падчас мітынгу ў Паўднёвай Караліне. Былы амерыканскі прэзідэнт і імаверны кандыдат на выбарах 2024 года рэзка раскрытыкаваў саюзнікаў з NATO і паабяцаў, што Злучаныя Штаты не стануць абараняць іх ад Расеі, калі чальцы Альянсу не будуць выконваць сваіх фінансавых абавязкаў перад Альянсам (маюцца на ўвазе выдаткі на абарону, не меншыя за 2 % ад ВУП). «Не, я не стаў бы вас абараняць. Насамрэч я заахвочваў бы іх [Расею] рабіць усё, чаго яны, трасца, захочуць», – заявіў тады Трамп.

Байдэн адразу назваў заяву Трампа «бязмозглай і безадказнаю».

«Мы мусім спыніць Пуціна! – заявіў Байдэн падчас штогадовай прамовы ў Кангрэсе ЗША. – Калі Злучаныя Штаты кінуць Украіну, Украіна апынецца ў небяспецы, Еўропа апынецца ў небяспецы, свет апынецца ў небяспецы.

Я хачу сказаць прэзідэнту Пуціну адну простую рэч: мы не кінем саюзнікаў. Мы не схілімся. Я не схілюся!»

Байдэн ізноў звярнуўся да Палаты прадстаўнікоў ЗША з заклікам ухваліць вылучэнне дадатковых сродкаў для Украіны, каб яна магла супрацьстаяць Расеі, піша «The Washington Post».

«З часоў прэзідэнта Лінкальна і грамадзянскай вайны свабода і дэмакратыя не зазнавалі нападаў тут, удома, як сёння. Што робіць наш момант рэдкім, дык гэта тое, што свабода і дэмакратыя застаюцца пад атакай як удома, гэтак і за мяжой адначасова», – адзначыў Байдэн.

Аналітыка
Барацьба за новы сусветны парадак. Аналізуем геапалітычныя працэсы 2023 года
2023.12.29 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў