Аляксей Данілаў: Расея прапануе падзяліць Украіну паводле карэйскага сцэнара


Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў заявіў у інтэрв’ю падчас тэлемарафону, што Расея хоча прапанаваць карэйскі варыянт перамірʼя – падзяліць Украіну паводле аналогіі з «38-й паралеллю».

Аляксей Данілаў.
Фота: president.gov.ua

«Нам цяпер прапануюць карэйскі варыянт. Так званая ўмоўная 38-ая паралель. Вось тут – такія ўкраінцы, а тут – не такія ўкраінцы… Дакладна ведаю, што адзін з варыянтаў, якія яны могуць нам прапаноўваць, – гэта «38-ая паралель», – сказаў Аляксей Данілаў падчас тэлемарафону.

Сакратар РНБА меў на ўвазе паралель, паводле якой падзеленыя Паўночная і Паўднёвая Карэі.

Данілаў адзначыў, што нядаўна меў размову з прадстаўнікамі Паўднёвай Карэі, якія лічаць цяпер, што такі падзел дзяржавы быў «вялікай памылкай».

«Яны лічаць, што тады была зробленая вялікая памылка, калі пайшлі на саступкі, пагадзіліся з тым, што трэба дзеля захавання… Сёння ў іх праблемы», – дадаў Аляксей Данілаў.

Паводле Данілава, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Расеі Дзмітрый Козак сустракаецца з адстаўнымі палітыкамі ў Еўропе. Акурат праз іх ён перадае лідарам еўрапейскіх краінаў пасланне аб тым, што Расея гатовая пайсці на саступкі, каб зафіксаваць цяперашні статус-кво і змусіць Украіну да замірэння.

Паводле 38-й паралелі праходзіць дэмілітарызаваная зона паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй. Такая мяжа была вынікам пагаднення аб перамірʼі ў 1953 годзе. Пры гэтым мірнае пагадненне паміж Паўднёвай Карэяй і КНДР дагэтуль не падпісанае.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў