Я быў на слуханнях Каардынацыйнай рады і на канферэнцыі «Новая Беларусь». Вось што я пра гэта думаю


Прыхільнікі дэмакратычных зменаў не перамаглі і не маюць сродкаў для перамогі. Яны робяць, што могуць, і гэта добра. Ад іх чакаюць значна большага, але тыя, хто чакаюць, далёка не заўсёды гатовыя пайсці на нешта акрамя скандалу. Сітуацыя – адстой, але ўражанні ад пабачанага і пачутага ў першыя дні жніўня ў мяне пазітыўныя: магло быць горш.

Канферэнцыя «Новая Беларусь»
Від з месца, на якое мне давялося перасесці, калі сябра Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова заняла маё месца, не заўважыўшы заплечнік пад крэслам (не крыўдую). Канферэнцыя «Новая Беларусь». Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Алесь Наваборскі / Белсат

Усім зразумела, што за апошнія тры гады сітуацыя ў Беларусі значна пагоршылася, што дэмакратычныя сілы не зрынулі рэжым Аляксандра Лукашэнкі і не стварылі яму сур’ёзных пагрозаў, не прыдумалі, як вызваліць палітвязняў або дамагчыся перамоваў. Таксама відавочна, што слуханнямі і канферэнцыямі Дразды не возьмеш.

«Ви найкраще, що є в цьому світі. Просто крім вас тут нічого немає»

Гэтыя радкі ў мяне ў навушніках спяваў украінскі цынічны гуманіст Сяргей Жадан, калі я ехаў на канферэнцыю «Новая Беларусь» пасля таго, як чатыры дні асвятляў слуханні Каардынацыйнай рады чальцоў Аб’яднанага пераходнага кабінету (дзень першы, другі, трэці, чацвёрты).

Праціўнікі Лукашэнкі падзяліліся (на жаль ці на шчасце) на два лагеры. Адзін лагер – вакол офісу выбранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінету і Каардынацыйнай рады. Яны нярэдка крытыкуюць адзін аднаго, часам кепска камунікуюць і гуляюць у «сапсаваны тэлефон», часам між сабою сварацца, не ўмеюць даводзіць да нейкага выніку выкрыкі «Ты хлусіш!» (пасля некалькіх ітэрацый «не, ты» – «не, ты» не становіцца вядома, хто ж хлусіў). Тым не менш гэты лагер здольны дамагацца пэўных вынікаў, па якіх можна даць справаздачы і выказаць контраргументы на абвінавачванні.

Другі лагер – «апазіцыя да апазіцыі». Яго цяжка назваць аб’яднаным ці актыўным. Калі ў «Форуму дэмакратычных сілаў» Валерыя Цапкалы ёсць нешта акрамя «мы напісалі заяву/пост/ліст», папраўце мяне. І не кажыце, што намінаванне «Нашага дому» на Нобэлеўскую прэмію міру не выклікала ў вас усмешку. Зянон Пазняк ужо і не згадвае, што ствараў часовы Нацыянальны ўрад, а анансаваная «Рада бяспекі» Пазняка і палка Каліноўскага так і не запрацавала. Рада БНР існуе, але больш пра яе мне няма чаго сказаць.

Дзеля справядлівасці: і ў першым лагеры ёсць тыя, каму няма чым пахваліцца: прадстаўнік штабу Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў так і не адказаў на пытанне вядоўцы канферэнцыі, што штаб зрабіў за год.

«Калі ж вы ўжо аб’яднаецеся?»

Гэта адзін з мэсэджаў, які на канферэнцыі «Новая Беларусь» даносіў прадстаўнік палка Каліноўскага Павел Кухта: вы спачатку аб’яднайцеся, а мы пасля паглядзім. Ды даносіў так, што сам прасіў прабачэння за малы досвед публічных выступаў. Шэраг ягоных заяваў зала сустракала смехам: выглядае, што ёсць нямала людзей, перакананых у тым, што якраз полк Каліноўскага не хоча ні з кім супрацоўнічаць (дарэчы, полк сам перанёс раскол, на адрас яго не раз гучала жорсткая крытыка былых байцоў).

Адным з двух раней агучаных пажаданняў палка да Ціханоўскай была дапамога палку, але на канферэнцыі са словаў Кухты высветлілася, што якраз у марафоне збору дапамогі палку няма патрэбы. Чаго ж полк хоча, зразумела не стала – але добра, што на кава-паўзе Кухта прынамсі паразмаўляў з прадстаўніком Кабінету ў нацыянальнай абароне Валерыем Сахашчыкам.

«Аб’яднаць усіх нерэальна, аб’яднаць большасць рэальна, і мы ўсё ж аб’яднаныя», – адказваў Кухту Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Кабінету і прадстаўнік Кабінету па транзіце ўлады, а таксама лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Каму ёсць чым пахваліцца, тыя пераважна ў першым лагеры. У другім лагеры рэальныя дасягненні могуць паказаць хіба той самы полк Каліноўскага і Кіберпартызаны (якія падтрымліваюць полк Каліноўскага, але не выступаюць адкрыта супраць першага лагеру). Дарэчы, дасягненні палка на полі бою ва Украіне з Беларуссю звязаныя пакуль толькі ўскосна, ды й гэта не адзінае аб’яднанне беларускіх ваяроў ва Украіне, пра што «забывалі» некаторыя фанаты палка на канферэнцыі.

Канферэнцыя «Новая Беларусь»
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Валерый Сахашчык, прадстаўніца Кіберпартызанаў Юліяна Шаметавец і прадстаўнік палка Каліноўскага Павел Кухта падчас кава-паўзы. Канферэнцыя «Новая Беларусь». Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Алесь Наваборскі / Белсат

Дэмакратычныя сілы і так спрабуюць скокнуць вышэй за галаву, часам гэта нават выходзіць

Як выканаць асноўныя пункты праграмы Ціханоўскай яшчэ 2020 года (а гэта спыненне рэпрэсіяў, вызваленне палітвязняў і правядзенне свабодных і справядлівых выбараў), пакуль ніхто не прыдумаў. Стратэгія дэмакратычных сілаў цяпер такая: рабіць, што атрымліваецца, гартаваць сілы і чакаць чароўнага «акна магчымасцяў».

Але тое-сёе дэмакратычныя сілы вырашаюць, кожнаму з «міністраў» Кабінету было чым пахваліцца перад «протапарламентам». Праўда, «міністр замежных справаў» Валер Кавалеўскі наракаў, што шмат дасягненняў гучаць як «прадухілілі горшае»: там беларусаў не пазбавілі відаў на жыхарства, там рэжыму Лукашэнкі не зрабілі палёгкі ў санкцыях, там ратуюць беларускія ліцэі… Яшчэ шмат дасягненняў – «распачалі», «рыхтуем», «распрацоўваем».

Хочацца верыць, што адно дасягненне, звязанае з тым самым Кавалеўскім, я змагу памацаць рукамі ўжо ў наступным годзе: «пашпарт Новай Беларусі». Дакумент для тых, хто не можа аднавіць пашпарт Рэспублікі Беларусь або з этычных прычынаў не хоча карыстацца пашпартам з дзяржаўнай сімволікай, калі верыць Кавалеўскаму, цалкам могуць прызнаць Еўракамісія і шэраг нацыянальных урадаў. Такога «пашпарту дыяспары», які прызнавалі б шматлікія краіны, сапраўды яшчэ ніхто не рабіў. Калі атрымаецца, гэта будзе той самы «скачок вышэй за галаву».

Прадстаўнікі Кабінету называлі і іншыя дасягненні. Але галоўнае, як мне здаецца, такое: Беларусь упершыню мае альтэрнатыву Лукашэнку, якую сур’ёзна ўспрымаюць на Захадзе, мае актыўны ўрад у выгнанні (які не любіць, калі яго так называюць) і мае «протапарламент», які вучыцца цывілізаваным дыскусіям, і ўсе яны разам шукаюць шляхі вырашэння галоўных праблемаў. Не ўпэўнены, што магло быць лепш, але дакладна магло быць горш (перадаю прывітанне расейскай апазіцыі).

Hавiны
Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» прэзентавалі альтэрнатыўны беларускі пашпарт
2023.08.06 18:54

«Міністра ўнутраных справаў» недазвольнілі, і гэта, можа, найлепшае з горшых рашэнняў

Праблемы ў прадстаўніка Кабінету па аднаўленні правапарадку Аляксандра Азарава, паводле яго, пачаліся з таго, што можна лічыць ягоным «скачком вышэй за галаву»: з атакі на расейскі «лятучы радар», самалёт А-50 у Мачулішчах. Ён сцвярджае, што пасля гэтага замежныя партнёры пазбавілі BYPOL фінансавання, у супрацоўнікаў пачаліся прэтэнзіі па заробках, якія выліліся ў канфлікт пасля таго, як частка супрацоўнікаў адмовілася праходзіць занадта жорсткі «дэтэктар хлусні».

Нашая праблема з гэтым у тым, што мы пакуль не ведаем, праўда гэта ці не. Аўдыт Каардынацыйнай рады завершыцца не раней за 20 жніўня, а галасаванне па даверы Азараву завяршылася 6-га: мандат рэкамендавалі не працягваць. Да апошняга моманту ніхто на канферэнцыі не ведаў, якое рашэнне прыме Ціханоўская,  хадзілі чуткі, што рашэнне па Азараве яна перанясе на пазнейшы тэрмін.

Урэшце Ціханоўская вырашыла: Азарава звольніла з пасады, але пакінула пры Кабінеце адказным за план «Перамога». То значыць, не стала пярэчыць «протапарламенту», але абвясціла выбары ў Каардынацыйную раду ўзімку. Здаецца, мала хто на гэта звярнуў увагу, але будзь гэта ў «нармальнай» краіне, гэта гучала б так: у адказ на вотум недаверу міністру прэзідэнтка пагадзілася і звольніла міністра, але абвясціла, што распускае парламент. Рашэнне мо не самае элегантнае, але даволі звычайнае для дэмакратычных краінаў. Ды ўявіце: беларускі ўрад трымае справаздачу перад парламентам, і парламент – не «гэта не месца для дыскусіяў»!

Святлана Ціханоўская з Франакам Вячоркам і Аляксандрам Азаравым у кулуарах канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Шмат што ўпіраецца ў адсутнасць грошай і людзей

Праблема можа абвастрыцца: у Кабінеце адкрылася вакансія «міністра ўнутраных справаў», а вакансія «міністра фінансаў» застаецца адкрытая з 2 лістапада 2022 года пасля сыходу Таццяны Зарэцкай. Ці знойдзецца хтосьці на месца Азарава, невядома, але тое, што дагэтуль не знайшлося кагосьці на месца Зарэцкай, замінае Кабінету працаваць эфектыўна. Пра гэта казаў ці не кожны «міністр» на справаздачах: яны нават не могуць дазволіць сабе наняць дастатковую колькасць памочнікаў, бо Кабінет як з’яву не фінансуюць, а фінансаванне даюць на асобныя праекты.

На канферэнцыі большасць наведнікаў і гледачоў прагаласавала за тое, што галоўны прыярытэт дэмакратычных сілаў – гэта дапамога палітвязням, але на нядаўнім марафоне дапамогі палітвязням свае грошы на гэтыя мэты ахвяравалі 11 тысяч чалавек з 9 мільёнаў беларусаў. Сабраная сума – 575 тысяч еўра – уражвае да таго моманту, пакуль «міністарка сацыяльнай абароны» Вольга Гарбунова не выцвярожвае: такая сума для паўнавартаснай падтрымкі палітвязняў і іхных сем’яў, а таксама рэабілітацыі рэпрэсаваных, патрэбная прынамсі штомесяц. Падзяліце суму на колькасць палітвязняў. А гэта толькі на падтрымку – не на вызваленне, які б сцэнар гэтага вызвалення не выбралі.

А колькі мы гатовыя «скінуцца» на ўрад у выгнанні або на вызваленчае войска? Была ідэя збіраць добраахвотныя падаткі праз мабільную праграму «Новая Беларусь». Ды сузаснавальнік праекту Павел Лібер некалі наракаў: праграму ўсталявалі толькі пару дзясяткаў тысяч чалавек (вось яна ў Google Play Store і Apple App Store), шмат яны не ахвяруюць. На канферэнцыі Лібер казаў: вось за ягонай спінай на экране просьбы гледачоў зрабіць нешта з шэнгенскімі візамі для беларусаў, але гэтыя просьбы не перарастаюць у масавае беларускае лобі за мяжою. «Новая Беларусь – гэта людзі і іхнае асэнсаванне, што Новая Беларусь гэта іхная персанальная адказнасць», – рэзюмаваў Лібер.

Канферэнцыя «Новая Беларусь»
Звярніце ўвагу на рэплікі 2, 3 і 4. Канферэнцыя «Новая Беларусь». Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Алесь Наваборскі / Белсат

У час канферэнцыі на згаданы экран выводзіліся і іншыя заўвагі і прапановы гледачоў. Сярод іх было шмат нараканняў на тое, што Лукашэнка застаецца ва ўладзе, а колькасць палітвязняў толькі расце. А калі вы скінеце Лукашэнку? Дзе вашая стратэгія па змене ўлады? На тую ж тэму некаторыя пытанні з залі. Аж згадвалася, як у «траваядныя» часы пыталі, дзе ў партыяў праграмы, калі тыя праграмы віселі на сайтах партыяў. Можа, на наступнай канферэнцыі трэба вылучыць асобны дзень для «выпускання пáры»?

Цяпер нямала людзей кажа, што застаўся толькі сілавы сцэнар. Гэта нават ставілі ў віну Кабінету, што той займаецца яшчэ нечым, калі ўсе сілы трэба кідаць на вызваленчае войска. Ды з гэтым – тая ж праблема з фінансамі і людзьмі. Ва Украіне ваюе хіба тысяча-другая беларусаў сумарна ва ўсіх падраздзяленнях, што наўрад ці больш за колькасць узброеных людзей, гатовых бараніць Лукашэнку.

Заходнія партнёры не далі на вызваленне Беларусі ніводнага «Леапарду», ніводнага «Джавеліну», і, калі верыць Азараву, пазбавілі BYPOL фінансавання за надта дзёрзкую атаку. Тут пагаджуся з Сахашчыкам: прынамсі з цяперашнімі сродкамі і ў цяперашняй сітуацыі сілавы сцэнар да дабра не давядзе, трэба іншая сітуацыя ці больш сродкаў. Хочацца верыць, што калі не полк Каліноўскага, то прынамсі Сахашчык і іншыя фармаванні шукаюць пашырэння сродкаў.

Канферэнцыя «Новая Беларусь»
Ахвочыя нешта спытаць – або пасварыцца, тут я не ўпэўнены. Канферэнцыя «Новая Беларусь». Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Алесь Наваборскі / Белсат

Беларусы ў сваёй масе, здаецца, чакаюць «план Картмана»

Такое уражанне, што суайчыннікі хацелі б убачыць план з тэкстам у паўтвіта, які б даваў простую і бяспечную схему гарантаванай перамогі. У 2020 годзе, як мне здаецца, шмат народу зрэагавала на простую ідэю Віктара Бабарыкі: мы пойдзем на выбары, і калі большасць прагаласуе супраць Лукашэнкі, выбары немагчыма будзе сфальсіфікаваць. Гэта часткова спрацавала: вось мы маем выбраную прэзідэнтку і доказы таго, што яна перамагла ў першым туры. Ды просты план меў хібу: не хапіла пункту аб тым, як эфектыўна абараніць вынікі выбараў, калі ўзброеныя людзі захочуць па гэтых выніках патаптацца.

Не падумайце, што гэта «victim blaming»: проста маем, што маем, такі мы народ, чакаем простага рашэння, не гатовыя ўкладвацца ў няпростае, не хочам грамадзянскай вайны. А пакуль няма ўсенародна падтрыманага «плану Картмана», добра, што ёсць хоць бы пляцоўкі, дзе такі план могуць напісаць, і дасягненні без масавай падтрымкі справамі і грашыма.

Эрык Картман – персанаж мультсерыялу «South Park», вядомы любоўю да простых планаў, якія часцей за ўсё не спрацоўваюць

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў