Беларускую арганізацыю «Наш дом» прапануюць на Нобэлеўскую прэмію міру


Міжнароднае бюро міру абвесціла, што прапануе на Нобэлеўскую прэмію міру 2024 года тры арганізацыі, якія адстойваюць права на адмову ад вайсковай службы паводле матываў сумлення. Сярод іх – беларускі «Наш дом».

Вольга Карач, дырэктарка арганізацыі «Наш дом».
Фота: Ольга Карач / Facebook

На Нобэлеўскую прэмію міру таксама вылучаць «Движение сознательных отказчиков от военной службы» з Расеі і Украінскі пацыфісцкі рух.

Рашэнне вылучыць гэтыя тры арганізацыі – сведчанне іх непахіснай адданасці справе адстойвання права на адмову ад вайсковай службы з меркаванняў сумлення ды прасоўвання правоў чалавека і міру ў сваіх краінах, гаворыцца ў заяве Міжнароднага бюро міру.

«Нават перад абліччам эскалацыі пагроз тры рухі настойваюць на сваёй прыхільнасці дапамагаць людзям, якія супраціўляюцца вайне і мабілізацыі. Мы цвёрда верым, што гэтыя арганізацыі – найбольш вартыя кандыдатаў на гэтае прэстыжнае прызнанне», – гаворыцца ў заяве бюро.

Таксама адзначаецца, што актывісты «прадэманстравалі беспрэцэдэнтную дасканаласць і самаадданасць у сваіх намаганнях, нягледзячы на значную стыгматызацыю, з якой сутыкнуліся з пачатку вайны ва Украіне».

Міжнароднае бюро міру – інтэрнацыянальны рух, заснаваны ў 1891 годзе. Ён прасоўвае ідэю пацыфізму.

Уручэнне Нобэлеўскай прэміі міру. На здымку – Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага. Осла, Нарвегія. 10 снежня 2022 года.
Фота: Белсат

Арганізацыя «Наш дом», якую ўзначальвае Вольга Карач, падкрэсліла, што рашэнне Міжнароднага бюро міру – знак прызнання антываеннай дзейнасці і дапамогі беларусам, якія адмаўляюцца ад службы з меркаванняў сумлення.

Летась «Наш дом» абвясціў кампанію «НЕ значыць НЕ» дзеля таго, каб беларускае войска не было ўцягнутае ў вайну ва Украіне. Праваабаронцы дапамагаюць беларусам, якія не хочуць ісці ў войска і не хочуць ваяваць ва Украіне, гаворыцца ў паведамленні арганізацыі.

Летась Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, а таксама расейскі праваабарончы цэнтр «Мемарыял» і ўкраінскі Цэнтр грамадзянскіх свабодаў.

У 2021 годзе былі ўзнагароджаныя галоўны рэдактар расейскай «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў і філіпінская журналістка Марыя Рэса (Maria Ressa).

Hавiны
Больш за 100 нобэлеўскіх лаўрэатаў заклікалі вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага
2023.05.21 16:29

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў