Дэйвід Кэмэран: Украіна мае права наносіць удары брытанскай зброяй па тэрыторыі РФ


Міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран паабяцаў перадаць Украіне вайсковую дапамогу на тры мільярды фунтаў стэрлінгаў і дадаў, што ягоная краіна не выступае супраць таго, каб зброя выкарыстоўвалася на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Пра гэта палітык заявіў падчас прыезду ў Кіеў 2 траўня, піша «Reuters».

Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі падчас наведвання Кіева. 2 траўня.
Фота: Thomas Peter / Reuters / Forum

Паводле словаў Дэйвіда Кэмэрана, Украіна мае права наносіць удары па расейскай тэрыторыі брытанскай зброяй.

«Украіна мае такое права. Расея наносіць удары па ўкраінскай тэрыторыі, і цалкам зразумела, што Украіна адчувае неабходнасць абараняцца», – адзначыў брытанскі дыпламат.

Таксама кіраўнік брытанскага МЗС паабяцаў, што Кіеў будзе атрымліваць штогадовую вайсковую дапамогу ад Вялікай Брытаніі на тры мільярды фунтаў стэрлінгаў (каля 3,7 мільярда долараў), але пры гэтым адзначыў, што пакуль што запасы вайсковай тэхнікі, якія можна было б перадаць ва Украіну, вычарпаныя.

«Мы сапраўды вычарпалі ўсё, што маглі, з пункту гледжання тэхнікі і зброі», – адзначыў Дэйвід Кэмэран.

Нагадаем, што кіраўнік NATO Енс Стольтэнбэрг падчас наведвання Кіева 29 красавіка заявіў, што чальцы Альянсу не выканалі абяцанняў наконт вайсковай дапамогі Украіне ў апошнія месяцы, але сказаў, што плынь зброі і боепрыпасаў зараз павялічыцца.

Пасля доўгіх узгадненняў Кангрэс ЗША ўхваліў пакет дапамогі Украіне на больш чым 60 мільярдаў долараў, які быў падпісаны прэзідэнтам Джо Байдэнам.

Пасля няўдалага контрнаступу ўкраінскіх войскаў армія РФ перахапіла ініцыятыву на фронце. Адная з прычынаў – нястача зброі і боепрыпасаў, пра што ўвесь час кажа ўкраінскае камандаванне.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў