Няма звестак пра Севярынца, гомельскі суд б'е рэкорды. Хроніка пераследу 7 ліпеня


Лукашэнкаўскі рэжым працягвае здзекавацца над палітвязнямі, затрымліваць, судзіць і кідаць у ізалятары і турмы невінаватых людзей. Рэпрэсіі не спыняюцца. У аглядзе «Белсату» – факты пераследу, пра якія стала вядома 7 ліпеня.

Павел Севярынец на судзе.
Фота: radiosvaboda / Telegram

Палітвязня Паўла Севярынца павінны былі перавесці са шклоўскай калоніі № 17 у турму, але пра яго няма ніякіх звестак ужо два тыдні. Як лічыць маці палітвязня Таццяна Севярынец, Паўла перад этапам маглі кінуць у ШІЗА калоніі, дзе яшчэ ў красавіку яго паставілі на ўлік як злоснага парушальніка рэжыму. Пакуль што сваякі Паўла Севярынца не маюць ніякай інфармацыі, паведамляла сёння «Віцебская Вясна».

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу перавялі ў калонію ў Зарэччы. Да гэтага яе двойчы судзілі за «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі». Асуджанай да трох з паловай гадоў калоніі дадалі яшчэ адзін год. Палітзняволеная правяла каля 100 дзён у штрафным ізалятары і паўгода ў ПКТ. Жанчына некалькі разоў трымала галадоўкі, праз што ў палітзняволенай двойчы здараўся сардэчны прыступ. 22 чэрвеня жанчыну этапавалі з гомельскага СІЗА-3 у жаночую калонію № 24.

Суд Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску вынес прысуд палітвязню Сяргею Франчуку – стрыечнаму брату прадстаўніка палка Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Гэтым разам Франчука судзілі за абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Вырак – 6 месяцаў калоніі. Гэта ўжо другі прысуд, вынесены Франчуку. Першы – тры гады калоніі агульнага рэжыму, быў агучаны 27 красавіка 2023 года Менскім гарадскім судом.

Hавiны
Палітвязня Сяргея Франчука судзілі яшчэ раз – дадалі паўгода калоніі
2023.07.07 18:32

7 ліпеня стала таксама вядома пра прысуд культурніцкаму актывісту і палітвязню Андрэю Прымаку: за рэгістрацыю ў «плане Перамога» менчука асудзілі на чатыры гады калоніі. Андрэй Прымака быў затрыманы 12 студзеня 2023 года.

Берасцейскі абласны суд ужо паўтара месяца разглядае справу 40-гадовага лекара з Баранавічаў Валерыя Хаменкі. Лекара брыгады інтэнсіўнай тэрапіі станцыі хуткай дапамогі абвінавачвалі ў рэабілітацыі нацызму (ч. 1 арт. 130-1 КК). Як даведаліся праваабаронцы, на судзе 5 ліпеня пракурорка ўдакладніла абвінавачванне.

Цяпер яно гучала так: «Хаменка распальваў варожасць у дачыненні да расейцаў і жыхароў Расеі шляхам публікацыі рэпостаў і каментароў». Валерыю выставілі абвінавачанне паводле ч.1 арт. 130 КК (Распальванне варожасці).

Крымінальную справу завялі супраць жыхара Наваполацку Іллі Двойрына. Ён нібыта абліў фарбай машыну крымскага прыхільніка Расеі Сяргея Юдаева, які прыехаў у Беларусь на аўтамабілі з вялікай літарай «Z». Затрымлівалі таксама сына нявестку, жонку і брата Двойрына. Сам Ілля зараз за кратамі ў віцебскім СІЗА.

Праваабаронцы паведамлялі таксама сёння, што суд Чыгуначнага раёну Гомля пабіў усе рэкорды: за адно пасяджэнне там прызналі «экстрэмісцкімі» ажно 105 старонак у інтэрнэце. Гаворка пра чаты дыяспараў, гістарычныя тэлеграм-каналы, старонкі СМІ, асабістыя профілі ў сацсетках і нават Linkedin-старонкі. Агульны спіс займае 13 старонак.

Памятны крыж быў на тэрыторыі касцёлу Святога Роха на Залатой Горцы ў Менску. Яго ўсталявалі ў памяць пра ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, загінулага ў нацысцкім канцлагеры ў Трасцянцы. Помнік знеслі «дзякуючы высілкам камуністычнай партыі Беларусі».

Hавiны
«Дзякуючы высілкам камуністычнай партыі». У Менску прыбралі крыж памяці святара Вінцэнта Гадлеўскага
2023.07.07 16:57

Напрыканцы – пра вызваленне. 7 ліпеня стала вядома, што былы палітвязень Рамуальд Улан – заснавальнік і выдавец «Новай газеты Смаргоні», выйшаў на волю пасля 7 сутак арышту. У студзені 2021 года ён быў асуджаны да на два з паловай гады «хіміі». Рамуальд быў вызвалены па амністыі, але пасля выхаду на свабоду Улана двойчы затрымлівалі.

Агулам ён адбыў 10 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Hавiны
Кубінцу Рабэрту Касануэву, якога дэпартавалі з Беларусі, адмовілі ў статусе ўцекача ў Літве
2023.07.07 22:09

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў