Менскі абласны суд 7 траўня вынес вырак у крымінальнай справе тэлеграм-каналу «Армия с народом». Пра гэта паведамляе карэспандэнт «Белсату».
На лаве падсудных былі давераная асоба Святланы Ціханоўскай падчас прэзідэнцкіх выбараў Антаніна Канавалава, палітычны актывіст незарэгістраванай партыі «Народная грамада» Сяргей Спарыш і ўдзельнікі тэлеграм-каналу «Армия с народом» Сяргей Ярашэвіч, Сяргей Коршун і Яўген Прывалаў. Іх усіх затрымлівалі ў розны час.
Палітычным вязням далі тэрміны, якія 4 траўня прасіў пракурор:
Такія выракі вынес суддзя Сяргей Епіхаў.
На абвяшчэнне прысуду падтрымаць палітычных вязняў прыйшлі больш за 30 асобаў. Але ў самую залу пусцілі толькі блізкіх сваякоў. Чакаць выраку ў фае засталіся таксама журналісты.
Парадак у судзе ахоўвалі міліцыянты ў форме і ў цывільным.
«Нікому нічога не зменшылі. Як пракурор патрабаваў, столькі і далі. Пры тым, што нават не было падставаў для таго, каб справу заводзіць. Падставаю было тое, што яны нібыта хадзілі і навучалі. Але не было звестак нават, каго яны навучалі. Каго яны навучалі змагацца з праваахоўнымі органамі? Паветра? Ці не кажа гэта, што справа сфабрыкаваная?» – задалася ў каментары «Белсату» родная аднаго з асуджаных.
Сяргея Спарыша затрымалі яшчэ да выбараў – 25 чэрвеня 2020 года – у межах адміністратыўнай справы за ўскладанне кветак на Вайсковых могілках у Менску 8 траўня. Пасля супраць яго пачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК.
У ліпені затрымалі былога міліцыянта Сяргея Коршуна, які быў удзельнікам тэлеграм-каналу «Армия с народом». 6 верасня затрымалі Антаніну Канавалаву, а праз месяц – ейнага мужа Сяргея Ярашэвіча, які таксама быў удзельнікам згаданага тэлеграм-каналу. У сужэнцаў двое дзяцей – чатырох і шасці гадоў, з якімі маці Антаніны тэрмінова выехала за мяжу.
Яўген Прывалаў – адзіны фігурант справы, які не быў пад вартай, і адзіны, хто часткова прызнаў сваю віну. Сяргея Спарыша выдалілі з залы суда.
Актывістаў абвінавацілі ў рыхтаванні да ўдзелу ў масавых беспарадках, у рыхтаванні беспарадкаў, а Спарыша таксама ў перашкодзе працы Цэнтрвыбаркаму.
Паводле звестак «Вясны», іх вінавацілі ў выкарыстанні для арганізацыі масавых беспарадкаў тэлеграм-каналаў і YouTube, у тым ліку і тэлеграм-каналу «Армия с народом», змяненні сваіх нікаў і выдаленні перапіскі. Актывістам ставілі ў віну тое, што яны змяшчалі «загадзя ілжывую ацэнку нелегітымнасці выканання службовых і грамадскіх абавязкаў прадстаўнікамі ўлады, незаконныя заклікі не падпарадкоўвацца ім, супраціўляцца, ды заклікі падпісвацца на канал, спасылкі на вучэбную літаратуру, рэкамендацыі выкарыстоўваць тэлеграм для стасункаў, звесткі пра спосабы псіхалагічнага непадпарадкавання ўладам, рэкамендацыі пра пазбяганне пераследу.
Асаблівую віну следства ўбачыла ў закліках да дзейных сілавікоў адмовіцца ад выканання загадаў. Пракурор заявіў, што тэлеграм-канал інфармаваў падпісантаў пра час і месца масавых закалотаў, навучаў, як ужываць зброю, ладзіць падпалы, псаваць маёмасць. Стрымы з акцыяў пратэстаў ён назваў прапагандаю злачыннай дзейнасці.
Пры гэтым дзяржабвінаваўца не назваў канкрэтных датаў, калі прайшлі масавыя беспарадкі, да якіх маюць беспасярэдняе дачыненне абвінавачаныя, як і тое, якая менавіта шкода маёмасці, здароўю і жыццю грамадзянаў або прадстаўнікоў улады была нанесеная такімі дзеяннямі.
Сяргей Спарыш, паводле следства, быў датычны таксама да пагрозаў і высмейвання старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.
МГ belsat.eu