Ва Украіне заклікалі лукашэнкаўцаў не цешыцца з забойства беларуса ў Карэліі


Лукашэнкаўская прапаганда і набліжаныя да сілавікоў каналы ўзрадаваліся забойству Мікалая Аляксеева ў Карэліі. Украінскі палітолаг Яўген Магда ў каментары «Белсату» адзначыў, што не варта цешыцца з таго, што застрэлілі беларуса: наступным разам расейскія спецслужбы могуць учыніць забойства проста на тэрыторыі нашай краіны і без ведаму лукашэнкаўскіх сілавікоў.

Беларус Мікалай Аляксееў, забіты ў Карэліі супрацоўнікамі ФСБ.
Фота: Николай Алексеев / «ВКонтакте»

Паводле версіі ФСБ, Мікалай Аляксееў быў «завербаваны ўкраінскімі спецслужбамі» і нібыта паходзіў з палка Каліноўскага. Беларус, як сцвярджаецца, планаваў падарваць адміністрацыйны будынак у карэльскім райцэнтры. Расейская спецслужба заявіла, што ў самаробнай бомбе, знойдзенай у забітага, былі брытанскія і амерыканскія дэталі.

Дырэктар украінскага Інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда ў каментары «Белсату» падкрэсліў: украінскія спецслужбы не здзяйсняюць тэрактаў супраць жыхароў Расеі.

«Сілы абароны Украіны ваююць выключна супраць вайсковых і інфраструктурных аб’ектаў – законных вайсковых цэляў. Я не магу ўявіць сабе, каб чалавек, які быў вайскоўцам ЗСУ, быў у палку Каліноўскага, стаўся тэрарыстам. Навошта ў Карэліі падрываць адміністрацыю, чаму не піўны шапік дзе-небудзь у Ханты-Мансійску?» – сказаў аналітык.

Даведка
Раней прэс-служба палка імя Каліноўскага так пракаментавала «Белсату» заяву пра тое, што Аляксееў – іхны ваяр: «Пакуль ні пацвердзіць, ні зняпраўдзіць не можам».

Ён назваў невыпадковымі сцверджанні, што ў бомбе «тэрарыста» нібыта знайшлі заходнія кампаненты: «Прывязаць да Вялікай Брытаніі ці да Злучаных Штатаў – гэта значыць сказаць, што яны таксама датычныя да тэрарызму».

Абноўлена
«Інсцэнізаванае відэа». «BELPOL» назваў фікцыяй кадры «спецаперацыі» ФСБ з забойствам беларуса
2024.03.07 14:57

Агулам, на думку Магды, «спецаперацыя» ФСБ прымеркаваная да «перавыбараў Пуціна»:

«Яны з гэтым ужо працавалі, праўда, цяпер не мяшкі з цукрам так званыя, з гексагенам, а цяпер іншым спосабам. І гэта таксама цалкам зразумела».

Украінскі эксперт параіў лукашэнкаўцам не радавацца забойству беларуса расейскімі спецслужбамі, бо яны могуць учыніць падобнае проста на тэрыторыі Беларусі і без ведаму лукашэнкаўскіх сілавікоў:

«Я на месцы Лукашэнкі і лукашэнкаўскіх спецслужбаў не моцна б цешыўся, бо тое, што зрабілі з грамадзянінам Беларусі ў Расейскай Федэрацыі, могуць зрабіць на тэрыторыі Беларусі без ведаму спецслужбаў Беларусі, як у свой час скралі грамадзяніна Украіны Паўла Грыба і рабілі яшчэ шмат чаго. Таму я думаю, што ў гэткім выпадку гэта вялікі прывет і самому Лукашэнку».

Яўген Магда выказаў спачуванні родным Аляксеева і паабяцаў зрабіць так, каб «асоба, якая змагалася супраць дыктатараў Расеі і Беларусі, не была забытая ва Украіне».

Hавiны
«Планаваў тэракт, вынятая бомба». ФСБ паказала відэа з забойствам беларуса ў Карэліі
2024.03.07 13:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў