У лютым Беларусы прадалі на $169 млн больш, чым купілі – праз спакой на рынку


У лютым фізічныя асобы прадалі валюты на $922 млн, а купілі – на $753 млн. Месяцам раней беларусы былі чыстымі пакупнікамі замежных грошай, сведчыць статыстыка Нацбанку. «Белсат» пацікавіўся ў эксперта, чаму беларусы раптам пачалі здаваць валюту.

Фота: Белсат

За першыя два месяцы года фізічныя асобы купілі валюты на $1,7 млрд, а здалі $1,8 млрд, адсправаздачыўся Нацыянальны банк. Пры гэтым у студзені купля перавысіла продаж, а ў лютым – наадварот. Заўважна, што ў лютым істотна знізіўся попыт на валюту ў параўнанні з студзенем ($753 млн супраць $905 млн).

Летась фізічныя асобы былі чыстымі прадаўцамі замежны грошай, здаўшы на $292 млн болей, чым купіўшы. У 2022 і 2021 гадах прапанова таксама перавышала попыт, а вось у 2020-м беларусы актыўна назапашвалі валюту: розніца паміж купляй і продажам амаль дасягнула $2 млрд.

Старэйшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна ў каментары «Белсату»  адзначае, што такая карціна склалася ў пачатку 2024 года праз сезоннасць. Тое ж было ў 2023 годзе – у студзені беларусы больш куплялі валюты за кошт таго, што ў іх яшчэ засталіся грошы з высокіх снежаньскіх заробкаў.

«Затым і ў лютым гэтага года, і ў лютым мінулага года, продаж перавысіў куплю валюты. Сезонны фактар дадатковых даходаў ужо сышоў – гэта адзін момант.

Другі момант – цяпер абмежаваная прывабнасць валютных зберажэнняў, таму што стаўкі па валютных укладах вельмі нізкія. Пяць – шэсць гадоў таму людзі наадварот імкнуліся ўкладвацца ў валютныя ўклады, калі вырашалі трымаць грошы ў банках. Зараз мы назіраем рост менавіта па рублёвых укладах, таму што стаўкі па валюце меншыя за 2%. У мінулым годзе гэта нават не перакрывала інфляцыю ў доларавай зоне, ЗША», – кажа Анастасія Лузгіна.

Выходзіць, акрамя таго, што лішніх грошай стала менш, засталося і менш падстаў гнацца за валютай. А продажы валюты асабліва не змяніліся, справа менавіта ў куплі, адзначае экспертка.

«У студзені было прададзена $ 891 млн, у лютым – $922 млн. У лютым 2024 года нашмат ніжэй была купля. З аднаго боку, прайшоў сезонны фактар, а з другога боку, у адрозненне ад 2023 года, мы пакуль назіраем стабільнасць на валютным рынку. Гэта значыць курс беларускага рубля да долара моцна не скача. Летась ён зніжаўся практычна цягам усяго года, што было звязана з такой жа дынамікай расейскага рубля.

Цяпер праз тое, што расейскія ўлады зрабілі больш жорсткай сваю манетарную палітыку і ўвялі валютныя абмежаванні, расейскі рубель стабілізаваўся. І, адпаведна, стабілізаваўся беларускі рубель, што знізіла нервовасць у людзей у дачыненні да ваганняў беларускага рубля. Таму мы, з аднаго боку, бачым, што продажы замежнай валюты ў лютым ледзь-ледзь падраслі, а ў той жа час купля скарацілася», – кажа Анастасія Лузгіна.

Таксама Нацбанк распавёў аб куплі і продажы валюты кампаніямі-рэзідэнтамі. У студзені – лютым сёлета яны купілі валюты на $347 млн болей, чым прадалі. Нерэзідэнты традыцыйна здаюць болей, чым купляюць, розніца за два месяцы – $112 млн.

Hавiны
Беларусы за квартал разбагацелі на 26 чарак і скварак
2024.03.07 18:09

Арсен Рудэнка, Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў