«Расейцы занадта затрымаліся». Памежнікаў і вайскоўцаў таксама хутка могуць папрасіць з Арменіі


Улады Арменіі праінфармавалі Расею аб неабходнасці вываду расейскіх пагранічнікаў з аэрапорту «Звартноц» каля армянскай сталіцы. У РФ да гэтага ставяцца негатыўна, але ў Арменіі адзначаюць, што расейскія памежнікі і так ужо «занадта затрымаліся».

Міжнародны аэрапорт «Звартноц». Ереван, Арменія.
Фота: Joxovurd / commons.wikimedia.org

Пра тое, што Арменія праінфармавала Расею аб неабходнасці вываду расейскіх памежнікаў з аэрапорту «Звартноц», 6 сакавіка паведаміў сакратар Рады бяспекі рэспублікі Армэн Грыгаран.

«Нядаўна мы заявілі аб гэтым у афіцыйным лісце», – сказаў ён журналістамі.

Паводле яго, памежныя функцыі ў аэрапорце «Звартноц» павінен ажыццяўляць непасрэдна армянскі бок. Пры гэтым Грыгаран удакладніў, што пытанне вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі аэрадрому «Сюнік», які знаходзіцца недалёка ад мяжы з Азербайджанам, не абмяркоўваецца.

7 сакавіка ўжо кіраўнік МЗС Арменіі Арарат Мірзаян заявіў на брыфінгу, што «Арменія ў інстытуцыйным плане здольная самастойна ажыццяўляць памежную службу і паведаміла расейскаму боку аб гэтым».

«Спачатку ўдзел расейскіх памежнікаў на некаторых пунктах, у тым ліку і ў «Звартноце», быў задуманы ў мэтах садзейнічання новастворанай незалежнай армянскай дзяржаве і быў закліканы выконваць гэтыя функцыі столькі, колькі ў гэтым будзе мець патрэбу Арменія. І калі ў Арменіі з’явяцца магчымасці, то гэтыя функцыі цалкам павінна была ажыццяўляць яна ў адпаведнасці з сродкамі, якія ёсць у распараджэнні», – сказаў ён.

Міністр выказаў меркаванне, што гэтага абгрунтавання будзе дастаткова для расейскага боку, і пытанне будзе тым самым вырашанае.

Што гавораць у Расеі?

Пра магчымае спыненне працы расейскіх памежнікаў у аэрапорце «Звартноц» у канцы лютага ўжо паведамлялі армянскія СМІ. Як зазначыў 27 лютага спікер парламента Ален Сіманян, «было б правільна, калі б яны [расейскія пагранічнікі.– рэд. Belsat.eu] адтуль сышлі».

У адказ афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава назвала гэта «чарговым прыкладам недружалюбных паводзін прадстаўніка афіцыйнага Ерэвана». А 2 сакавіка кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў пра існаванне асобаў, якія не хаваюць жадання «прыбраць Расею з рэгіёну Паўднёвага Каўказа».

Расейская прысутнасць – таксічная

Пункт пропуску ў ерэванскім аэрапорце «Звартноц» расейскія памежнікі абслугоўвалі з 1992 года. Цяпер памежнае ўпраўленне ФСБ Расеі ў Арменіі ўключае ў сябе чатыры памежныя атрады – у Гюмры, Армавіры, Арташаце і Мэгры, а таксама асобны кантрольна-прапускны пункт у аэрапорце «Звартноц». Ахову мяжы на аўтадарожным пункце пропуску «Агарак» на мяжы з Іранам таксама ажыццяўляюць расейскія памежнікі. Акрамя таго ў Арменіі знаходзіцца расейская вайсковая база, якая мае гарнізоны ў Ерэване і Гюмры.

Стары тэрмінал Міжнароднага аэрапорту «Звартноц». Ереван, Арменія.
Фота: Armineaghayan / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 4.0

Палітычны эксперт Рубен Мэграбян у каментары «Белсату» зазначыў, што рашэнне аб вывадзе расейскіх памежнікаў звязанае з тым, што «расейцы занадта затрымаліся ў аэрапорце «Звартноц». Паводле яго, рашэнне аб іх размяшчэнні ў 1992 годзе было часовай мерай, але замест некалькіх месяцаў «доўжылася некалькі дзесяцігоддзяў».

«І фактычна ператварылася ў інструмент расейскага кантролю ўвогуле над Арменіяй. Плюс да гэтага, расейскі персанал вызначыўся сваімі агіднымі незаконнымі паводзінамі падчас выканання сваіх функцыяў», – заявіў Мэграбян, дадаўшы, што сам сутыкаўся з гэтым.

Эксперт падкрэсліў, што Арменія ўжо здольная сама ажыццяўляць пашпартны кантроль у аэрапорце, «прычым манапольна, як належыць незалежнай краіне».

«І расейцы там патрэбны, як карове пятая нага», – сказаў ён.

Мэграбян не выключыў негатыўных рэакцыяў з боку Расеі, але падкрэсліў, што «калі занадта будуць упарціцца, то, магчыма, будуць прынятыя жорсткія захады».

На думку эксперта, гэтае рашэнне армянскіх уладаў можа быць звязанае з ранейшым замарожваннем сяброўства Ерэвану ў АДКБ.

«Давер паміж Арменіяй і Расеяй практычна зараз нулявы. Арменія і Расея фіксуюць адсутнасць агульнасці ў бачаннях, інтарэсах, мэтах і каштоўнасцях. Цалкам натуральна, што расейская прысутнасць у такім адчувальным месцы, як сталічны аэрапорт, становіцца ўжо таксічнай», – заявіў Мэграбян.

Эксперт адзначыў, што пытанне прысутнасці іншых расейскіх памежнікаў ці вайскоўцаў у Арменіі пакуль не ўзнімаецца. Аднак, паводле яго, яму як грамадзяніну Арменіі незразумела, «што яны там робяць». Таму, мяркуе ён, «недалёкі той дзень, калі такім жа чынам папросяць іх вярнуцца ў сваю краіну».

Hавiны
Спікер армянскага парламенту: Ерэван гатовы далучыцца да ЕЗ і можа выйсці з АДКБ
2024.02.29 17:01

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў