У Бярэзінскім раёне ў ДТЗ трапіла маршрутка: шпіталізаваныя 8 чалавек


Раніцай 7 лютага на 130-м кіламетры аўтадарогі М-4 «Менск – Магілёў» паблізу вёскі Васілеўшчына кіроўца маршрутнага таксі не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў агароджу.

ДТЗ у Бярэзінскім раёне.
Фота: minobl_uvd / Telegram

Як паведамляюць у міліцыі, пры ажыццяўленні манеўру перастраення з правай паласы руху ў левую аўтамабіль занесла. У выніку адбыўся наезд на дарожную агароджу.

ДТЗ у Бярэзінскім раёне.
Фота: minobl_uvd / Telegram

У маршрутцы ў той момант знаходзіліся 10 пасажыраў.

ДТЗ у Бярэзінскім раёне.
Фота: minobl_uvd / Telegram

Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што 8 пацярпелых былі шпіталізаваныя. У людзей дыягнаставаныя спалучаныя траўмы: чэрапна-мазгавыя траўмы, пераломы, удары, пашкоджанні мяккіх тканак твару.

Двое пасажыраў былі спачатку дастаўленыя ў Бярэзінскую лякарню, але ў сувязі з цяжкасцю траўмаў і неабходнасцю медычнай дапамогі больш высокага ўзроўню іх перавялі ў Менск. Яшчэ адну жанчыну завезлі ў лякарню ў Барысаве.

Адна з пацярпелых цяпер у рэанімацыі Бялыніцкай лякарні. Каб выратаваць жанчыну, на кансіліум прыбылі спецыялісты абласнога ўзроўню: хірург, нейрахірург, траўматолаг, сасудзісты хірург. Цяпер ідзе аперацыя.

Яшчэ двое пацярпелых дастаўленыя ў Магілёў у шпіталь хуткай медычнай дапамогі.

Пазней Следчы камітэт распавёў падрабязнасці ДТЗ. Паводле СК, гума на пярэдняй восі мікрааўтобуса была не прыдатная для эксплуатацыі з прычыны зносу, а кіроўца падчас руху адцягваўся на мабільны тэлефон.

«Пасажыры рабілі яму заўвагі і нават знялі гэта на камеру мабільнага тэлефона за некалькі секунд да аварыі», – кажуць праваахоўнікі.

Была распачатая крымінальная справа паводле ч.2 арт.317 («Парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання»). Максімальнае пакаранне – да пяці гадоў зняволення.

Паводле СК, 31-гадовы кіроўца маршруткі неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за парушэнні, звязаныя з перавозкай пасажыраў, а ў кастрычніку 2023 году быў вінаватым у ДТЗ.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў