Што рабіць, калі ў Беларусі пачнуць блакаваць VPN, і ці трэба хвалявацца ўжо цяпер


Беларускія ўлады даўно змагаюцца са сродкамі супраць цэнзуры. У Расеі з 1 сакавіка набудзе моц забарона «папулярызацыі VPN», а Беларусь і Расея хочуць аб’яднаць «спісы экстрэмістаў». Не выключана, што ў Беларусі захочуць блакаваць VPN. «Белсат» расказвае, што рабіць у такім выпадку.

Малюнак згенераваны нейрасеткай
Малюнак згенераваны нейрасеткаю. Блакаванне VPN у Беларусі паводле ўяўлення штучнага інтэлекту «Microsoft Copilot». Выява: Dall-E / Bing.com

Чаму мы пра гэта пішам

Беларускія ўлады зноў збіраюцца змагацца з VPN: у планах на 2024–25 гады – фільтраванне трафіку з мэтай супрацьдзеяння ананімайзерам, VPN і проксі-серверам, якія выкарыстоўваюць «у супрацьпраўных мэтах». Выканаўцамі гэтай задачы прызначаныя міністэрствы сувязі і ўнутраных справаў, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Аператыўна-аналітычны цэнтр і іншыя зацікаўленыя органы і арганізацыі.

Акрамя таго, у Расеі 1 сакавіка набудзе моц забарона «папулярызацыі сродкаў абыходу блакаванняў» – самі гэтыя сродкі, у тым ліку VPN, там забароненыя з лютага 2020 года.

А Беларусь і Расея збіраюцца аб’яднаць спісы «экстрэмістаў» і «экстрэмісцкіх рэсурсаў». Хутчэй за ўсё, гэта тычыцца канкрэтных людзей, супраць якіх будуць чыніць рэпрэсіі, і канкрэтных сайтаў, якія будуць блакаваць. Але Беларусь і Расея могуць аб’яднаць і высілкі ў блакаванні сродкаў супраць цэнзуры.

Агляд
Што ў Беларусі «экстрэмізм»: глядзім на дзівосы спісаў «матэрыялаў» і «фармаванняў»
2023.08.26 14:16

Дык ужо ж блакавалі

Пакуль у Беларусі ні разу не блакавалі ўсе сродкі абыходу блакаванняў, хоць спрабавалі.

Яшчэ з 2015 года Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі абавязаная знаходзіць і ўносіць у «чорны спіс» сродкі абыходу блакаванняў: у адпаведнай пастанове Аператыўна-аналітычнага цэнтру згадваліся проксі-серверы і нават «Tor».

Правайдары абавязаныя блакаваць усё з «чорнага спісу», але як у 2015-м, так і на момант публікацыі многія сродкі абыходу цэнзуры ў Беларусі дасяжныя. А калі ў 2016-м улады спрабавалі блакаваць той жа «Tor», дык толькі павялічылі колькасць ягоных карыстальнікаў.

У першыя дні пасля выбараў у 2020 годзе ў Беларусі блакавалі амаль усе замежныя медыі і сацсеткі, а таксама калі не заблакавалі, дык істотна запаволілі працу шэрагу папулярных VPN. Праўда, і тады знаходзіліся дзейсныя сродкі абыходу цэнзуры.

Акрамя таго, з 2016 года ў Беларусі забаронена ўжываць нешта, апісанае як «праграмныя і тэхнічныя сродкі, якія ў сукупнасці выкарыстоўваюцца для пераўтварэння пратаколу абмену звесткамі, пры дапамозе якіх перадаюцца галасавыя і іншыя паведамленні электрасувязі ад абанента, што робіць выклік, і перадачы гэтых паведамленняў выкліканаму абаненту з выкарыстаннем абаненцкіх нумароў, якія не належаць абаненту, што робіць выклік». Пад гэтае апісанне падпадаюць тэлефанаванні праз інтэрнэт на мабільныя і стацыянарныя тэлефоны, але сэрвісы кшталту «Skype» і «Viber» усё яшчэ прапануюць такую паслугу.

Разбор
Як бяспечна тэлефанаваць праз інтэрнэт, каб не праслухалі сілавікі?
2023.10.03 15:41

Што рабіць, калі ўсё ж заблакуюць VPN

Падставаў лічыць, што блакаваць VPN пачнуць ужо ў бліжэйшыя дні, няма. Але ўлады паставілі сабе такую задачу на 2024–25 гады. Што рабіць, калі раптам у іх атрымаецца?

Сціслы адказ – шукаць іншыя сродкі, якія не заблакавалі. Зусім усё заблакаваць наўрад ці змогуць – нават у Кітаі не змаглі, хоць «вялікі кітайскі фаервол» будуюць больш як чвэрць стагоддзя.

VPN – не адзіны цэльны сэрвіс, а доўгі шэраг сэрвісаў ад розных кампаніяў. Калі заблакуюць папулярныя кшталту «ProtonVPN», «NordVPN» і «ExpressVPN» або ўбудаваны VPN у браўзеры «Opera», могуць знайсціся менш папулярныя, якія не заблакуюць. Ды і заблакаваныя VPN могуць праз нейкі час аднавіць працу ў Беларусі, бо самі знойдуць шляхі абыходу блакаванняў.

Як усталяваць VPN, «Белсат» расказваў тут на прыкладзе бясплатнага «ProtonVPN»:

Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі заблакуюць YouTube, Facebook ці Telegram – і як паставіць VPN
2024.01.12 10:36

Таксама ёсць сэрвісы, якія працуюць падобна да VPN.

У 2020 годзе сябе добра зарэкамендаваў «Psiphon», ён выкарыстоўвае як VPN, так і іншыя тэхналогіі. У час татальнага блакавання «Psiphon» працаваў павольна, але ўсё ж даваў доступ да навінаў.

Ёсць і спецыяльныя сайты – ўэб-проксі (web proxy), праз якія можна зайсці на іншыя сайты. Ды яны менш зручныя за VPN: цяжка знайсці надзейны, хуткі і бясплатны ўэб-проксі, які яшчэ і не завальвае карыстальніка рэкламаю. Да таго ж, карыстанне такім сайтам не абароніць іншыя праграмы па-за браўзерам, як тыя ж мэсэнджары.

«Tor» – праграма і сетка так званай цыбулевай маршрутызацыі: як у цыбулі, там пад адным знаходзіцца другі пласт ананімізацыі, пад другім – трэці, і гэтак далей. Трафік ідзе такімі хітрымі шляхамі, што адсачыць яго практычна немагчыма. «Tor» даўно спрабуюць заблакаваць, але атрымліваецца толькі ўскладніць доступ, зрабіць наладку праграмы цяжэйшай, а злучэнне – нестабільным. Як і ўэб-проксі, «Tor» не абароніць іншыя праграмы. Да таго ж, правайдар (і сілавікі) могуць даведацца, што карыстальнік ужывае «Tor», таму карыстацца ім трэба праз VPN.

Калі няма пэўнасці, чым карыстацца, можна паглядзець, што раяць эксперты: напрыклад, пачытаць у Telegram каналы «Кіберпартызанаў» або ініцыятывы «CyberBeaver» (і лепш адразу мець «Партызанскі тэлеграм»). У 2020-м доступ наўпрост да Telegram перакрылі, але для мэсэнджару стварылі сотні «абыходных шляхоў» – проксі-сервераў, іх спіс публікавалі і публікуюць дасюль на спецыяльным тэлеграм-канале @ProxyMTProto. Навіна пра гэтыя проксі ў 2020 годзе за некалькі дзён разышлася па «сарафанным радыё».

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00

«Белсат» распаўсюджвае свае навіны як праз сайт Belsat.eu, так і праз мабільныя праграмы для чытання тэкстаў («Android» і «iOS») і прагляду відэа («Android» і «iOS»), і праз сацсеткі (Facebook, Instagram, ОК, Telegram, Tik Tok, VK, X), і праз сайты-«люстэркі» (адрасы якіх выглядаюць як абракадабра), вядзе тэлевяшчанне праз спадарожнік і на Youtube. Калі ў Беларусі будуць блакаваць VPN, мы раскажам, што рабіць, праз усе магчымыя каналы сувязі – пашукайце, які канал застанецца дасяжным.

Тэарэтычна, можа так стацца, што ў Беларусі не проста нешта заблакуюць, а адключаць зусім увесь інтэрнэт. Але і тады будуць сродкі бяспечнай сувязі, такія як П-СМС ад «Кіберпартызанаў (новыя версіі публікуюць на канале «Партызанскага тэлеграму», апошняя на момант публікацыі – тут). Праўда, трэба загадзя дамовіцца з тымі, каму трэба пісаць шыфраваныя SMS, каб і яны ўсталявалі гэтую праграму.

А калі адключаць і тэлефонную сувязь, можна карыстацца праграмамі кшталту «Bridgefy», якія дазваляюць абменьвацца паведамленнямі праз пратакол «Bluetooth». Ды, каб гэтая праграма запрацавала, трэба, каб хтосьці ёю карыстаўся ў радыусе не больш за 100 метраў. Наўрад ці адразу пасля адключэння сувязі ў такіх праграмаў будзе шмат карыстальнікаў, але з часам «сарафаннае радыё» можа разнесці звесткі пра спосаб «сувязі без сувязі».

Hавiны
Беларускія «Кіберпартызаны» паведамляюць пра ўзлом сэрвісаў «Раскамнагляду»
2022.11.19 12:50

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў