Беларускія ўлады збіраюцца змагацца з VPN


Беларускія ўлады заклапаціліся тым, каб ускладніць беларусам доступ да незалежных СМІ, якія ўнутры краіны можна чытаць толькі праз VPN, і дзеля гэтага будуць змагацца з VPN-сэрвісамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: techrepublic.com

У рамках захадаў па супрацьдзеянні кіберзлачынствам беларускія ўлады маюць намер правесці «фільтрацыю» і дэананімізацыю трафіку. Дакумент, у якім прапісаныя такія намеры, на сайтах беларускіх школ адшукала выданне «Флагшток». Ён мае назву «Комплексны план мерапрыемстваў, накіраваных на прыняцце эфектыўных мераў па супрацьдзеянні кіберзлачынствам, прафілактыцы іх здзяйснення, павышэнні лічбавай пісьменнасці насельніцтва на 2024–2025 гады» і быў зацверджаны ў лістападзе 2023 года віцэ-прэм’ерам Пятром Пархомчыкам.

Як адзначае выданне, такія дакументы прымаліся і раней (сапраўды, іх можна адшукаць на інтэрнэт-старонках беларускіх установаў), тым не менш у апошняй версіі ў ім дадаўся адзін новы пункт:

«Вывучэнне магчымасці распрацоўкі і ўкаранення сістэмы праверкі сеткавых пакетаў па змесціве (dpi-сістэма) з мэтай рэгулявання і фільтрацыі трафіку для эфектыўнага супрацьдзеяння выкарыстанню ананімайзераў, VPN і проксі-сервераў у супрацьпраўных мэтах у беларускім сегменце сеткі Інтэрнэт».

Тут варта адзначыць, што з дапамогай dpi-сістэмы ёсць магчымасць вызначаць, на якіх сайтах быў карыстальнік або якімі аплікацыямі карыстаўся.

Выканаўцамі гэтай задачы прызначаны Міністэрства сувязі, МУС, КДБ, ААЦ і іншыя зацікаўленыя органы і арганізацыі.

Спецыяліст, да якога звярнулася выданне па каментар, патлумачыў, што новаўвядзенні, верагодна, будуць тычыцца беларускіх інтэрнэт-правайдараў, і за гэтым бачны намер абмежаваць трафік беларусаў на забароненыя рэсурсы праз VPN. Ён таксама адзначыў, што ў Расеі падобныя крокі ўжо пачалі рэалізоўваць: там існуе спіс VPN-сэрвісаў, доступ да якіх забаронены. «Гледзячы па ўсім, тое ж збіраюцца зрабіць і ў Беларусі», – падкрэсліў суразмоўца выдання.

Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі заблакуюць YouTube, Facebook ці Telegram – і як паставіць VPN
2024.01.12 10:36

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў