Аліну Коўшык дапусцілі да выбараў у Каардынацыйную раду. Спрачаліся пра падвоенае прозвішча


Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык усё ж з’явіцца пад нумарам 2 у выбарчым спісе «Еўрапейскі выбар» на выбарах у Каардынацыйную раду. Раней ейную заяўку не прынялі, бо яна пазначыла не такое прозвішча, як мела ў пашпарце. Цяпер прынялі, але Коўшык абурылася патрабаваннем назваць у спісе сапраўднае прозвішча.

Аліна Коўшык. 15 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Выбарчая камісія для правядзення выбараў у Каардынацыйную раду 29 красавіка разгледзела і адхіліла скаргу Аліны Коўшык на неўключэнне ў спіс «Еўрапейскі выбар». 30 красавіка, атрымаўшы ад Коўшык згоду ўнесці яе ў спіс у форме Аліна Коўшык (Коўшык-Петшыкоўска), з пазначэннем у дужках прозвішча, як у пашпарце, камісія пастанавіла скасаваць ранейшае рашэнне аб выключэнні кандыдаткі са спісу.

1 траўня Аліна Коўшык апублікавала на Facebook супольную заяву з Надзеяй Нортан – лідаркай спісу «Голас дыяспараў – Адзінства па-над межамі», якую ў спісе таксама пазначылі з падвоеным прозвішчам: Надзея Нортан (Сычугова).

Яны пішуць, што былі вымушаныя падпарадкавацца патрабаванням Выбарчай камісіі што да напісання прозвішчаў. Але лічаць, што «такі фармальны падыход камісіі парушае нашае права даваць дазвол на распаўсюд асабовых звестак і стварае ўмовы для дыскрымінацыі жанчын пры рэалізацыі права быць абраным у Каардынацыйную раду». Таксама яны заяўляюць, што «пры рэгістрацыі кандыдатаў важна выкарыстоўваць асабісты падыход да кожнай заявы, таму што інакш атрымліваецца сітуацыя, калі становяцца публічнымі асабовыя звесткі кандыдата, якія могуць быць выкарыстаныя для ціску».

Старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька тлумачыць «Белсату»: Аліну Коўшык спачатку не ўключылі ў спіс, бо не было выкананае патрабаванне пазначыць у спісе прозвішча згодна з дакументам, які пацвярджае асобу. Прыходзька падкрэслівае: калі хочам сапраўдных выбараў, трэба, каб у іх удзельнічалі сапраўдныя асобы.

«Калі мы кажам пра выбары як пра вельмі фармальны працэс, а ён такім ёсць, мы павінныя адштурхоўвацца ад таго, як гэтая асоба называецца ў пасведчанні, якое гэтую асобу сцвярджае, – тлумачыць яна. – Гэта непасрэдна тое, што было ў абавязках выбарчай камісіі: спраўдзіць асобу чалавека. Не тое, кім ён сябе прадстаўляе, уяўляе, называе».

Прыходзька адзначае, што Камісія атрымала ад Коўшык толькі пацверджанне таго, што яна мае пашпарт на імя Аліна Коўшык-Петшыкоўска, але ў належны тэрмін не была пададзеная заяўка, якая б адпавядала правілам. Заяўку ад «Еўрапейскага выбару» атрымалі 23 красавіка, затым 24 красавіка выслалі лідару спісу Аляксандру Дабравольскаму ліст з просьбай выслаць звесткі пра Коўшык з імем і прозвішчам, як у пашпарце; імем і прозвішчам, якое заяўніца хоча пазначыць у выбарчым спісе, і абгрунтаванне. На момант пачатку паседжання для рэгістрацыі гэты ліст не прыйшоў, і таму Коўшык не ўключылі ў спіс.

Ужо падчас паседжання ад Коўшык прыйшоў ліст аб тым, што другая частка прозвішча – ад былога мужа, з далучаным пасведчаннем аб разводзе і просьбай улічыць, што публічна яна заўсёды выкарыстоўвала толькі прозвішча Коўшык, а змяніць прозвішча ў беларускіх дакументах цяпер не можа.

Калі спісы апублікавалі, Коўшык паскардзілася на Facebook, што яе не ўключылі ў выбарчы спіс з фармальнай прычыны. За перагляд рашэння пачалі збіраць подпісы ў інтэрнэце. Каардынацыйная рада на гэта адказала, што Выбарчая камісія накіравала Коўшык адказ і выслала пытанні, на якія трэба адказаць для перагляду. 29 красавіка Коўшык аднавіла перапіску з Выбарчай камісіяй і 30 красавіка пагадзілася на прапанову пазначыць яе ў спісе як Аліна Коўшык (Коўшык-Петшыкоўска).

Алена Прыходзька.
Фота: Rada.vision

Прыходзька падкрэслівае: Коўшык не прадставіла дакументаў аб тым, што яна мяняла прозвішча, і прасіла зрабіць выключэнне, на што Камісія не пагадзілася, бо іначай «кожны чалавек мог бы назвацца як заўгодна». У спісе, адзначае яна, пазначылі не «мінулае» прозвішча, як заяўляе Коўшык, а сапраўднае, дзейнае, пазначанае ў пасведчанні асобы (дакументаў аб змене прозвішча Коўшык не прадставіла). Прыходзька падкрэслівае, што гэта не прымус Выбарчай камісіі: ніхто не ціснуў на людзей, каб яны пагаджаліся на правілы выбараў у Каардынацыйную раду, кандыдаты самі далі згоду на ўдзел у выбарах паводле загадзя вызначаных правілаў і на распаўсюд асабовых звестак – імя і прозвішча, як у пасведчанні асобы. Яна абураецца тым, што «камісію, якая ёсць фармальным органам, абвінавачваюць у фармалізме».

Таксама старшыня Выбарчай камісіі адзначае, што Аліна Коўшык пазначаная як Коўшык-Петшыкоўска ў публічных рэестрах Польшчы і Літвы, а таксама што Надзея Нортан – кіраўніца арганізацыі, якую ў Беларусі назвалі «экстрэмісцкай» і супраць якой распачалі крымінальную справу. Прыходзька пытае: няўжо Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі не ведае пра іхныя прозвішчы?

Прыходзька звярнулася таксама да ўсіх удзельнікаў выбараў з заклікам «спыніць ціск» на Выбарчую камісію: «Перастаць нам пісаць у асабістыя паведамленні, перастаць пагражаць нам тым, што цяпер вы будзеце яшчэ больш сачыць за тым, як мы фармальна выконваем свае абавязкі».

***

Уключэнне Аліны Коўшык у спіс «Еўрапейскі выбар» – не адзіная змена ў выбарчых спісах. Намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук адмовіўся ад удзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду і пакінуў выбарчы спіс кандыдатаў «Воля», хоць быў у спісе першым. А са спісу «Салідарнасць» быў выключаны Павел Бялюцін – пасля таго, як у базе зваротаў у КДБ, здабытай «Кіберпартызанамі», знайшлі ягоны данос на палітвязня.

Новы склад Каардынацыйнай рады маюць выбраць праз онлайн-галасаванне 25–27 траўня. Галасаваць прапаноўваюць не за асобаў, а за спісы – як на парламенцкіх выбарах у шэрагу краінаў. Вынікі выбараў маюць абвясціць 8 чэрвеня, першае паседжанне новага склікання КР плануюць правесці 15 чэрвеня. У выбарах, якія зладзяць праз інтэрнэт, змогуць удзельнічаць грамадзяне Беларусі як на тэрыторыі краіны, так і ў эміграцыі.

Меркаванне
Адкрыты ліст Аляксандра Мілінкевіча чальцам Каардынацыйнай рады
2024.04.18 20:13

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў