Што ў Беларусі «экстрэмізм»: глядзім на дзівосы спісаў «матэрыялаў» і «фармаванняў»


Калі верыць сілавікам, то ў Беларусі злавілі 1101 тэрарыста, выявілі 143 фармаванні экстрэмістаў, да дзейнасці якіх датычныя не менш як 3178 чалавек. Ужо 1764 разы суды прызнавалі іхныя матэрыялы экстрэмісцкімі. Хто ж гэтыя экстрэмісты, якія такой арміяй усё яшчэ не ўчынілі тэрору, страшнейшага за бальшавіцкі?

Гэтыя файлы могуць быць «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Гэтыя файлы (карцінка «aajG6OrSr20», кніга «Святослав#4» і відэа «Песенка») могуць быць «экстрэмісцкімі матэрыяламі». А могуць і не быць: спіс так складзены, што невядома, якія ў ім матэрыялы.
Фота: Белсат

Нагода паглядзець гэтыя спісы – унясенне ў «фармаванні» інфармацыйных рэсурсаў вядомага праваабарончага цэнтру «Вясна» (але не факт, што сам цэнтр лічыцца «фармаваннем»). Гэты цэнтр дзейнічае фактычна з 1996 года. З 2021 года за кратамі старшыня цэнтру Алесь Бяляцкі і намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч; таксама ў няволі юрыст цэнтру Уладзімір Лабковіч, каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк. У тым жа годзе асобныя каналы «Вясны» сталі заносіць у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У канцы 2022 года Бяляцкага ўганаравалі Нобэлеўскай прэміяй міру.

У кампаніі з «Вясною» – журналісты, палітыкі, хакеры, удзельнікі эмігранцкіх чатаў, два мушкецёры і прыгажуня.

Гатункі «экстрэмізму»

«Экстрэмісцкія матэрыялы» – спіс, які складае Міністэрства інфармацыі. У яго ўносяць матэрыялы (старонкі ў інтэрнэце, кнігі, фільмы, нават асобныя прадметы кшталту медалёў), якія суды назвалі «экстрэмісцкімі». Крытэры, якімі кіруюцца суды, невядомыя.

«Экстрэмісцкія фармаванні» – спіс, у які аб’яднанні людзей дадаюць розныя сілавікі і суды, пераважна Міністэрства ўнутраных справаў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Крытэры размытыя: каб трапіць у спіс, дастаткова нават «прызнаваць магчымасць экстрэмізму ў сваёй дзейнасці».

Якая практычная розніца між спісамі», «Белсат» расказваў тут:

Артыкулы
«Белсат» двойчы «экстрэмісцкі». Тлумачым, якая розніца між «матэрыяламі» і «фармаваннем»
2021.11.03 15:42

Ёсць таксама спіс «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Туды МУС уносіць фізічных асобаў, адносна якіх былі прысуды паводле артыкулаў, якія ўлады лічаць «экстрэмісцкімі». А гэтыя артыкулы – не толькі за ўдзел у акцыях пратэсту, але і абразы міліцыянтаў, суддзяў ці Аляксандра Лукашэнкі, нават за «апаганьванне пабудоваў» – надпісы на сценах. Ды ўключаюць туды не ўсіх, хто асуджаны паводле канкрэтнага артыкулу. Логіка аўтараў спісаў невядомая, але праваабаронцы маюць пэўныя здагадкі. Тым, хто ў гэтым спісе, забароненыя пэўныя віды дзейнасці, а іхныя здымкі забаронена распаўсюджваць – і ўсё гэта нават праз пяць гадоў па сканчэнні судзімасці.

А ёсць яшчэ спіс «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Яго вядзе ўжо КДБ, які дадае як сапраўдных тэрарыстаў з замежных санкцыйных спісаў, так і беларусаў, асуджаных паводле пэўных артыкулаў, як то «распальванне варожасці» за выказванні з крытыкай дзейнасці сілавікоў. Наступствы трапляння ў спіс не акрэсленыя беларускімі законамі, але беларускім «тэрарыстам» могуць блакаваць беларускія рахункі, забараняць паштовыя пераводы за краты і блакаваць тэлефоны ў Беларусі.

Такім чынам, стаць «экстрэмістам» і «тэрарыстам» у Беларусі можна, калі напісаць на сцяне чатыры літары: абрэвіятуру са значэннем «усе праваахоўнікі – кепскія людзі».

Hавiны
Як караюць за «экстрэмісцкія матэрыялы». Актывісты прааналізавалі сотні пратаколаў
2023.08.16 14:30

«Экстрэмісты-валейбалісты», «экстрэмісты-мушкецёры» і «чалавек-фармаванне»

Першы ў спісе «экстрэмісцкіх фармаванняў» – «Рабочы рух». З ім усё больш-менш зразумела: улады палічылі «экстрэмізмам» аб’яднанне рабочых з мэтаю абароны сваіх правоў і арганізацыі стачак, хоць права на забастоўку і замацаванае ў беларускіх законах.

Цікавейшы другі пункт спісу «фармаванняў»: «Група грамадзянаў, аб’яднаная сродкамі сайту Dze.chat». На гэтым сайце – мапа чатаў беларусаў, якая некалі ўключала дваровыя і гарадскія чаты ў Беларусі, цяпер жа (з мэтаў бяспекі) паказвае толькі чаты эмігрантаў за мяжою. З фармулёўкі ў спісе вынікае, што ўсе-ўсе ўдзельнікі чатаў, пазначаных на мапе, –  удзельнікі «фармавання».

Далей у спісе «фармаванняў» – розныя медыі і суполкі ў сацсетках, Аб’яднаны пераходны кабінет і каманда выбранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада і Рада БНР, фонды BYSOL і «By_help», хакеры і беларускія ваяры ва Украіне (толькі тыя, якая ваююць на баку Украіны, – але не тыя, хто за Расею), супольнасці чыгуначнікаў і завадчанаў…

Hавiны
МУС запрашае беларусаў вярнуцца і адсядзець за «экстрэмісцкую дзейнасць», каб не страціць грамадзянства
2023.07.10 14:01

У спісе ёсць кур’ёзныя моманты. Напрыклад, у спіс занесеныя «фармаванне Валерый Цапкала» і «фармаванне Максім Шабуцкі», але не як фізічныя асобы, а як супольнасці вакол гэтых асобаў.

«Экстрэмісцкімі» фармаваннямі аказаліся і экалагічная арганізацыя «Экадом», і «Беларуская рада культуры», і музычны гурт «Tor Band», і «Белсатаўшчына» – тэхнічная старонка ў Telegram, на якую трапляюць каментары да допісаў «Белсату» ў Telegram.

Назвы некаторых «фармаванняў» могуць выклікаць усмешку: «Два мушкетёра и красотка», «Волейбол по выходным» ці «Беларусь без хамства и беззакония». Не кажучы ўжо пра вядомыя суполкі «Беларусь головного мозга», «Чай з малінавым варэннем» ці «Ник и Майк» або супольнасці «Честные люди» ці «Страна для жизни».

Падобна, беларускія «экстрэмісты» не намагаюцца выглядаць пагрозліва: калі супольнасць і называецца «Каратели», то яна пра збор звестак аб сілавіках, каго ўдзельнікі называюць карнікамі. Тым жа займалася суполка пад пагрозлівай назвай «Бел Ультра Радыкалы». Адметна, што на паўтары сотні «экстрэмісцкіх фармаванняў» знайшлася толькі адна суполка неанацыстаў, астатнія ў спісе – праціўнікі Лукашэнкі.

Hавiны
Калі раптам вы прапусцілі. Нашыя любімыя (і «экстрэмісцкія») матэрыялы «Белсату» за 2021 год
2022.01.02 13:00

Існуе экстрэмісцкая песенька. Гэта ўсё, што пра яе вядома

Спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» мае тую ж асаблівасць: у ім шмат усялякага, што да 2020 года ўлады Беларусі не лічылі «экстрэмізмам», і шмат таго, што выглядае абсурдна ў кантэксце экстрэмізму. Але ёсць яшчэ адна асаблівасць: у гэты спіс не заўсёды ўносяць тлумачэнні, што за матэрыял, а даюць толькі даты рашэнняў судоў – і саміх гэтых рашэнняў няма.

У спісе ёсць «Урок беларускай мовы», «нагрудный знак (брошь) серого цвета», відэафайл «Песенка», графічныя файлы «aajG6OrSr20» і «Vr3pVg67J8c», кнігі «Святослав#4» і «Святослав#5», усе матэрыялы на асабістых старонках некаторых людзей у сацсетках, стыкеры з памылкамі ў надпісах на ўкраінскай мове, крычалка «Хто не скача, той [гістарычная назва жыхароў Маскоўскага княства і Расейскага царства]» і дзве абрэвіятуры з чатырох літараў, на якія крыўдзяцца сілавікі.

І калі можна здагадацца, што «экстрэмізмам» лічыцца не кожны ўрок беларускай мовы, а фільм 2006 года пра разгон Коласаўскага ліцэю, то зусім не вядома, што за песенька «экстрэмісцкая» або ці бяспечна захоўваць першыя тры кнігі пра Святаслава, калі такія наогул існуюць. А тыя надпісы па-ўкраінску – калі іх напісаць без памылак, ці перастануць яны быць «экстрэмізмам»?

Да 2020 года ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапляла параўнальна шмат рэчаў, звязаных з нацызмам і радыкальным ісламізмам. Ды пасля выбараў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сталі называць практычна ўсё, звязанае з пратэстамі: напрыклад, у спісе ёсць чат «Ученые против насилия» і чат «Не саўдзельнічай!», медаль «Гонар і годнасць» і вершы часу паўстання Кастуся Каліноўскага… У адным спісе цяпер літаратурныя творы Альгерда Бахарэвіча і Адольфа Гітлера.

Hавiны
Ці сапраўды на «антыфашысцкім форуме» ў Менску сустракаліся праціўнікі фашызму
2023.08.21 17:53

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў