Трыумф сумлення за кратамі: хто такі Алесь Бяляцкі, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру


10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, у Осла адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння Нобэлеўскай прэміі міру. Сёлета Прэмія міру асабліва значная для беларусаў: сярод пераможцаў – легендарны беларускі праваабаронца, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» і палітвязень Алесь Бяляцкі.

Для яго гэта ўжо шостая намінацыя на Нобэлеўскую прэмію міру і першая перамога. Ужо 17 месяцаў Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў зняволенні, як і яго калегі з «Вясны». Разам з ім прэмію атрымалі ўкраінская арганізацыя «Цэнтр грамадзянскіх свабод» і расейская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял».

Трыумф сумлення

На цырымоніі ўручэння Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага будзе прадстаўляць ягоная жонка Наталля Пінчук. Расейскі фонд «Мемарыял» прадставіць старшыня праўлення Ян Рачынскі, украінскі «Цэнтр грамадзянскіх свабодаў» будзе прадстаўлены яго кіраўніком Аляксандрай Мацвійчук.

Hавiны
Глядзіце, як будуць уручаць Нобэлеўскую прэмію міру. Жывы эфір на «Белсаце» 10 снежня
2022.12.09 13:14

Алесь Бяляцкі стаў чацвёртым чалавекам за ўсю гісторыю, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме або пад вартай.

«Лаўрэаты прэміі міру прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць у сваіх краінах, – заявілі ў Нобэлеўскім камітэце. – Яны шмат гадоў прасоўвалі права крытыкаваць уладу і абараняць фундаментальныя правы грамадзян. Яны прыклалі выдатныя намаганні, каб задакументаваць ваенныя злачынствы, парушэнні правоў чалавека і злоўжыванне ўладай».

У Камітэце адзначылі, што Алесь Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, які ўзнік у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х. Ён прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і мірнага развіцця ў сваёй краіне.

«Улады неаднаразова спрабавалі прымусіць Алеся Бяляцкага замаўчаць, – падкрэслівае Нобэлеўскі камітэт. – З 2020 года ён па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай без суда. Нягледзячы на велізарныя асабістыя цяжкасці, спадар Бяляцкі не саступіў ні на сантыметр у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі».

Кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Беляцкі.
Фота: viasna96 / Telegram

Старшыня Нарвежскага Нобэлеўскага камітэту, які прысуджае Нобэлеўскую прэмію міра, Берыт Рэйс-Андэрсан адзначыла: дзякуючы сваім паслядоўным намаганням на карысць чалавечых каштоўнасцяў, антымілітарызму і прынцыпаў права, «сёлетнія лаўрэаты аднавілі і ўшанавалі бачанне міру і братэрства паміж народамі Альфрэда Нобэля – бачанне, якое сёння найбольш патрэбна ў свеце». Яна таксама заклікала беларускія ўлады вызваліць Алеся Бяляцкага з турмы. Камітэт выказаў спадзяванні, што прэмія падыме баявы дух праваабаронцы.

Прэмію міру, паводле завяшчання Альфрэда Нобэля, прысуджаюць «асобе, якая дасягнула найбольшых поспехаў альбо зрабіла больш за іншых у справе згуртавання народаў і скарачэння колькасці дзейных войскаў, а таксама за правядзенне мірных кангрэсаў і прыцягненне да іх увагі». Сёлета на прэмію прэтэндавалі 343 кандыдаты, у тым ліку, 251 асоба і 92 арганізацыі.

«Уся беларуская праваабарончая супольнасць праз асобу Алеся атрымала сігнал падтрымкі ўсяго свету. Гэта нечаканая, але вельмі заслужаная ўзнагарода для прызнання шматгадовай дзейнасці Алеся ў барацьбе за правы чалавека, раней – за яго ўдзел у нацыянальным адраджэнні нашай краіны. Гэта прэмія зноўку вяртае ўвагу свету на падзеі ў Беларусі. Гэта падкрэслівае, што мірная барацьба за правы чалавека – гэта тое, што падтрымліваецца міравой супольнасцю», – кажа ў каментары Белсату праваабаронца Павел Сапелка.

Hавiны
«Гэта прэмія для беларускага народу». Жонка Алеся Бяляцкага заклікала свет памятаць пра змаганне беларусаў
2022.12.09 17:32

«Гэта была вельмі нечаканая, але радасная навіна, і Алесь да гэтага часу не можа прыйсці ў сябе»

Алесь Бяляцкі зараз утрымліваецца ў СІЗА-1. Менавіта тут ён дазнаўся, што стаў лаўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Але на цырымонію ўручэння ён патрапіць не зможа – крымінальную справу супраць яго і іншых вясноўцаў накіравалі ў суд. Нобэлеўскаму лаўрэату пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення за праваабарончую дзейнасць.

У каментарах журналістам жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук адзначала, што гэтая навіна стала для яе ашаламляльнай, але пры ўсіх супярэчлівых пачуццях – прыемнай і радаснай. Пасля навіны пра атрыманне прэміі за два месяцы з СІЗА-1 прыходзілі лісты ад Алеся, але сярод іх не было ніводнага, дзе ён неяк бы выказваўся пра прэмію.

«На спатканні бачна было, што для яго гэта таксама была вельмі нечаканая, але радасная навіна, і ён да гэтага часу не можа прыйсці ў сябе. Ён моцна ўражаны гэтай навіной», – казала Наталля ў інтэрв’ю сайту «Вясны».

Наталля перакананая, што рашэнне Нобэлеўскага камітэту стала падтрымкай для многіх беларусаў і беларусак, якія працягваюць барацьбу за свабоду: «Я лічу, што гэта ўзнагарода для тых беларусаў, якія паказалі сябе сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, якія маюць спадзяванні на свабоду і волю. Гэта прэмія – арыентыр для іх».

Падрабязнай інфармацыі пра тое, у якіх умовах утрымліваецца Алесь Бяляцкі, таксама няма. Напрыканцы жніўня праваабаронцам стала вядома, што старшыню «Вясны» утрымліваюць у так званым «спецкалідоры» – паўпадвальным памяшканні з дрэннымі ўмовамі.

«Вядома толькі, што ён цяпер утрымліваецца там жа, дзе і раней. Больш нічога невядома. Наколькі я зразумела за гэты час, яму наогул забараняюць распавядаць пра ўмовы ўтрымання, пра тое як ідзе следства, выказвацца пра сучасную палітычную сітуацыю і іншае. Ад іншых палітвязняў пра гэта часам можна даведацца. Яго ж лісты вычышчаныя ад усяго, бо ўмоўна, за адно-два «лішнія» словы ліст можа быць проста выкінуты цэнзарам у сметніцу. Але нават і пры гэтым не ўсе лісты выпускаюць на волю. Такое ўражанне, што проста выкідаюць ці цотныя, ці няцотныя», – адзначае Наталля.

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук і кіраўніца Нарвежскага нобэлеўскага камітэту Бэрыт Райс-Аннэрсэн на прэс-канферэнцыі ў Осла, Нарвегія. 9 снежня 2022 года.
Фота: «Белсат»

Яна кажа, што Алесь выглядае спакойным, але ўсё роўна выклікае заклапочанасць і хваляванні за яго здароўе. Паводле Наталлі, калі прысуджэнне прэміі не зменіць сітуацыю Алеся Бяляцкага і іншых палітзняволеных праваабаронцаў, то яна будзе вялікай надзеяй і падтрымкай для ўсіх палітычных зняволеных Беларусі:

«Ці паўплывае нейкім чынам прысуджэнне прэміі на сітуацыю з Алесем, сказаць цяжка. Як бачыце, завяршэнне справы адбылося ўжо пасля ўсіх гэтых падзей. Улады даюць знак, што нічога не мяняецца. Спадзявацца на нешта станоўчае не прыходзіцца. Адзінае, што важна ў гэтай прэміі, што Беларусь гучыць. Гэтая прэмія – знак таго, што пра беларусаў не забыліся, і гэта істотна важна. Гэта павінна ў нейкай ступені даваць надзею тым, хто ўтрымліваецца ў турмах».

Павел Сапелка ў размове з Белсатам падкрэслівае, што нобэлеўскі лаўрэат павінен быць на волі, і ёсць надзея, што прэмія можа аказаць уплыў на вызваленне Алеся Бяляцкага, як і іншых палітзняволеных праваабаронцаў.

«Але мы добра ведаем пра непаважнае стаўленне беларускіх уладаў да рашэння Нобэлеўскага камітэту. Напрыклад, як адрэагавалі на прысуджэнне прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч. Але з тых варыянтаў, якія зараз у нас зараз застаюцца, гэта пэўна найбольш працоўны», – дадае праваабаронца.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі вядомы як заснавальнік і кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна», адзін з ініцыятараў дэмакратычнага руху і цяпер – лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру. У сваёй кнізе пра вядомых беларусаў журналіст Аляксандр Тамковіч пісаў пра праваабаронцу так: «Алесь Бяляцкі змагаецца з афіцыйнымі ўладамі не для піяру, а для таго, каб больш з гэтым не ваяваў ніхто».

Алесь Бяляцкі нарадзіўся 25 верасня 1962 года ў мястэчку Вяртсіля Сартавальскага раёна Карэліі, куды ягоныя бацькі выехалі з Беларусі на заробкі. Калі яму было тры гады, сям’я вярнулася ў Беларусь, у Светлагорск. Вучыўся будучы нобэлеўскі лаўрэат на гісторыка-філалагічным факультэце Гомельскага ўніверсітэту. Адслужыў у войску, быў механікам-вадзіцелем браніраванага цягача ў артылерыйскім знішчальным супрацьтанкавым батальёне. Пасля паступіў у Менску ў аспірантуру, займаўся навуковай, літаратурнай і грамадскай дзейнасцю. У 1986 годзе Бяляцкі быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», потым быў абраны старшынёй гэтай арганізацыі (1986-1989). У 1988 г. выступіў адным з заснавальнікаў таварыства «Мартыралог Беларусі», быў сябрам і намеснікам старшыні Арганізацыйнага камітэту Беларускага народнага фронту «Адраджэнне», з’яўляўся заяўляльнікам адной з першых масавых акцый «Дзяды».

З 1991 па 1996 год Алесь быў дэпутатам Менскага гарадскога савету, абранага на альтэрнатыўнай аснове. Калі ў 1991 годзе там разглядалі пытанне нацыянальнай сімволікі, ён загадзя прынёс бел-чырвона-белы сцяг. «Праз некалькі хвілін пасля адабрэння сімволікі сцяг ужо лунаў над Менгарвыканкамам. Першы ў краіне. За два тыдні да таго, як ён стаў дзяржаўным», – адзначае ў лістах Бяляцкі.

За грамадзянскую актыўнасць Алеся Бяляцкага двойчы выганялі з аспірантуры (але ён усё ж скончыў яе ў 1989 годзе), не ўзялі на працу ў Акадэмію навук, а таксама ні ў Магілёўскую, ні ў Віцебскую педінстытуты.

У 1989 годзе Алесь Бяляцкі стаў дырэктарам менскага Літаратурнага музею Максіма Багдановіча. Гэта быў першы выпадак, калі на пасаду дырэктара музею не прызначалі звыш, а выбіралі. Музей хутка ператварыўся ў адзін з культурных цэнтраў.

З узмацненнем улады Аляксандра Лукашэнкі ў 1996 у Беларусі пачаліся жорсткія разгоны мірных акцыяў пратэсту. Алесь Бяляцкі ў тыя часы станавіўся заяўнікам шматлікіх масавых акцыяў у Менску. У выпадку разгонаў і затрыманняў суд не мог судзіць яго як дэпутата без дазволу гарсавету, а гарсавет такога дазволу не даваў.

Частка супрацоўнікаў музею пачала адрасна дапамагаць арыштаваным актывістам і іх сваякам. Неўзабаве нарадзілася ідэя праваабарончага цэнтру. Яго кіраўніком стаў Алесь Бяляцкі. У 2000-х Бяляцкі ён адышоў ад палітыкі і сканцэнтраваўся менавіта на праваабарончай дзейнасці.

Легальна праваабарончы цэнтр «Вясна» праіснаваў да 2003 года, калі за ўдзел у назіранні падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001-га яго беспадстаўна пазбавілі рэгістрацыі. Але каманда працягнула сваю працу. У 2007 годзе Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў ліквідацыю праваабарончага цэнтру «Вясна» парушэннем свабоды асацыяцыі сяброў арганізацыі і рэкамендаваў узнавіць у правах Алеся Бяляцкага і яго калег. У 2007 і двойчы ў 2009 годзе былі прадпрынятыя беспаспяховыя спробы рэгістрацыі арганізацыі ў Міністэрстве юстыцыі.

Партнёрамі «Вясны» сёння з’яўляюцца больш за 15 міжнародных і замежных праваабарончых арганізацый, а сам праваабарончы цэнтр прыняты сябрам у два міжнародныя аб’яднанні: «Міжнародная федэрацыя правоў чалавека» (The International Federation for Human Rights – FIDH), «Еўрапейская сетка арганізацыі па назіранню за выбарамі» (ENEMO). У 2007 годзе Алесь Бяляцкі стаў віцэ-прэзідэнтам FIDH – першым чалавекам з Усходняй Еўропы на гэтай пасадзе. Яго пераабіралі двойчы – у 2010 і 2013 гадах.

Алесь Бяляцкі з’яўляецца дзейным сябрам творчых саюзаў: Саюз беларускіх пісьменнікаў (1995), Беларускі Пэн-цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Пераслед

За актыўную пазіцыю і праваабарончую дзейнасць Алеся Бяляцкага судзілі больш за 20 разоў: спачатку ў БССР, а потым і ў сучаснай Беларусі.

У 2011 годзе Алеся Бяляцкага затрымалі: Літва і Польшча па запыце беларускіх уладаў перадалі ім інфармацыю аб банкаўскіх рахунках беларусаў, у тым ліку і Бяляцкага. Ён віну не прызнаў, патлумачыўшы, што сродкі з рахунку выкарыстоўваліся для дапамогі беларусам, якія траплялі пад рэпрэсіі. Краіны Еўразвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнем, а прысуд – палітычна матываваным. МЗС Літвы пазней выказаў пратэст супраць дзеянняў беларускіх уладаў, а амбасадар Літвы ў Беларусі асабіста прасіў прабачэння ў сямʼі праваабаронцы.

Бяляцкі ж сядзеў – спачатку ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага, потым у Жодзінскай турме і ў калоніі №2 у Бабруйску, дзе працаваў пакавальнікам і зарабляў крыху больш за адзін долар ЗША. Праваабаронцу вызвалілі ў 2014 годзе па амністыі. За час, праведзены ў бабруйскай калоніі, Бяляцкі напісаў дзве кнігі, сярод якіх «Асвечаныя беларушчынай». У 2014-м кнігу забаранілі правозіць праз беларускую мяжу, бо нібыта знайшлі ў ёй шкоду дзяржаўным інтарэсам Беларусі.

Вытрымка з кнігі «Наша Вясна», 2012 г.: «Я ж сваю грамадскую дзейнасць пачаў яшчэ ў часы Савецкага Саюзу, калі мы стваралі так званыя не фармальныя абʼ яднанні студэнцкай моладзі. Я маю на ўвазе першую і другую палову 80-х. У незалежніцкім падпольным руху я з 82-га года, фактычна з 20 гадоў. Калі праглядаеш нашы праграмныя дакументы, то бачна, што ставілася задача – дабіцца дэмакратычнай незалежнай Беларусі, у якой бы паважаліся правы чалавека. Для мяне вельмі важным ужо тады было разуменне: не можа быць Беларусі без дэмакратыі і не можа быць правоў чалавека без незалежнай Беларусі. Гэта для нас мо на звязана гістарычна, таму што на працягу апошніх некалькіх сотняў гадоў любыя папярэднія ўлады мэтанакіравана знішчалі беларусаў як народ, знішчалі беларускую культуру».

Кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Беляцкі,
Фота: belsat.eu

Алесь Бяляцкі мог з’ехаць і жыць за мяжой, але не зрабіў гэтага. На прэс-канферэнцыі пасля першага вызвалення з калоніі праваабаронца казаў, што зʼязджаць не збіраецца, бо яму ў Беларусі вельмі камфортна, нават на зоне адчуваў сябе дастаткова камфортна, бо вакол былі свае людзі. Ён адзначыў, што для яго вельмі важна адчуваць сябе менавіта ў беларускім грамадстве. Свайму прынцыпу ён застаўся верным нават пасля таго, як у Беларусі пачаў раскручвацца махавік рэпрэсіяў пасля пратэстаў 2020 года.

У ліпені 2021 года Алесь Бяляцкі і іншыя праваабаронцы і валанцёры «Вясны» былі затрыманыя падчас разгрому ў Беларусі недзяржаўных арганізацый. Ужо больш за год Бяляцкі ў зняволенні, яму ставяць у віну ўхіленне ад выплаты падаткаў. З адвакатаў праваабаронцаў, а таксама шматлікіх сведкаў былі ўзятыя падпіскі аб неразгалошванні, таму справа пакрытая таямніцай.

«Ці чакалі арыштаў? Зразумела, Алесь ведаў пра магчымае развіццё падзей. Ды і не толькі ён. Усе гэта разумелі. І размовы былі пра гэта, і не толькі са мной. Алесь ад самага пачатку сказаў, што нікуды не з’едзе. На той момант ужо былі арыштаваныя яго калегі-праваабаронцы. Немагчыма было з’ехаць, кінуць людзей. Ён адчуваў адказнасць, маральную адказнасць за людзей, таму заставаўся ў Беларусі, па сутнасці ў чаканні арышту…

…А хто робіць свет лепшым? Ідэалісты. Не? Калі падлічваць цяжкасці, то яны ёсць. Гэта плата за свае імкненні, ідэі. Але ў Алеся гэта ўсё натуральна. Як дыхаць. Ён не ўяўляе сваё жыццё без Беларусі, без мовы, свабоды, без тых каштоўнасцяў, якія ёсць для яго арыенціры, і якім ён ніколі не здраджваў. Гэта ўсё неад’емна ад яго асобы, яго самасць», – адзначае Наталля Пінчук у інтэрв’ю БАЖ.

Паплечнікі Алеся Бяляцкага, якія паспелі выехаць з краіны, тым не менш працягваюць працу: вядуць улік палітвязняў, падтрымліваюць сувязь з іх сваякамі, расказваюць аб судовых працэсах па палітычных справах.

Мужная і паслядоўная пазіцыя Алеся Бяляцкага па адстойванню правоў чалавека ў Беларусі і ва ўсім свеце адзначалася многімі міжнароднымі ўзнагародамі. Як праваабаронца Бяляцкі ў розныя гады атрымліваў прэмію Свабоды імя Сахарава Нарвежскага Хельсінкскага камітэту, прэмію Леха Валенсы, прэмію Вацлава Гавела, прэмію імя Петры Келі, прэмію дзярждэпартамента ЗША і іншыя.

Яшчэ Алесь Бяляцкі вядомы як літаратар і даследчык беларускай літаратуры. Агулам ён выпусціў каля дзесяці кніг, многія матэрыялы для якіх былі напісаны падчас яго зняволення. У сваіх кнігах ён разважае пра падзеі асабістага і грамадскага жыцця, людзей побач з сабой, падарожжы, гісторыю і літаратуру Беларусі, стан у зняволенні. Напрыклад, «Бой з сабой», першыя тры главы якой пісаліся ў Бабруйскай калоніі, «Турэмныя сшыткі», якія пункцірна ствараліся ў розных сшытках або на асобных лістах падчас зняволення. Цяпер Алесь, знаходзячыся ў турме, робіць нататкі для сваёй новай кнігі.

У інтэрв’ю медыяпраекту «Август2020» у траўні 2021 года Алесь Бяляцкі ўзгадвае падзеі 2020 года і дзеліцца сваімі думкамі:

«…Ты трапляеш у асяроддзе, дзе цябе трэба прэсаваць, трэба прыніжаць, трэба пераследваць, трэба абмяжоўваць твае нават куцыя правы, якія ты маеш у зняволенні. Гэтыя рэчы, на жаль, цяпер культывуюцца ў дачыненні да палітвязняў. Я таксама быў у зняволенні. Там, вядома, трэба мець вытрымку і цярпенне, таму што суткамі, тыднямі, месяцамі часам прыходзіцца проста чакаць і не рабіць рэзкіх лішніх рухаў…»

Акцыя салідарнасьці з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны» адбылася ў Кіеве на Алее Герояў Нябеснай Сотні. Выступае Аляксандра Раманцова, выканаўчая дырэктарка Цэнтру грамадзянскіх свабод.
17 верасьня у эўрапейскіх гарадах стартуе кампанія салідарнасьці #FreeViasna з праваабаронцамі, якія цяпер за кратамі. Сярод палітвязьняў старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, ягоны намесьнік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімер Лабковіч, каардынатарка валянтэрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік Гомельскай філіі Леанід Судаленка, валянтэры Андрэй Чапюк і Тацяна Ласіца.
Правесці акцыю таксама плануецца у Варшаве і Вільні.
Кіеў, Украіна. 17 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

«…Наогул было такое адчуванне, што прыйшла вайна. Я насамрэч чакаў, што будзе ўведзенае ваеннае становішча, што будзе ўведзенае войска. Але чамусьці тады ўлады гэтага не зрабілі і адступілі назад. Не ведаю, можа, псіхалагічна там нешта адбылося, ці яны былі не гатовы да такога ўпартага супраціву і да гэтай хвалі нянавісці да іх за сфальсіфікаваныя выбары, за тое, што ў людзей скралі магчымасць выбіраць…»

«…Мы ж бачым, тады ўся Беларусь стаяла на вушах, людзі патрабавалі справядлівасці і нічога болей. Безумоўна, гэта быў загад, безумоўна, гэта быў нават не адзін загад. Гэта было ўказанне на сілавое падаўленне масавых пратэстаў, прычым з выкарыстаннем вось гэтых садысцкіх метадаў: катаванняў, забойстваў, раненняў…»

«…Я палез у архівы ПЦ «Вясна» і паглядзеў, як гэта адбывалася пасля Маршу Свабоды ў 1999 годзе, які праходзіў 20 гадоў таму. І тады, і цяпер абсалютная большасць людзей, якія былі затрыманыя, – гэта звычайныя грамадзяне, гэта не падрыхтаваныя баевікі, не падрыхтаваныя атрады, якія гатовыя, так бы мовіць, нейкім сілавым чынам захапіць уладу. Гэта людзі самых шырокіх пластоў насельніцтва…»

«…Мы ўсё гэта ўбачылі, калі гэтыя людзі пайшлі да нас са сваімі сведчаннямі, пачалі расказваць. Гэта атмасфера сталай напругі. Ты проста рэальна там знаходзішся ўвесь час як на вайне. Цяпер аказалася, што наша праца злачынная, яна апынулася па-за законам…»

«…Але ў пераважнай большасці настроі людзей не змяніліся, гэта абсалютна дакладна. Людзі не збіраюцца мірыцца з гэтай уладай, і ўлада знаходзіцца ў меншасці. Доўга працягвацца гэта не можа. Я б сказаў, што трэба проста вытрымаць, трэба вытрымаць гэты час…»

СП belsat.eu

Стужка навінаў