Былы кіраўнік TVP напісаў адкрыты ліст пра будучыню «Белсату»


Былы старшыня ўправы польскага тэлебачання Юльюш Браўн звярнуўся да чальцоў Камітэту культуры і сродкаў масавай інфармацыі з просьбай гарантаваць стабільнасць дзейнасці тэлеканалу «Белсат». «Сёння наш абавязак – забяспечыць належныя ўмовы для незалежнага тэлебачання, скіраванага на гледачоў краінаў, дзе існаванне свабодных медыяў не магчымае», – падкрэсліў ён у адкрытым лісце.

Публікуем адкрыты ліст Юльюша Браўна з невялікімі скарачэннямі.

Новая студыя Белсату
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журналісты «Белсату» Ігар Кулей і Віталь Бабін.
Фота: Белсат

Шматлікія звесткі, у тым ліку публікацыі ў СМІ, сведчаць, што на гэты момант стабільная праца тэлеканалу «Белсат» пад пагрозай.

«Белсат» пачаў вяшчанне ў 2007 годзе як беларускамоўнае спадарожнікавае тэлебачанне на аснове пагаднення паміж Міністэрствам замежных справаў Рэспублікі Польшча і Польскім тэлебачаннем. У цяперашні час, як паведамляе кіраўніцтва тэлеканалу, «Белсат» штодня даступны гледачам па ўсёй Еўропе ў лічбавым фармаце, падаючы інфармацыю пра асноўныя падзеі ў Беларусі, рэгіёне і ва ўсім свеце. Фінансаванне каналу ў асноўным ажыццяўляецца за кошт субсідыяў Міністэрства замежных справаў, дапаўняецца замежнымі грантамі.

Гледачы глядзяць трансляцыі «Белсату», дакументальныя фільмы і праграмы таксама на трынаццаці каналах YouTube, якія толькі за апошнія 90 дзён наведалі (у залежнасці ад каналу) ад 1,8 да 18,6 млн унікальных гледачоў. Самыя буйныя групы гледачоў каналаў «Белсату» – жыхары Расеі, Беларусі, Украіны і Казахстану, а таксама – для каналаў на польскай і англійскай мовах – жыхары Польшчы і іншых еўрапейскіх краінаў. На самым буйным канале YouTube Vot Tak, які вяшчае на расейскай мове, больш за 55 % унікальных гледачоў – жыхары Расеі, а другой паводле велічыні групай сталі ўкраінцы. За апошнія 90 дзён гэты канал глядзелі 13,8 млн унікальных гледачоў, з якіх 55,3 % – жыхары Расеі. Гэта ясна паказвае важнасць «Белсату» з гледзішча інтарэсаў нашай краіны.

Каб паказаць умовы працы белсатаўцаў, варта нагадаць, што ў 2020 годзе журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова былі затрыманыя міліцыяй падчас жывой трансляцыі ў Менску. 18 лютага 2021 года суд засудзіў журналістак на 2 гады калоніі за «арганізацыю беспарадкаў». Кацярына Андрэева ўсё яшчэ застаецца ў турме, бо ўжо падчас зняволення яна атрымала яшчэ адзін прысуд – больш за 8 гадоў турмы за «здраду дзяржаве». Сярод палітычных зняволеных рэжыму Лукашэнкі ёсць і іншыя людзі, якія супрацоўнічалі з «Белсатам».

У выніку пачатку працэсу ліквідацыі TVP улады прынялі рашэнні, якія фактычна абцяжарваюць рэалізацыю праграмных намераў, пагражаючы, у тым ліку, сістэматычнаму выхаду інфармацыйных праграмаў.

Мы памятаем, наколькі важныя былі для палякаў у час камунізму свабодныя сродкі масавай інфармацыі, якія транслююць праграмы з-за мяжы: радыё «Свабодная Еўропа», польскамоўныя перадачы BBC – брытанскага грамадскага вяшчальніка, і іншыя радыёстанцыі. Такім чынам, сёння наш абавязак – гарантаваць адпаведныя ўмовы для незалежнага тэлебачання, накіраванага на гледачоў краінаў, дзе існаванне свабодных медыяў немагчымае.

belsat.eu / ЮК

Стужка навінаў