Топ-10 самых смяротных землятрусаў ХХІ стагоддзя. Пасля іх раслі горы і з'яўляліся азёры


6 лютага тысячы асобаў сталі ахвярамі моцнага землятрусу, што ўночы скалыхнуў памежжа Турэччыны і Сірыі. Таксама асобныя штуршкі фіксаваліся ў гэты дзень і ў іншых рэгіёнах Еўразіі: Румыніі, Казахстане і на Тайвані. Карэспандэнты «Белсату» сабралі топ-10 самых катастрафічных паводле колькасці ахвяраў землятрусаў гэтага стагоддзя.

Самыя смяротныя землятрусы ў ХХІ стагоддзі. Інфаграфіка: Белсат

Індыйскі акіян, 2004 год

Безумоўнае лідарства ў рэйтынгу мае землятрус, што здарыўся ў Індыйскім акіяне 26 снежня 2004 года. Паводле сваёй магнітуды ў 9,1-9,3 ён стаў адным з самых моцных за ўсю гісторыю назіранняў. Мацней быў толькі землятрус 1960 года ў Чылі з магнітудай 9,5, а паводле колькасці ахвяраў землятрус 2004 года ўваходзіць у топ-10 за ўсю чалавечую гісторыю. Яго эпіцэнтр знаходзіўся ў Індыйскім акіяне каля аднаго з астравоў Інданезіі. Але найбольшыя разбурэнні і колькасць ахвяраў прынёс не сам землятрус, а цунамі, якое ён выклікаў. Хвалі, вышыня якіх дасягала 15 метраў, разышліся па ўсім акіяне, ажно да Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Агульная колькасць ахвяраў ацэньваецца ў амаль 228 тысячаў асобаў, але падлікі ўскладняюцца тым, што вялікую колькасць людзей проста змыла ў акіян. Самыя вялікія людскія страты панеслі Інданезія (167,5 тыс. ахвяраў), Шры-Ланка (35,3 тыс.), Індыя (12,4 тыс.) і Тайланд (5,4 тыс.). З агульнай лічбы каля 9 тыс. ахвяраў прыйшлося на замежных турыстаў, пераважна еўрапейцаў, якія сустракалі калядныя святы на паўднёвых курортах.

Гаіці, 2010 год

Трагічнае «срэбра» мае землятрус магнітудай 7,0, які 12 студзеня 2010 года скалыхнуў амерыканскую краіну Гаіці. Лічбы ахвяраў катастрофы вельмі адрозніваюцца, але пераважна перавышаюць 100 тысячаў. Сам гаіцянскі ўрад заяўляе пра колькасць ад 222 да 316 тысячаў ахвяраў, праўда, у праўдзівасці такіх ацэнак ёсць сумневы. Сярод ахвяраў былі нават кіраўнікі гаіцянскай апазіцыі і Каталіцкага касцёлу. Наступствы землятрусу пагоршылі эпідэмія халеры і ўраган «Томас», што ахапілі і так разбураную краіну ўвосень таго ж года. На сёння Гаіці – гэта самая бедная краіна ў заходнім паўшар’і. Праўда, яна такой была і да катастрофаў 2010 года.

УВАГА! ЗДЫМАК МОЖА ШАКАВАЦЬ! Ахвяры землятрусу ляжаць перад моргам агульнай больніцы праз два дні пасля землятрусу магнітудай 7,0. Порт-о-Прэнсе (Port-au-Prince), Гаіці. 14 студзеня 2010 года.
Фота: AFP Photo / UN / Minustah / Logan Abassi / East News

Кітай, 2008 год

Замыкае першую тройку самых смяротных землятрусаў ХХІ стагоддзя землятрус 12 траўня 2008 года ў кітайскай правінцыі Сычуань на мяжы з Тыбецкімі гарамі. Яго магнітуда склала 7,9 або 8,0. Сумарная колькасць ахвяраў і зніклых без вестак склала каля 106 тыс. асобаў. У выніку землятрусу ў гарах на месцах ранейшых рэк утварыліся 34 возера, што пагражалі затапленню суседніх паселішчаў, жыхароў якіх у выніку давялося таксама перасяліць. Амерыканская кіназорка Шэран Стоўн назвала гэты землятрус «кармай» за стаўленне кітайскіх уладаў да жыхароў Тыбету і лідара тыбецкіх будыстаў Далай-Ламы.

Пакістан, 2005 год

Блізкім, паводле колькасці ахвяраў, да папярэдняга стаў землятрус 2008 года ў пакістанскім рэгіёне Кашмір. Яго магнітуда 8 кастрычніка склала 7,6. Землятрус выклікаў вялікія разбурэнні ў Пакістане, а таксама ў суседніх раёнах Афганістану і Індыі. Як паведамлялася, у Пакістане ахвярамі катастрофы сталі ад 87 да 100 тысячаў асобаў. Яшчэ каля 1,4 асобаў загінулі ў Індыі. Паводле назіранняў спадарожнікаў, адным з вынікаў землятрусу стаў рост некаторых гімалайскіх гораў у эпіцэнтры штуршкоў.

Разбурэнні ў цэнтры гораду Музафарабад (Muzaffarabad) пасля землятрусу магнітудай 7,6, які адбыўся ў рэгіёне Кашмір, Пакістан. 8 кастрычніка 2005 года.
Фота: Carsten Koall / Visa / Forum

Іран, 2003 год

Завяршае топ-5 землятрус 2003 года ў Іране. Асноўны яго ўдар прыйшоўся на горад Бам, у якім была знішчаная амаль уся старажытная архітэктура. Колькасць ахвяраў землятрусу ацэньваецца ад 22 да 35 тысячаў асобаў пры магнітудзе 6,6. Вялікі лік ахвяраў тлумачыцца тым, што ў горадзе не выконваліся нормы будаўніцтва жытла ў сейсма-актыўных рэгіёнах. Шмат якія дамы былі пабудаваныя з няякаснай цэглы ды мелі цяжкі гліняны дах, што і пахавалі пад сабой вялікую колькасць людзей.

Японія, 2011 год

Параўнальным паводле магутнасці да землятрусу 2004 года ў Індыйскім акіяне стаў землятрус 2011 года ў Японіі. Ён здарыўся 11 сакавіка і меў магнітуду 9,1. Гэта самы моцны вядомы землятрус за ўсю гісторыю краіны. Ягоны эпіцэнтр знаходзіўся ў Ціхім акіяне недалёка ад вострава Хонсю, што выклікала моцнае цунамі. Хвалі ад яго дашлі нават да Чылі на іншым беразе акіяну, разбурыўшы некаторыя катэджы і катары. У самой Японіі хвалі затапілі тысячы дамоў ды выклікалі пажары. Ахвярамі (памерлымі і зніклымі) землятрусу лічацца каля 22 тыс. асобаў. Сярод памерлых 90% асобаў патанулі, а ахвярамі разбурэнняў сталі толькі 4,2%. Больш як палова загінулых была старэйшай за 60 гадоў. Адным з наступстваў катастрофы стала таксама аварыя на АЭС Фукусіма-1.

Члены сілаў самаабароны Японіі нясуць цела ахвяры праз тыдзень пасля землятрусу і цунамі ў Кэсэннума (Kesennuma), Японія. 19 сакавіка 2011 года.
Фота: Damir Sagolj / Reuters / Forum

Індыя, 2001 год

Яшчэ адзін землятрус з топ-10 самых смяротных землятрусаў, што здарыўся на мяжы Індыі і Пакістану, адбыўся 26 студзеня 2001 года, але ўжо па індыйскі бок мяжы. У выніку штуршкоў магнітудай 7,6-7,7 загінулі ад 14 да 20 тыс. асобаў, пераважна ў індыйскім штаце Гуджарат.

Непал, 2015 год

Землятрус здарыўся за 85 кіламетраў ад сталіцы Непалу Катманду 25 красавіка 2015 года. Ён меў магнітуду 7,8. Ахвярамі трагедыі сталі 8857 асобаў у самім Непале і яшчэ каля сотні ў суседніх Індыі, Кітаі і Бангладэш. Чарговыя штуршкі паўтараліся яшчэ некалькі дзён, а 12 траўня здарыўся яшчэ адзін землятрус, ад якога загінулі яшчэ 218 асобаў. Землятрус 25 красавіка выклікаў таксама сходы лавінаў з гораў, забіўшы 22 альпіністы на Эвэрэсце і каля 250 асобаў у даліне Лангтанг. Адначасовая смерць людзей на Эвэрэсце стала рэкорднай за ўвесь час.

Непальцы спяць ва ўмоўных намётах пасля землятрусу ля аэрапорту Катманду, Непал. 28 красавіка 2015 года.
Фота: Wolfgang Rattay / Reuters / Forum

Інданезія, 2006 год

Чарговы моцны землятрус у Інданезіі здарыўся амаль праз паўтара гады пасля каляднага землятрусу 2004 года – 27 траўня 2006-га. Тады штуршкі з магнітудай 6,4 ударылі па востраве Ява. Ахвярамі землятрусу сталі 5,7 тыс. асобаў. Таксама моцна пацярпеў індуісцкі храмавы комплекс ІХ стагоддзя Прамбанан.

Турцыя і Сірыя, 2023 год

Патрапіў у спіс і нядаўні землятрус 6 лютага 2023 года на мяжы Сірыі і Турэччыны. Яго ахвярамі станам на 7 лютага ўжо прызнаныя больш як 5000 асобаў у дзвюх краінах. Пры гэтым штуршкі адчуваліся і ў іншых, напрыклад, у Ліване і на Кіпры. Землятрус магнітудай 7,8 ужо стаў самым смяротным у Турэччыне з 1999 года. Частымі сталі кадры, як турэцкія шматпавярховікі проста складваюцца нібы картачныя домікі ў выніку штуршкоў. Не пашкадавала катастрофа і гістарычныя помнікі, напрыклад, замак яшчэ часоў Рымскай імперыі ў Газі’Антэпе.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў