Памёр былы кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік


5 жніўня на 76-м годзе жыцця памёр Леанід Козік, адзін з адданых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Падчас сваёй дзейнасці Козік займаў розныя пасады ў дзяржаўным апараце, але найбольш запомніўся як кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якія ён узначальваў да 2014 года.

Леанід Пятровіч Козік (1948-2023).
Фота: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі

Леанід Пятровіч Козік нарадзіўся ў 1948 годзе ў Барысаве. Пачынаў сваю працоўную дзейнасць на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання.

З 1990 па 1995 быў дэпутатам Вярхоўнага Савета і ўзначальваў камісію па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі. У 1998 стаў намеснікам старшыні Савета Міністраў Беларусі. У 2001 годзе перайшоў на пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі.

У 2002 годзе быў абраны трэцім старшынём Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Перавод Козіка на гэтую пасаду звязваюць найперш з тым, што папярэдні лідар прафсаюзаў Уладзімір Ганчарык наважыўся кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку падчас выбараў 2001 года і таму стаў непажаданым на гэтай пасадзе. Падчас кіравання Козіка прафсаюзамі пачаўся працэс пераводу беларускіх рабочых на тэрміновыя працоўныя кантракты, а самі прафсаюзы сталі падначальвацца ўладам і адміністрацыям прадпрыемстваў.

У 2010 годзе перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі Леанід Козік падтрымаў ад імя прафсаюзаў Аляксандра Лукашэнку, заявіўшы, што арганізацыя гатовая сабраць неабходную колькасць подпісаў за ягонае вырушэнне кандыдатам. Пазней Лукашэнка пахваліць прафсаюзы за гэтую працу.

Яшчэ адным з цікавых фактаў біяграфіі Козіка стала прапанова ў ліпені 2011 года вылучыць Аляксандра Лукашэнку на Нобелеўскую прэмію ў вобласці эканомікі. На думку Козіка, такой прэміі заслугоўвала ідэя Лукашэнкі аб пабудове сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Асабліва цікава глядзелася такая прапанова на фоне нядаўняга эканамічнага і валютнага крызісаў, наступствамі якога стала дэвальвацыя беларускага рубля.

У той жа час у 2014 годзе Леанід Козік, выступаючы з прамовай на 1 траўня, адзначыў, што Беларусь заўсёды будзе свабоднай, незалежнай краінай. «Ніхто нас не чапайце – ні злева, ні справа, дайце нам свабодна жыць, развівацца. І не спрабуйце думаць, што вы калісьці валодалі Паўночна-Заходнім краем або яшчэ чымсьці. Мы не хочам быць ніякім краем, мы – Рэспубліка Беларусь, у нас ёсць прэзідэнт Лукашэнка. Мы яго падтрымліваем, таму што хто б што ні плёў, ні казаў, а ён вядзе краіну правільным курсам», – згадвае словы Леаніда Козіка выданне «Наша Ніва».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў