Вадзім Мажэйка: «Магчыма, праз такі ціск атрымаецца даціснуць Лукашэнку»


Адмысловая спавяшчальніца ААН Анаіс Марэн заявіла, што справы з правамі чалавека ў Беларусі працягваюць пагаршацца. Пра гэта ж казалі і падчас сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ у Ванкувэры, у выніковай дэкларацыі якой пазначылі, што цяпер адбываецца «мяккая анексія» Беларусі Расеяй. Якім чынам гэтыя заявы могуць паўплываць на рэжым Лукашэнкі і ці ўдасца яму пазбегнуць адказнасці за свае злачынствы, у жывым эфіры распавёў каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

«Галоўнае – разумець, якога ўплыву мы чакаем. Дзіўна было б чакаць, калі б выступы будзь каго-небудзь якім высокім узроўні маглі звяргаць рэжымы. Калі б было так, то дэмакратыя ва ўсім свеце перамагла значна хутчэй, чым гэта ёсць зараз. Тым не менш не трэба недаацэньваць такія заявы, бо, сапраўды, так некаторыя прыхільнікі рэжыму лічаць, тыпу, ну, і што, нехта там недзе выступіў, нас асудзілі – якая розніца? Насамрэч, канешне, розніца вялікая ёсць, бо менавіта з такога і складаецца імідж краіны, ейнага кіраўніка. Гэта ўлічваецца і міжнароднымі фінансавымі структурамі пры крэдытаванні».

Вадзім Мажэйка падкрэслівае, што такія заявы пра лукашэнкаўскі рэжым – вельмі важныя. Яны ствараюць вобраз краіны, і акурат іх улічваюць контрагенты, прымаючы нейкія рашэнні, датычныя Беларусі. Таму важна, паводле эксперта, каб гэтая тэма гучала на розных міжнародных пляцоўках не толькі для вырашэння ўжо існуючых праблемаў, але і для тых, якія могуць узнікнуць.

Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. На здымку – Вадзім Мажэйка з аналітычнай супольнасці «Наша меркаванне». Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Што ж датычыць пытання «мяккай анексіі» Беларусі Расеяй, то каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» мяркуе, што ніякія рэзалюцыі асобна не маюць моцнага эфекту, але ў сукупнасці яны набываюць большую моц. У выніку нават тыя краіны, якім не цікавая палітычная і дэмакратычная сітуацыя ў Беларусі, мусяць прыслухоўвацца да гэтых заяваў.

«Магчыма, праз такі ціск атрымаецца даціснуць Лукашэнку. Трэба разумець, што няма ідэальных механізмаў. Не толькі ў нас, ні ў каго іх няма, ніхто іх не ведае, але вельмі важна ісці па ўсіх шляхах, па ўсіх напрамках, не апускаць рукі. Зрэшты нават самі лукашэнкаўцы гэта прызнаюць. Бо, канешне, калі прымаюцца нейкія санкцыі, рэзалюцыі, яны заўсёды кажуць: да мы тут не пры чым, нам не страшна. А потым пры любой магчымасць кажуць: давайце гэтыя санкцыі адменім, гэта няправільна, а давайце такія рэзалюцыі не прымаць, пачынаюць змагацца за месца ў Радзе бяспекі ААН. Мы бачылі, як рознымі альтэрнатыўнымі праўладнымі дакладамі ў Сусветнай арганізацыі працы таксама яны спрабавалі даказаць, быццам, так ідэальна ўсё з правамі працоўных у Беларусі і на прафсаюзнікаў незалежных у нас ніяк не ціснуць».

Таму, падкрэслівае эксперт, улічваючы той факт, што рэжым Лукашэнкі імкнецца мець значна вышэйшы статус у міжнародных арганізацыях і «чуць прыемныя словы», трэба працягваць гэты ціск.

Да ўсяго, падсумоўвае Вадзім Мажэйка, нам варта вучыцца ў дэмакратычных краінаў таму, як працуюць палітычныя кампрамісы, крок за крокам, бо акурат так працуе дэмакратыя.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў