Пакуль існуе рэжым, Беларусь будзе ўсё глыбей пагружацца ў балота расейскай акупацыі


5 ліпеня спецдакладчык ААН па Беларусі Анаіс Марын у Радзе ААН па правах чалавека назвала сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі «катастрафічнай». А ў дэкларацыі Парламенцкай асамблеі АБСЕ Беларусь называецца суагрэсарам. У сувязі з гэтым «Белсат» паспрабаваў высветліць, чаму на сённяшні дзень так важна, каб тэма Беларусі гучала на міжнародных пляцоўках і ці дае гэта практычны эфект.

АБСЕ.
Фота: OSCE

Тэма Беларусі павінна гучаць на сусветных пляцоўках

Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка лічыць, што тэма Беларусі павінна гучаць на міжнародных пляцоўках, такіх як ААН, АБСЕ, Рада Еўропы, НАТО. Таму што сёння ў вялікай ступені лёс Беларусі залежыць ад міжнароднай супольнасці, ад яе рашучасці і канкрэтных крокаў. Таксама маюць значэнне такія чыннікі, як санкцыі, што дапамагаюць аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі, і дапамога беларускаму дэмакратычнаму руху.

«Мы адчуваем, што самі перамагчы ў гэтай барацьбе супраць тыраніі, супраць Лукашэнкі і Пуціна не можам, а таму нам важныя скаардынаваныя дзеянні заходніх партнёраў. Нам важна падкрэсліваць сваю суб’ектнасць, важна, каб Беларусь не трапіла ў клешчы Крамля і каб пра яе не забылі. Таму што, як толькі перастануць гаварыць пра Беларусь, яе проста пакінуць на з’ядзенне Пуціну. І таму гэтыя паездкі Ціханоўскай, яе бясконцыя сустрэчы маюць вялізнае значэнне: мы застаемся на парадку дня, голас беларусаў чуюць, пра нас гавораць», – адзначыў Франак Вячорка.

У сувязі з гэтым тое, што Рада па правах чалавека ў ААН тройчы за апошні час праводзіць дыскусіі па тэме Беларусі – гэта, на думку палітыка, вялікае дасягненне. Не меншае значэнне мае і тое, што ў рэзалюцыях Парламенцкай асамблеі АБСЕ гучаць словы пра анексію Беларусі Расеяй. Франак Вячорка адзначае, што «яшчэ год таму яны не пасмелі б так сказаць, назваць рэчы сваімі імёнамі, а зараз набіраюцца смеласці», і гэта таксама вынік працы, якую праводзяць дэмакратычныя сілы.

Ці наносяць гэтыя заявы шкоду рэжыму?

Франак Вячорка лічыць, што Лукашэнка робіць выгляд, быццам міжнародная рэакцыя і міжнародная думка для яго не маюць значэння. «Але гэта не так, – адзначыў суразмоўца, – ён пакутуе ад таго, што яго ніхто не прызнае, што яго не сустракаюць на высокім узроўні, не называюць прэзідэнтам. Яму ад гэтага кепска, і таму ўсе свае дэлегацыі ў розных краінах, у розных арганізацыях ён накіроўвае, каб яны лабіявалі інтарэсы Лукашэнкі».

«Памятаеце, як істэрычна адрэагавала лукашэнкаўская дэлегацыя на рашэнне Міжнароднай арганізацыі працы? – пытаецца Франак Вячорка. – Яны ажно пяць матэрыялаў прысвяцілі на БЕЛТА, асуджаючы і абвінавачваючы Міжнародную арганізацыю працы ў перадузятасці, у тым, што іхныя крокі матываваныя нейкімі палітычнымі фактарамі».

«Мы разумеем, што зараз усе дыпламатычныя місіі Лукашэнкі скіраваныя на тое, каб адмываць ягоную рэпутацыю. Санкцыі перакрылі многія лазейкі, крыніцы даходаў, ён не можа больш гандляваць спакойна калійнымі ўгнаеннямі. Яму ад гэтага баліць. Так, Пуцін яго выручае, але Пуцін не будзе выручаць бясконца, і ў Пуціна таксама заканчваюцца рэсурсы, усё вычэрпваецца, ідзе на вайну. Лукашэнка разумее, што губляе сілы, энергію і запас, рэзерв і таму ўсё больш актыўна і істэрычна дзейнічае на міжнароднай арэне, спрабуючы да сябе прыцягнуць увагу», – сказаў Вячорка.

Спадзяванні на вайну аказаліся марнымі

Паводле словаў дарадцы Ціханоўскай, «Лукашэнка хацеў бы спаць спакойна, каб пра яго ніхто не гаварыў, і ён бы спакойна рабіў свае злачынствы ў Беларусі: катаваў бы Лосіка і Бяляцкага ў турмах і каб усе пра гэта маўчалі. Яму таму і была выгадная вайна Расеі супраць Украіны, таму што яна адцягвала ўвагу ад рэпрэсіяў супраць беларусаў. Але ж не, у яго гэта не атрымалася, вайна не перабіла тыя жахі, якія ёсць у краіне, і ўсё роўна свет звяртае ўвагу – вядома, яго гэта непакоіць».

Святлана Ціханоўская на ПА АБСЕ 24 лютага.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Вячорка лічыць, што гэта непакоіць Лукашэнку як з псіхалагічнага гледзішча, так і з палітычнага, таму што без міжнароднага прызнання ён губляе палітычную вагу, а зараз адзіны палітычны саюзнік, які ў яго застаўся, – гэта Пуцін. Працягваюць яму руку таксама Іран і Кітай, але пры гэтым не даюць грошай.

Называць рэчы сваімі імёнамі

Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка, які ініцыяваў працэс прызнання Беларусі акупаванай тэрыторыяй, а рэжым Лукашэнкі марыянеткавым, адзначыў, што ён вельмі рады, што Парламенцкая асамблея АБСЕ нарэшце пачала гаварыць пра акупацыю Беларусі.

«Я думаю, што гэта самая правільная фармулёўка, бо гэта праўда: Беларусь рэальна акупаваная, лукашэнкаўскі рэжым рэальна марыянеткавы. Таму гэта важна для нас, каб называць рэчы сваімі імёнамі… Я рады, што Парламенцкая асамблея АБСЕ пачынае пра гэта гаварыць, бо гэта сур’ёзная міжнародная пляцоўка», – адзначыў украінскі дэпутат.

Ён выказаў спадзяванне, што гэта падштурхне і Украіну, і іншыя краіны свабоднага свету прызнаць рэальнасць і «прыняць адпаведныя рашэнні – з далейшым разрывам дыпламатычных адносінаў з рэжымам Лукашэнкі і выключэннем лукашэнкаўскай Беларусі з міжнародных арганізацый».

«Бо калі Беларусь акупаваная, то якое яна можа займаць месца ў ААН, у АБСЕ і іншых арганізацыях? – пытаецца Ганчарэнка. – Яго там няма сёння. Калі Беларусь будзе вызваленая, то, канечне, яна павінна заняць сваё месца. А лукашэнкаўскай Беларусі там няма месца».

Пры гэтым Аляксей Ганчарэнка адзначыў, што яму не здаецца, быццам такое прызнанне прывядзе да большай залежнасці Беларусі ад Расеі. На яго думку і так у краіне ўжо ёсць расейскія войскі, а Лукашэнка поўнасцю залежны ад Пуціна, і гэта трэба прызнаць.

«Наша задача, – адзначае ўкраінскі дэпутат, – знесці гэты рэжым, ён не павінны існаваць. Пакуль існуе лукашэнкаўскі рэжым, Беларусь будзе ўсё глыбей і глыбей пагружацца ў балота расейскай акупацыі».

Рэжым ужо прызвычаіўся да падобных заяваў

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, ацэньваючы карысць заяваў, зробленых на міжнародных пляцоўках, лічыць, што было б куды горш, калі б пытанні парушэння правоў чалавека ў Беларусі не ўзгадваліся на міжнародных пляцоўках увогуле. Бо калі паглядзець на тое, што апошнім часам хвалюе еўрапейскіх палітыкаў у разрэзе беларускай тэмы, то гэта пытанні ядравай зброі, вагнэраўцаў, якія прыйшлі ў краіну, удзелу Беларусі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. А вось што датычыцца пытанняў правоў чалавека, то яны ўжо не разглядаюцца так часта, не носяць сістэмны характар і, натуральна, не ўплываюць на сітуацыю ў самой краіне.

«Але гэта не значыць, што гэтыя пытанні не павінны ўздымацца. Бо калі яны ўздымацца не будуць, то сітуацыя, вядома ж, не палепшыцца. З гэтага пункту гледжання любая згадка гэтых пытанняў на міжнародных пляцоўках – гэта добрая з’ява, гэта можна толькі вітаць», – адзначыў Аляксандр Фрыдман.

Што ж тычыцца канкрэтных вынікаў падобных заяваў, то, на погляд палітычнага аглядальніка, пакуль што сур’ёзным чынам яны на сітуацыю не паўплывалі. Так, рэжыму гэта не падабаецца, але, падобна, лічыць Аляксандр Фрыдман, ён ужо да гэтага прызвычаіліся і ставіцца спакойна.

Hавiны
АБСЕ прызнала «мяккую анексію» Беларусі Расеяй, а ПВК Вагнэра – тэрарыстычнай арганізацыяй
2023.07.05 08:30

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў