Прапаганда з-пад палкі. Рэйд па сацсетках дзяржустановаў, прадпрыемстваў і мясцовай вертыкалі


Чытачы «Белсату», якія працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах, паведамляюць, што іх прымушаюць падпісвацца на ведамасныя і карпаратыўныя сацсеткі ды тэлеграм-каналы дзяржаўных установаў, а таксама ўдзельнічаць у стварэнні прапагандысцкіх фота і відэа. Мы пацікавіліся іх зместам і абмеркавалі яго мэты і эфектыўнасць з вядомым медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім.

Калаж з фота: pixaby і wikipedia

Ведамасныя сацсеткі: прапаганда дзеля прапаганды

Пэўнай папулярнасцю карыстаюцца тэлеграм-каналы (чамусьці ўсе кінуліся ў «Тэлеграм», хаця ёсць старонкі і ў сацсетках) некаторых міністэрстваў і ведамстваў з аператыўнай інфармацыяй. Гэта «Официальный Минздрав» (набыў папулярнасць падчас эпідэміі COVID-19), «МЧС Беларуси» (паведамленні пра пажары, аварыі, папярэджанні аб неспрыяльных прыродных зʼявах), «Министерство обороны Республики Беларусь» (справаздачы прэсавай службы, рэпартажы з вучэнняў, выказванні міністра, фота і відэа вайскоўцаў са зброяй), «Следственный комитет Беларуси» (звесткі пра крымінальныя справы, злачынствы, расследаванні).

Ніжэй размешчаная тыповая публікацыя тэлеграм-каналу Міністэрства аховы здароўя, які набраў падпісчыкаў падчас каронавіруснай пандэміі, пакуль там друкавалася статыстыка новых выпадкаў захворвання і колькасці памерлых. Агульнапрызнана, што статыстыка была скажонай, але і яе перасталі публікаваць задоўга да заканчэння пандэміі, бо палічылі шкоднай для іміджу дзяржавы.

На сёння амаль усе міністэрствы і ведамствы РБ маюць свае старонкі і каналы ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах, за выключэннем хіба што КДБ. Аднак спецслужбоўцы і без таго шмат часу праводзяць у сацсетках, палюючы на допісы, лайкі і рэпосты грамадзянаў пад публікацыямі «экстрэмісцкіх» рэсурсаў.

Звычайна ведамасныя старонкі ў сацсетках і мэсэнджарах вядуць прэсавыя службы. Усё паводле аднолькавай схемы – афіцыйная інфармацыя пра дзейнасць і некаторыя прынятыя рашэнні. Амаль усе ведамасныя тэлеграм-каналы час ад часу нешта дублююць з каналу «Пул Первого». Але цяжка сустрэць, каб нехта дазволіў сабе нейкую вольніцу ў сацсетках ці, напрыклад, нейкія міністры вольна вялі ўласны Twitter ад першай асобы і выказвалі асабістую пазіцыю на актуальныя тэмы. Яшчэ адна адметнасць ведамасных рэсурсаў – камунікацыі з грамадзянамі праз сацсеткі і мэсэнджары яны ўвогуле не вядуць. Прынамсі, ува ўсіх афіцыйных ведамасных тэлеграм-каналах каментары і лайкі немагчымыя.

Бывае, рэдактары ведамасных сацсетак спрабуюць накрэатывіць нешта чалавечае. Аднак гэтыя спробы выглядаюць штучнымі сярод прапагандысцкіх публікацыяў.

Вакол сілавой тэматыкі круцяцца некалькі тэлеграм-каналаў, якія штодня публікуюць матэрыялы пра затрыманні з палітычных матываў. Бальшыня іх публікацыяў выходзіць за межы этыкі, прыстойнасці і закону, а іх дзейнасць можа быць прадметам даследавання для псіхіятраў і Міжнароднага суда ў Гаазе. Адміністратары сацыяльных сетак перыядычна блакуюць гэтыя каналы за парушэнне нормаў публікавання і заведама лжывую інфармацыю.

Гэтак выглядае агляд «антыэкстрэмісцкіх» матэрыялаў аднаго з блізкіх да сілавікоў тэлеграм-каналаў. Пасля гэтай дзяўчыны паказваюць здзекі з людзей. Скрыншот з відэа.

Фабрыкі, заводы, параходы

Ува ўсім свеце прадпрыемствы і кампаніі выкарыстоўваюць сацсеткі для ўстойлівай камунікацыі са спажыўцамі сваіх тавараў і паслуг ды рэкламы; ажыццяўляюць маркетынгавыя задачы, каб больш прадаць; займаюцца PR, каб інфармаваць грамадскасць пра сваю дзейнасць і фармаваць пазітыўны імідж. Але ўсё гэта мала датычыць сацыяльных сетак беларускіх дзяржаўных ці падкантрольных дзяржаве прадпрыемстваў.

Беглы агляд старонак у сацыяльных сетках і каналаў у мэсэнджарах паказаў, што рэдка якое буйное беларускае прадпрыемства з першай дзясяткі вырашае праз сацсеткі нейкія маркетынгавыя задачы. Рэйд па старонках і каналах мноства прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій», БМЗ, БелАЗ, МАЗ, МЗКТ, МТЗ, «Горадня Азот», наваполацкі «Нафтан», МНПЗ і нават ПВТ, паказаў: паўсюль кантэнт арганізаваны паводле схемы «нашыя на выставе», «глядзіце, хто прыехаў у госці», «адбыўся канцэрт для працаўнікоў», «віншуем з чарговым святам», «адбыліся спартовыя спаборніцтвы», абавязкова прысутнічае рэтрансляцыя паведамленняў вышэйшых дзяржструктураў і дзяржаўных СМІ.

Публікацыі Беларускага металургічнага заводу. Скрыншот: bmz_life / Instagram

Аднак парасткі жыцця дзе-нідзе ёсць. Гэтак, на YouTube-канале «Гомсельмашу» тэстуюць новую сельскагаспадарчую тэхніку, ёсць нават тэст камбайна. У «Беларуськалію» можна знайсці відовішчныя ролікі з шахтаў і краявіды з салігорскімі гарамі з адкідаў калійнай вытворчасці. БелАЗ наняў фатографаў і публікуе ў «Інстаграме» выявы тэхнікі і людзей на фоне вялізных цяжкавікоў, якія прысылаюць на конкурс падпісчыкі.

Публікацыі БелАЗ. Скрыншот: belazplant / Instagram

У некаторых прадпрыемстваў размешчанае адно рэкламнае відэа, зробленае на спецыяльную замову і з прыкметамі прасоўвання праз платныя інструменты. Яны маюць дзясяткі тысяч праглядаў, а астатнія ролікі і публікацыі – толькі дзясяткі праглядаў. Такія рэкламныя відэаролікі размешчаныя, напрыклад, у сацыяльных сетках «Мазырсолі» і Беларускага металургічнага заводу.

Здзівіў МТЗ. У вытворцы трактароў ёсць уласны акаўнт у TikTok! Яго вядзе колішняя працаўніца СТВ Юлія Вогнева, цяпер яна ўзначальвае прэсавую службу трактарнага холдынгу. Некаторыя ролікі набралі мноства праглядаў: у топе відэа з 1,5 млн праглядаў пра мотаблок з дызельным рухавіком. А самы папулярны ролік гэтага трактарнага TikTok набраў больш за 2 млн праглядаў.

Астатнія сацсеткі МТЗ выглядаюць, як ува ўсіх дзяржпрадпрыемстваў: будні працоўнага калектыву; дзе быў дырэктар; госці дырэктара на заводзе; выставы і шмат ідэалагічных публікацыяў на розныя тэмы.

У інфармацыйнай палітыкі буйных прадпрыемстваў у Беларусі ёсць некалькі агульных рысаў: па-першае, ува ўсіх іх сацсетках максімальна прысутнічае ідэалагічны парадак дня; па-другое, на ўсіх старонках ёсць прыкметы выканання нейкіх вонкавых заданняў, калі паўсюль рэалізаваная адная і тая ж ідэя. Асабліва заўважнаю тэматычная зададзенасць была перад 9 траўня, калі паўсюль друкаваліся паведамленні пра канцэрты, віншаванне ветэранаў, пра тое, як дзеці чытаюць на відэа вершы пра вайну, як развяваюцца на ветры чырвона-зялёныя сцяжкі, як раздаецца салдацкая каша.

Сацсеткамі прадпрыемстваў пераважна займаюцца нават не прэс-службы, а рэдакцыі ведамасных газетаў, то бок гэта кантэнт, ад пачатку арыентаваны на ўнутранае спажыванне калектывамі прадпрыемстваў.

Райвыканкамы, сельсаветы і іншыя крыніцы інфармацыі з месцаў

Чым далей ад вяршыні вертыкалі, тым відавочна менш разумення, навошта весці ведамасныя сацсеткі. У каналах і на старонках мясцовых выканкамаў можна прачытаць папярэджанні, як весці сябе ў інтэрнэце, і паведамленні БелТА, а таксама пабачыць ролікі пра ўчастковых. Прынамсі, гэтак выглядае тэлеграм-канал Рэчыцкага райвыканкаму, які каталог tgstat.com паказвае першым у адказ на пошукавы запыт «райвыканкам». Апроч зместу ён адметны тым, што ў каталогу тэлеграм-рэсурсаў у якасці месцазнаходжання Рэчыцы пазначаная Расея. Кінуўся ў вочы допіс пра злёт юных лесаводаў, у якім дзеці сфатаграфаваныя ў вайсковай форме розных колераў. Самай карыснай на гэтым тэлеграм-канале падаецца публікацыя з афірмацыяй на кожны дзень. Прынамсі, гэта без ідэалогіі.

Падобны кантэнт публікуюць уласнымі сіламі мясцовыя ўлады на ўсіх пляцоўках у сацсетках. У гэтым ім актыўна дапамагаюць рэдакцыі мясцовых газетаў. Вось так, напрыклад, выглядае ідэалагічны крэатыў тэлеграм-каналу «Новости Белыничей» (вядзе рэдакцыя мясцовай газеты «Зара над Друццю»).

Жанчына ў блузцы з афіцыйнага сцягу РБ.
Фота: «Новости Белыничей» / Telegram

За прыз глядацкіх сімпатыяў з бялыніцкімі аўтарамі змагаецца рэсурс Савету дэпутатаў Гомельскага раёну.

Жанчына ў патрыятычнай сукенцы.
Фота: «Гомельский район gomregion» / Telegram

Калі не могуць знайсці, пра што пісаць, то не бяда – заўсёды ёсць нехта, хто пляце дзівосныя кашы (насамрэч самыя звычайныя).

Журналісты раёнкі знайшлі мужчыну, які пляце кашы.
Фота: «Народны голас ЕЛЬСК НОВОСТИ» / Telegram

Мясцовыя выканкамы, Саветы дэпутатаў, бібліятэкі, СПТВ, школы і іншыя ўстановы ствараюць за дзень дзясяткі тысячаў адзінак такога кантэнту. Аднак простым публікаваннем справа прапаганды не абмяжоўваецца. «Белсату» вядомыя выпадкі, калі людзей на месцах прымушаюць падпісвацца на лаяльныя да рэжыму сацсеткі і каналы ў мэсэнджарах.

Агляд
Сілавікі знайшлі новыя спосабы дэананімізацыі ў Telegram. Што рабіць?
2023.04.11 10:55

Робяць гэта сілавікі, правяраючы ў смартфонах грамадзянаў падпіску на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Робіць гэта і кіраўніцтва на месцах, настойліва рэкамендуючы сваім землякам і працаўнікам падпісвацца на рэсурсы прадпрыемстваў і розных раёнак. Апроч таго, даволі часта ведамасныя эсэмэмнікі выкарыстоўваюць рознае платнае накручванне праглядаў, купляюць базы падпісчыкаў або каментары пад публікацыямі. З дапамогай інструментаў лічбавай аналітыкі зʼяву вельмі падрабязна даследавалі нашыя калегі з радыё «Свабода». Іхная выснова: для прасоўвання прапагандысцкіх рэсурсаў усіх узроўняў сапраўды выкарыстоўваюцца падазроныя метады, асабліва ў «Інстаграме». Прыкметы такіх махінацыяў простыя – скачок росту падпісчыкаў і неадпаведна нізкая колькасць праглядаў і рэакцыяў пад публікацыямі пры вялікай колькасці падпісчыкаў.

Для чаго ўсё гэта і наколькі гэта эфектыўна

Улічваючы колькасць дзяржаўных органаў кіравання і арганізацыяў, ім падначаленых, колькасць вобласцяў, раёнаў, выканкамаў, Саветаў дэпутатаў і сельсаветаў, колькасць раённых аддзелаў міліцыі, Следчага камітэту, ДАІ, МНС, ваенкаматаў, прадпрыемстваў, саўгасаў, бібліятэк, ВНУ, СПТВ, школаў, дзіцячых садкоў, дзяржаўных медыяў і рознага кшталту праўладных энтузіястаў, можна казаць пра стварэнне ў Беларусі маштабнай разгалінаванай сеткі з соцень і нават тысячаў старонак у сацсетках і каналаў у мэсэнджарах, у якіх адна мэта – трансляваць дзяржаўную прапаганду.

Як расказаў у інтэрвʼю «Белсату» медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, гэтак рэжым спрабуе развязаць стратэгічную для сябе праблему дамінавання ў інтэрнэт-прасторы. На мінулых выбарах сацыяльныя сеткі і мэсэнджары апазіцыйных сілаў гралі значную ролю, уплываючы на настроі людзей праз свае публікацыі. Цяпер дзяржава рыхтуецца да новай палітычнай кампаніі і спрабуе перахапіць ініцыятыву.

«Для прапаганды важна, каб яна гучала з кожнага праса. Тэхнічна яны гэтага ўжо дабіліся», – кажа Быкоўскі.

Праўладныя старонкі ў сацсетках і каналы ў мэсэнджарах, асабліва на месцах, часцяком маюць каля тысячы падпісчыкаў. Аднак такіх старонак шмат, і гэта дазваляе казаць пра даволі значны сумарны ахоп аўдыторыі, на якую транслюецца «ідэалагічна правільная» інфармацыя. Аднак Паўлюк Быкоўскі лічыць, што пабудаваная прапагандыстамі сетка мае абмежаванні эфектыўнасці, звязаныя са сваёй прыродай. Сапраўды, можна падлічыць сумарны аб’ём аўдыторыі і частату публікавання і думаць, што гэта значныя лічбы. Аднак нават самым шчырым прыхільнікам прыядаецца аднолькавая інфармацыя адусюль. Апроч таго, яна падаецца сухой афіцыйнай мовай. У прапагандзе, якую стварае рэжым, мала крэатыву, даволі часта гэта трэш-кантэнт. Але самае галоўнае, што ў беларускіх рэаліях адсутнічае магчымасць для дыскусіі.

«Можна параўнаць працу беларускай прапагандысцкай сеткі і расейскай. Гэта толькі здаецца, што яны падобныя. У той жа Расеі наймаюць прафесіяналаў, прыцягваюць блогераў, там даўжэйшыя ланцугі, яны могуць сабе дазволіць выказваць шырокі спектр меркаванняў, эмацыйна сварыцца і спрачацца ў публічнай прасторы. Мэтавыя мэсіджы кшталту «хто, калі не Пуцін» і «сілавікі ўсё робяць правільна» прасоўваюцца як бы між справай. У працы ж прапагандыстаў у Беларусі няма месца альтэрнатыўным меркаванням. Ніхто не возьме на сябе смеласці сказаць нешта, што пярэчыць дзяржаўнай палітыцы, ці выказаць нязгоду. Тады як прычасаная аднатыпная інфармацыя прыядаецца, яна занадта салодкая і прытарная, яна не вырашае праблемы людзей», – патлумачыў медыяэксперт.

Быкоўскі таксама звярнуў увагу на тое, што рэдкі чалавек здольны доўгі час чытаць шмат розных рэсурсаў. Звычайны чалавек за дзень чытае толькі некалькі старонак у сацсетках ці тэлеграм-каналаў, таму, нават маючы тысячы падпісчыкаў, дзяржаўныя і мясцовыя прапагандысцкія рэсурсы маюць так мала праглядаў і рэакцыяў. Пры гэтым дзяржаўныя і праўладныя медыі ў Беларусі за тры гады пасля інфармацыйнага фіяска ў 2020 годзе пакуль што так і не выканалі задачы стварыць хаця б адзін моцна папулярны інтэрнэт-рэсурс, якому б людзі верылі і які б з ахвотай чыталі.

Медыяэксперт адзначае, што нават прыхільнікам рэжыму трэба перш за ўсё дакладная, а значыць, рознабаковая інфармацыя. Акурат такой інфармацыі ў «дзяржаўных сацсетках» бракуе. У той жа час недзяржаўныя медыі перадаюць шмат розных пазіцыяў, з розных гледзішчаў, аператыўна асвятляюць асноўныя падзеі ды сочаць за слушнасцю фактаў у матэрыялах, якія распаўсюджваюць. Дэмакратычна настроеныя блогеры і карыстальнікі сацсетак дзеюць не з-пад палкі, а паводле ўласнай волі і перакананняў і дзеляцца сваймі думкамі на актуальныя тэмы, транслююць альтэрнатыўную дзяржпрапагандзе інфармацыю і пазіцыю.

«Тое, што ад сэрца і па сваёй ахвоце, заўсёды перайграе тое, што робіцца пад прымусам або страхам», – канстатаваў Паўлюк Быкоўскі.

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў