Уладальнікаў сэканд-хэндаў «МодаМакс» абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў і падтрымцы пратэстаў


У дачыненні да ўладальнікаў сеткі магазінаў сэканд-хэнд «МодаМакс» узбуджана крымінальная справа аб нявыплаце падаткаў на суму больш за 2 млн бел. рублёў (амаль 700 тысяч долараў). Сюжэт аб гэтым выйшаў на тэлеканале СТВ.

Сэканд-хэнд «МодаМакс».
Фота: modamax.by

У крымінальнай справе па ч. 3 арт. 243 («Ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры») затрыманы заснавальніца сеткі Ала Хадасевіч і яе нявестка Іна Хадасевіч, сын Алы Пётр Хадасевіч з’ехаў у Латвію.

Таксама іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе, падпісцы на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і пералічэнне грошай у «дэструктыўныя» фонды. Іх абвінавачваюць і ў тым, што яны зачынялі крамы крыху раней у дні пратэстаў і звальнялі або пазбаўлялі прэміяў супрацоўнікаў, які падтрымлівалі дзейную ўладу.

Як паведамляе тэлеканал, Ала Хадасевіч, яе старэйшы сын Пётр і нявестка Іна былі фактычнымі ўладальнікамі 13 афіляваных паміж сабой фірмаў, якія займаліся продажам патрыманымі таварамі і выкарыстоўвалі спрошчаную схему падаткаабкладання. Кіраўнікамі фірмаў былі сваякі ці знаёмыя Хадасевічаў.

«Неабгрунтаванае выкарыстанне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання дазваляла прадаваць насельніцтву краіны тавар з нацэнкай вышэй за 200%, пры гэтым хаваць звышпрыбытак ад падаткаабкладанняў. Цяпер устаноўлена, што ў перыяд з 2019 па 2022 год фігуранты не заплацілі ў бюджэт падатак на прыбытак і падатак на дабаўленую вартасць у суме больш за 2 мільёны беларускіх рублёў», – распавёў намеснік начальніка УДФР КДК па Менскай вобласці і Менску Дзмітрый Дзягілеў.

Тэлеканал паведамляе, што затрыманыя цалкам прызналі віну, раскайваюцца і гатовыя пакрыць шкоду. Працу крамаў «МодаМакс» улады не прыпынялі, бо ў штаце кампаніі «больш за 1 000 супрацоўнікаў, у кожнага з іх ёсць сем’і і дзеці».

Таксама дадаецца, што Пётр Хадасевіч нібы хацеў арганізаваў сетку афшорных кампаній у Латвіі, Польшчы і Вялікай Брытаніі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў