Слёзы, крык і цішыня. Прайшоў марш у памяць загінулай пасля нападу ў Варшаве беларускі


Марш «Яе звалі Ліза» у памяць 25-гадовай загінулай пасля нападу ў цэнтры Варшавы Лізаветы прайшоў увечары 6 сакавіка. Каля дзвюх тысяч чалавек сабраліся ў сталіцы Польшчы, каб ушанаваць памяць дзяўчыны. «Белсат» распавядае, як гэта было.

Марш памяці згвалтаванай і забітай беларускі Лізы ў Варшаве. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Кропкай збору стала месца нападу на Лізавету. На Żurawia 47 людзі нясуць кветкі і лампадкі. Да 18:00 каля брамы, дзе ўсё здарылася, не праціснуцца, а людзі ўсё працягваюць падыходзіць. Тут можна пачуць некалькі моў: беларуская, украінская, руская, польская, ангельская.

У натоўпе са слязамі на вачах феміністка, адна з арганізатарак маршу Наста Базар і актывістка Яна Шостак з плакатам, на якім напісана «АААААААААААА».

Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Яе звалі Ліза, ёй было 25 гадоў, у яе былі карыя вочы. І гэта амаль усё, што я пра яе ведаю, – кажа Наста Базар да пачатку шэсця. – Але ў нас ёсць шмат агульнага. І Ліза, і я з Беларусі, але галоўнае, што нас аб’ядноўвае: і Ліза, і я – жанчыны. На жаль, тое, што нас яшчэ аб’ядноўвае – гэта гвалт. Яна не магла крычаць, таму сёння мы будзем крычаць за яе, а потым мы пойдзем моўчкі, каб паказаць, што не заўсёды маўчанне з’яўляецца згодай.

У мяне ёсць два галоўныя пасылы гэтай прамовы. Першае – я хачу сказаць, абсалютна кожнай жанчыне, асабліва беларускам, якія ў тым ліку знаходзяцца ў Беларусі. Калі ласка, кожная з вас памятайце, што вы ніколі не будзеце сам на сам са сваёй праблемай. Вы ніколі не будзеце адна, таму што заўсёды будуць жанчыны, якія будуць вас ратаваць, якія будуць вам верыць і падтрымліваць. Нават, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, дзе нібыта немагчыма атрымаць дапамогу, мы знойдзем, як вас падтрымаць».

Другі пасыл актывіста прысвячае мужчынам:

«Мы [жанчыны. – Рэд.] абараняемся, мы баімся, мы не можам спыніць гвалт толькі таму, што гвалт можна спыніць толькі адным спосабам – перастаць гвалціць. Калі ласка, з’яўляйцеся прыкладам для другіх мужчын, кажыце голасна пра тое, што гэта недапушчальна. Гэта ўсё пачынаецца ў нашых спальнях і нашых кухнях».

На думку Базар, кожны мусіць падумаць, што ён можа зрабіць, каб змяніць сітуацыю.

«Адзін маленькі крок, напрыклад, перастаць жартаваць сексісцкія жарты, перастаць дыскрымінаваць па гендарнай прыкмеце. З такіх крокаў пачынаецца шмат».

Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Таксама слова ўзяла жанчына з Украіны, прадстаўніца арганізацыі «Мартынка», якая дапамагае жанчынам у Польшчы. Яна нагадала, што праблема шмат шырэйшая і расказала, што сама стала ахвярай нападу, але змагла збегчы. Па словах жанчыны, у паліцыі ёй адмовілі ў дапамозе, бо «вас жа не згвалцілі». Таксама з яе жартавалі:

«На вас напаў украінец? Напэўна, знайшоў роднасную душу!».

Яна прызвала жанчын звяртацца па дапамогу ў «Мартынку», калі яны сутыкнуліся з праблемамі або непакояцца за сябе.

Да выступу далучаюцца таксама актывісткі з Польшчы і Яна Шостак. Яна падкрэслівае, што на месцы Лізы магла апынуцца любая жанчына. Затым Шостак прызвала натоўп крычаць разам з ёй за Лізу – і пачалася хвіліна крыку.

Яна Шостак на маршы памяці згвалтаванай і забітай беларускі Лізы ў Варшаве.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Заспяваў беларускі «Хор з-пад моста». «Вярнуся да дому», – пяюць жанчыны і некаторыя ўдзельнікі акцыі не стрымліваюць слёзы. Затым пачынаецца маўклівае шэсце да Палацу культуры і навукі.

«Мы павінны змяніць грамадства»

На акцыі таксама бачныя палітыкі Павел Латушка і Валер Кавалеўскі. «Трэба дамагацца роўных правоў для жанчын, каб жанчыны адчувалі сябе ў бяспецы, і гэта ў тым ліку адказнасць усяго грамадства», – кажа Латушка. Намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце і кіраўнік НАУ падкрэслівае, што ў Беларусі застаюцца сотні жанчын, якія падвяргаюцца гвалту з боку дзяржавы, якая наадварот павінна іх абараняць.

«Гэта трагедыя, таму што сёння ў турмах знаходзяцца 187 жанчын, палітычных зняволеных. Больш за 985 прайшлі праз затрыманні пасля 2020 года за сваю проста грамадзянскую пазіцыю, за тое, што яны змагаліся за свае правы, за нашы правы.

Мы павінны змяніць, вядома, грамадства, змяніць уладу ў гэтай краіне, таму што Лукашэнка і яго рэжым перашкаджаюць таму, каб змяніць правілы і стаўленне да жанчын у Беларусі. Мы бачым з яго боку спробы паказаць сваю перавагу ў дачыненні да жаночага полу. Гэта той чалавек, які не разумее, па якіх прынцыпах жыве еўрапейскае грамадства. Таму змена рэжыму з’яўляецца галоўнай умовай.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Сёння мы павінны дамагацца адказнасці за парушэнне правоў чалавека ў нашай краіне, і жанчын, і мужчын. Гэта павінна быць крымінальная адказнасць, магутныя жорсткія санкцыі, якія, як аказалася, дзіравыя, якія не працуюць і мы як палітыкі павінны выкарыстоўваць тыя інструменты міжнародныя, якія ў нас ёсць у руках», – кажа Латушка.

Тым часам калона людзей, якія прайшлі ўшанаваць памяць Лізаветы, расцягнулася на некалькі сотняў метраў. На думку адной з арганізатарак, прыйшло каля 2 тысяч чалавек. Каля Палацу культуры і навукі шэсце скочваецца. Напрыканцы зноў заспяваў «Хор з-пад моста», і зноў сумна расцягваецца:

«Вярнуся да дому».

Разбор
«Мы ходзім з ключамі ў руках уначы, не заходзім у ліфт, калі там мужчына». Як спыніць гвалт?
2024.03.04 18:22

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў