Беларусь падтоплівае: узроўні вады ў вадаёмах працягнуць расці


Некаторыя прыбярэжныя тэрыторыі ў Гомельскай, Гарадзенскай, Берасцейскай і Магілёўскай вобласцях ужо затопленыя. За мінулыя суткі талыя воды падтапілі 17 падворкаў, 10 жылых дамоў і адну гаспадарчую пабудову ў Гомельскай вобласці, а таксама тры падворкі ў Берасцейскай вобласці, сведчаць аператыўныя даныя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Фота: PhotoChur / Shutterstock.com

На многіх беларускіх рэках фіксуюць актыўны рост узроўню вады. З’ява сезонная і звязана з ледаставам. Аднак некаторыя вадаёмы прымушаюць хвалявацца. Паводле інфармацыі Белгідрамету, на большасці рэк Беларусі ўзроўні вады перавышаюць адзнакі «выхаду на пойму».

У асноўным за суткі вады дадаецца на 1 – 15 см. Аднак на Прыпяці ля Пінску гэтая адзнака значна вышэйшая – за 24 гадзіны тут фіксуюць рост узроўню вады паўметра. Такую актыўнасць звязваюць з заторам лёду.

На прытоках Прыпяці – рэках Пціч каля вёскі Першая Слабодка (Петрыкаўскі раён) і Случ ля аграгарадка Ленін (Жыткавіцкі раён) Гомельскай вобласці ўзроўні вады «перавышаюць небяспечныя высокія адзнакі».

Прыбярэжныя тэрыторыі ўжо затоплены ў трох вобласцях Беларусі: Гомельскай, Гарадзенскай і Магілёўскай.

Сіноптыкі прагназуюць, што ў бліжэйшыя дні на большасці рэк захаваецца рост узроўняў вады, працягнецца «разбурэнне ледзяных утварэнняў».

За мінулыя суткі выкрыўся лёд на Нёмне – у Стоўбцаў (Менская вобласць), Прыпяці – у Пінску, Петрыкава і Мазыра (Гомельская вобласць).

На 6 лютага ледастаў назіраецца на Дняпры, Бярэзіне, Сожы, а таксама Нёмне – каля Мастоў (Гарадзенская вобласць), Прыпяці – каля Нароўлі і вёскі Чэрнічы (Жыткавіцкі раён) Гомельскай вобласці, на некаторых іх прытоках.

Нягледзячы на суцэльнае ледзяное покрыва, выходзіць на лёд зараз небяспечна на вадасховішчах Чыгірынскае, Заслаўскае, Вілейскае, Салігорскае, Чырвоная Слабада, азёрах Нарач, Лукомскае, Дрывяты і Чырвонае, адзначаюць спецыялісты Мінпрыроды.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў