Эрнэст Выцішкевіч: Для беларусаў настаў час выбару


Цэнтр Мерашэўскага апублікаваў справаздачу «Беларуская эміграцыя ў Польшчы – меркаванні, пазіцыі, дылемы». Дырэктар установы Эрнэст Выцішкевіч у размове з «Белсатам» разважае, чаму беларусы, якія жывуць у Польшчы, маюць абсалютна адрозныя ад менскіх уладаў погляды як на мінулае сваёй краіны, гэтак і на будучыню.

opozycja przyszłość białoruś polska polacy sondaż
Эрнэст Выцішкевіч, дырэктар Цэнтру Мерашэўскага.
Фота: mieroszewski.pl

– Вашае даследаванне датычыць беларусаў, якія жывуць у Польшчы. Ажно 87 % з іх – тыя, хто зʼехаў пасля 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка сфальсіфікаваў прэзідэнцкія выбары, а потым жорстка здушыў пратэсты. Але ці можна сказаць, што ўсе яны палітычныя эмігранты?

– Большасць – так. Даследаванне пацвярджае, што большасць з іх прыехала, бо баіцца рэпрэсіяў з боку рэжыму. Гэтыя людзі фактычна перасталі верыць, што сітуацыя ў Беларусі можа палепшыцца найбліжэйшым часам. Праз гэта яны страцілі надзею пабудаваць там будучыню і шукалі кірунак, дзе гэта можна рабіць. Так што беспасярэдняю прычынаю былі не толькі рэпрэсіі, але і пэўная бесперспектыўнасць. Польшча – гэта краіна, якая побач, культурна блізкая, таму шмат каму яна падалася шанцам на лепшае жыццё.

– Даследаванні паказваюць, што значная частка гэтых людзей хоча застацца тут, то бок яны зацікаўленыя ў інтэграцыі з польскім грамадствам, але з другога – яны ў асноўным камунікуюць з людзьмі альбо з Беларусі, альбо з былога Савецкага Саюзу. 20 % згадваюць палякаў, але іншае пытанне паказвае, што толькі 7 % карыстаюцца польскаю мовай у стасунках з сябрамі і знаёмымі. Значыць, як я разумею, з гэтымі палякамі размаўляюць пераважна па-расейску?

– Я б яшчэ падмацаваў гэта размовамі, якія шмат разоў меў з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі ў Варшаве. Гэтыя маладыя людзі (неабавязкова публічныя асобы, якіх мы ведаем з навінаў) часта скардзіліся, што наладзіць трывалыя стасункі з палякамі надзвычай цяжка. Ніякай непрыязнасці няма, дыскрымінацыя ёсць, але мінімальная, аднак яны не адчуваюць з боку палякаў жадання наладжваць больш глыбокія сувязі. Гэта прымушае іх ствараць беларускія бурбалкі, гуртавацца вакол сваіх.

Тут я насамрэч не ведаю, ці ёсць у нас рашэнне гэтай праблемы. Адначасова з беларусамі ў Польшчу прыбыла значна большая хваля міграцыі з Украіны, і беларусы проста засталіся замкнёныя ў ценю гэтых падзеяў.

Гэта было не наўмысна і не свядома, проста палітыка польскай дзяржавы засяродзілася на прыбылых украінцах, якія патрабавалі хуткай дапамогі.

Аналітыка
Адукаваныя і антысавецкія. Якія яны – беларускія эмігранты ў Польшчы. Вынікі даследавання
2023.10.03 13:38

Пытанне таксама ў тым, наколькі яны гатовыя гэта рабіць. Для гэтага трэба ладзіць фокус-групы і размаўляць з імі пра больш канкрэтныя праблемы з залучэннем у польскае жыццё.

З другога боку, ёсць таксама цікавая выснова, што яны ўважліва сочаць за падзеямі ў Польшчы. Гэта не асобы, якія спрабуюць адмежавацца ад таго, што адбываецца, а цікавяцца польскім палітычным і грамадскім жыццём. Так што ёсць патэнцыял, які, напэўна, не цалкам выкарыстоўваецца ні імі, ні намі.

– Давайце пяройдзем на хвілінку да вашага папярэдняга даследавання. Яно выйшла ў траўні і датычыла стаўлення палякаў да беларусаў і Беларусі. Можа, тут і ёсць адказ на гэтае пытанне: палякі даволі негатыўна ўспрымаюць беларусаў у параўнанні з 2020 годам. Тады беларусы выглядалі пазітыўна, але пазней гэты імідж быў сапсаваны.

– Пасля выбараў 2020 года Беларусь была ў цэнтры ўвагі – не толькі ў Польшчы, але ўвогуле ў міжнародных медыях. Пазнавальнасць і павага значна ўзраслі праз тое, што беларусы зламалі пэўны стэрэатып – пасіўнага грамадства, незацікаўленага ў пераменах, няздольнага да пратэсту. Яны паказалі нешта зусім супрацьлеглае, што выклікала вялікую павагу і сімпатыю.

Аднак поўнамаштабная вайна, тое, што рэжым беспасярэдне браў удзел у агрэсіі супраць Украіны і зрабіў тэрыторыю даступнаю для нападаў, прымусілі палякаў значна больш крытычна паглядзець на Беларусь. Гэта адразу адбілася на ацэньванні беларусаў.

Беларусы, асабліва тыя, хто жыве ў Польшчы, сталі ў нейкай ступені ахвярамі, бо пэўныя негатыўныя эмоцыі пераносіліся з расейскага агрэсара на беларускага, хаця самі яны не неслі адказнасці за гэтыя рашэнні. Яны сутыкнуліся з пэўнаю непрыязнасцю, і сёння для палякаў мае значэнне, хто наш суразмоўца – украінец ці беларус.

За вельмі кароткі час у нас адбылося вельмі моцнае падзенне ва ўспрыманні Беларусі.

Відавочна таксама, як мы пісалі ў першай справаздачы, што Расея – гэта камень на шыі беларусаў, які цягне іх уніз у польскім грамадскім успрыманні. У той жа час другі элемент, які іх выцягвае ўверх, – гэта  актыўнасць і жаданне пераменаў. Гэта імгненна прымушае палякаў глядзець на іх больш прыхільна.

Сёння яны паміж молатам і кавадлам, і выдатна гэта бачаць. Часта, размаўляючы з беларусамі ў Польшчы, я адчуваю пэўны смутак, што капітал, які яны назапасілі дзякуючы пратэстам, траціцца нават не праз іхныя ўласныя хібы, а праз дзеянні рэжыму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

– 34% палякаў лічаць беларусаў прыязнымі, 49 % – непрыязнымі, а ў 2020 годзе 63 % лічылі беларусаў прыязнымі і толькі 15 % – непрыязнымі. Гэта велізарная змена.

– Так. Звычайна падобныя падзенні не адбываюцца за такі кароткі час. Гэта беспасярэдні вынік поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ды паводзінаў Лукашэнкі.

– За падзеямі ў Беларусі сочаць 32 % палякаў, 29 % ведаюць беларуса ці беларуску асабіста, 9 % маюць там сямʼю і сяброў. З аднаго боку, гэта вялікія лічбы, але з другога – яны падаюцца малымі, калі гаворка пра нашага суседа, дзе сапраўды адбываюцца важныя працэсы, у тым ліку звязаныя з вайною, напрыклад, агрэсія беспасярэдне з тэрыторыі Беларусі. Я мяркую, што гэта малавата.

– Тут трохі як са шклянкай, якая напалову поўная або напалову пустая. На маю думку, гэта даволі шмат, бо, па-першае, людзі не вельмі цікавяцца міжнароднаю праблематыкай, яны засяроджаныя на сабе і тым, што адбываецца ва ўласнай краіне. Калі мы заўважылі, што ажно 1/3 палякаў актыўна цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі (а не ў Расеі ці Украіне), я прыйшоў да высновы, што гэтая тэма ўсё яшчэ жывая, хоць сёння відавочна ў ценю расейскай агрэсіі супраць Украіны ды іншых справаў. Такім чынам, на мой погляд, шклянка напалову поўная, і ёсць патэнцыял, які можна выкарыстоўваць.

Гэта таксама важна для беларускай апазіцыі, бо папярэдняе даследаванне паказвае, што палякі відавочна ведаюць Аляксандра Лукашэнку, гэтая фігура вылучаецца на фоне іншых, але амаль 40 % палякаў ведаюць Святлану Ціханоўскую, Анджэя ПачобутаАнджэліку Борыс. Таму ёсць пэўны шанец, які можна выкарыстаць, каб надаць успрыманню палякаў, скіраванаму, хутчэй, на рэжым, крыху разнастайнасці. Гэта поле для дзейнасці беларускай апазіцыі ў Польшчы, якая павінна звярнуць больш увагі, напрыклад, на папулярызацыю беларускай культуры. Каб гэтае ўспрыманне Беларусі адбывалася не толькі праз прызму дыктатара, але праз прызму культуры, людзей і гістарычнай спадчыны.

Інтэрв’ю
Дырэктар Цэнтру Мерашэўскага для «Белсату»: «Вайна ва Украіне і ўзурпатар пакінулі адбітак на ўяўленні палякаў пра Беларусь»
2023.06.29 14:33

Тут у нас вялікі патэнцыял для цікавай супрацы, інвестыцыяў у будучую Беларусь, нават калі сёння мы не ведаем, у які бок будзе развівацца сітуацыя.

– У першым даследаванні мы ўбачылі, што 79 % палякаў лічаць, што дэмакратыя ў Беларусі – беспасярэдні інтарэс Польшчы, 46 % лічаць, што трэба актыўна дзеяць і падтрымліваць апазіцыю, а 21 % кажа, што патрэбная эканамічная ізаляцыя ды санкцыі, і толькі 19 % хочуць шукаць дыялогу з рэжымам. Мне падаецца, што тут ёсць вялікае падтрыманне дзейнасці такіх інстытуцыяў, як «Белсат» ці Цэнтр Мерашэўскага, то бок згода на тое, каб сапраўды дзеяць актыўна.

– Адназначна так. Палякі бачаць, што ў гэтыя стасункі трэба інвеставаць. Яны заўважаюць змены, якія адбываюцца, нават калі тыя не прывялі да чаканых вынікаў з гледзішча, напрыклад, групы, якая імігравала ў Польшчу. Аднак гэта істотна змяніла ўяўленне пра Беларусь і надало апазіцыі пэўнасці.

Святлана Ціханоўская ездзіць па свеце, і Кабінет, створаны вакол яе, спрабуе атрымаць міжнародную легітымнасць. Такім чынам, мы маем пэўныя сігналы да палякаў, што існуе нейкая альтэрнатыва. Чаго няма, напрыклад, у Расеі.

Гэта, несумненна, важная выснова з справаздачы: ёсць неабходнасць інвеставаць у гэтыя стасункі, нават калі сёння яны былі адціснутыя ў цень расейскай агрэсіяй.

Другая выснова для беларусаў. Я неаднаразова меў з імі дыскусіі, і нават сёння яны спрабавалі шукаць рашэнне, якое б збалансавала гэтую сітуацыю: мы хочам быць часткаю Захаду, але не адварочвацца цалкам ад Усходу.

Я казаў, асабліва за апошнія месяцы, што гэта скончылася, што цяпер час зрабіць стратэгічны выбар, рызыкнуць і перастаць рабіць выгляд, што можна быць дзесьці пасярэдзіне, нейкім мастом. Сёння час дакладна вызначыцца, з якога боку і ў якім цывілізацыйным коле хочуць укараніцца беларусы. Гэта таксама азначае выразную пазіцыю да таго, што адбываецца ва Украіне.

Я ведаю, што беларуска-ўкраінскія дачыненні поўныя напружання, нават грамадскія ў Польшчы. Зарганізаваць сустрэчы паміж гэтымі групамі няпроста. Некалькі месяцаў таму я быў сведкам такіх экспертных перамоваў, калі на адну з панэляў у Польшчы былі запрошаныя эксперты ў якасці своеасаблівага пасярэдніка. Ясна, што абодва бакі не да канца разумеюць адно аднаго, яны цалкам засяроджаныя на іншых пытаннях, але беларусы атрымалі выразны сігнал: няма часу паўтараць словы пра шматвектарнасць. Гэта час выбару.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

– Дадам яшчэ адну лічбу: 82 % беларусаў у Польшчы не згодныя са сцверджаннем, што беларусы і расейцы – два найбліжэйшыя народы, а 80 % згадваюць у гэтым кантэксце палякаў і літоўцаў. Калі я чытаю гэтыя вынікі, у мяне складваецца ўражанне, што ад’езд гэтых людзей з Беларусі – мара Аляксандра Лукашэнкі. У кіраўніка Беларусі зусім іншыя погляды: беларусы і расейцы – самыя блізкія народы, Пуцін – старэйшы брат, а СССР можа быць узорам для будаўніцтва дзяржавы.

– Гэта прынцыповае пытанне, на якое я не маю адказу: наколькі моцныя тыя настроі, якія мы бачым сёння сярод апазіцыі тут, у самой Беларусі. Лукашэнку ўдалося выціснуць найбольш актыўную частку насельніцтва. Ці гэта ўсе тыя, хто сапраўды быў гатовы ахвяраваць сабой і прысвяціць сябе гэтай дзейнасці? Калі так, то перад намі сумная карціна таго, што нас чакае ў будучыні. Але калі дапусціць, што ў Беларусі яшчэ шмат людзей, якія з розных прычынаў маўчаць і не з’язджаюць, бо гэта цяжкае рашэнне, то гэта крыху іншая сітуацыя, чымся ва Украіне, адкуль людзі былі вымушаныя ўцякаць праз пагрозу жыццю. Адказ на гэтае пытанне будзе паказваць, у якім кірунку пойдзе Беларусь, калі адбудуцца нейкія змены.

Але калі імкнуцца скончыць на пазітыўнай ноце, мы ведаем, што сацыяльныя і палітычныя змены здараюцца не таму, што большасць грамадства раптам становіцца актыўнай, а гэта справа рук пэўнай меншасці, якая гатовая ісці на ахвяры, дамагацца гэтых мэтаў і пераконваць у гэтым астатнюю частку грамадства.

Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, трэба прааналізаваць тое, што адбываецца ў беларускім грамадстве. Гэта вельмі складана і звязана з вялікаю рызыкай, але, напэўна, варта ўкладанняў.

Гэтыя 80–100 тысяч беларусаў у Польшчы маюць там сем’і, сяброў, падтрымліваюць нейкія кантакты, іхнае стаўленне не з’явілася на пустым месцы, таму я мяркую, што некалькі сотняў тысяч чалавек у Беларусі думаюць больш-менш гэтак жа, як і нашыя рэспандэнты.

Больш за тое, Цэнтр усходніх даследаванняў нядаўна, прыкладна паўтара года таму, праводзіў даследаванне ў Беларусі, і таксама аказалася, што значная частка грамадства спасылаецца не на савецкую традыцыю, а на Вялікае Княства Літоўскае ці Рэч Паспалітую. Гэта паказала, што там ёсць патэнцыял у большым маштабе. Ці ўдасца гэта выкарыстаць – пытанне адкрытае і залежыць ад таго, у якім кірунку пойдзе вайна. Я спадзяюся, што параза Расеі дазволіць гэтым працэсам адбыцца канчаткова.

Аналітыка
Антываенная і антыкрамлёўская: беларуская моладзь – у даследаванні «Chatham House»
2023.08.07 09:41

Пётр Пагажэльскі belsat.eu

Стужка навінаў