Адукаваныя і антысавецкія. Якія яны – беларускія эмігранты ў Польшчы. Вынікі даследавання


Палова беларусаў, якія пасля падзеяў 2020 года эмігравалі ў Польшчу, ужо вырашылі, што вяртацца на радзіму не будуць. Гэта адукаваныя людзі ў самым прадуктыўным узросце з антысавецкімі поглядамі, якім няма месца ў цяперашнім беларускім грамадстве. Такія вынікі даследавання грамадскай думкі – «Беларуская эміграцыя ў Польшчы – меркаванні, пазіцыі, дылемы», праведзенага Цэнтрам дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага.  

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцыя суправаджае ўдзельнікаў маршу, прысвечанага Дню беларускай вайсковай славы. Варшава, Польшча. 9 верасня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Сваё даследаванне Цэнтр дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага прэзентаваў 3 кастрычніка ў Варшаве. Гэта дадатковае апытанне да праведзенага паралельна даследавання грамадскай думкі палякаў на тэму Беларусі і беларусаў, вынікі якога былі прадстаўленыя раней.

Даследаванне ладзілася з 16 траўня да 1 чэрвеня 2023 года метадам анкетавання – рэспандэнты самастойна запаўнялі анкету, доступ да якой атрымоўвалі праз онлайн-спасылку. Анкеты распаўсюджваліся праз беларускія грамадскія і моладзевыя арганізацыі, культурныя і навуковыя цэнтры. Таксама яны былі даступныя ў транспартных вузлах і ў месцах збору беларускай супольнасці.

Інтэрв’ю
Дырэктар Цэнтру Мерашэўскага для «Белсату»: «Вайна ва Украіне і ўзурпатар пакінулі адбітак на ўяўленні палякаў пра Беларусь»
2023.06.29 14:33

Рэспандэнты мелі магчымасць выбраць адну з трох моўных версіяў анкеты: беларускую, расейскую і польскую. Большасць (50 %) адказвалі на пытанні на беларускай мове, 34 % – выбралі расейскую і 16 % – польскую мову. Удзел у апытанні ўзялі 1299 дарослых грамадзянаў Беларусі, якія цяпер жывуць у Польшчы.

Цікавасць да тэмы беларускай міграцыі звязаная з тым, што ўсё больш і больш беларусаў прыязджаюць у Польшчу і становяцца заўважнай сілай, тады як увагі да іх на фоне вайны ва Украіне недастаткова, тлумачаць даследчыкі. Таксама яны папярэджваюць, што нельга разглядаць вынікі даследавання як рэпрэзентатыўныя для ўсіх грамадзянаў Беларусі:

Гэта не «Беларусь у мініяцюры» і не зрэз беларускага грамадства, а наадварот, гэта людзі з поглядамі, якім няма месца ў сучаснай беларускай дзяржаве.

Беларускія эмігранты ў Польшчы: хто яны і адкуль?

Згодна з вынікамі даследавання, 65 % беларускіх мігрантаў у Польшчы – мужчыны. Большасць з іх у росквіце веку (75 % рэспандэнтаў пазначылі ўзрост ад 25 да 44 гадоў) і маюць вышэйшую адукацыю (79 %).

Узрост беларусаў у Польшчы. Даследаванне Цэнтру дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага «Беларуская эміграцыя ў Польшчы – меркаванні, пазіцыі, дылемы»

Больш за палову ўдзельнікаў даследавання (54 %) да пераезду ў Польшчу жылі ў сталіцы, яшчэ 9 % – у Менскай вобласці. Сярод рэгіёнаў пальма пяршынства ў Берасцейскай вобласці – 12 % прыехалі адтуль. На другім месцы – Гарадзенская (9 %), потым ідзе Гомельская (7 %), Віцебская і Магілёўская (па 5 %).

Пераважная большасць беларускіх эмігрантаў у Польшчы (87 %) – гэта людзі, якія пакінулі краіну пасля 2020 года. Толькі 13 % рэспандэнтаў прыехалі сюды раней. Галоўная прычына пераезду – страх перад рэпрэсіямі. Яе назвалі 86 % апытаных.

Прычыны пераезду з Беларусі ў Польшчы. Даследаванне Цэнтру дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага «Беларуская эміграцыя ў Польшчы – меркаванні, пазіцыі, дылемы»

Адказ на гэтае пытанне прадугледжваў магчымасць некалькіх адказаў, таму нашыя суайчыннікі згадвалі і магчымасць лепшых заробкаў, і лепшы ўзровень жыцця, і магчымасць атрымаць тут адукацыю. Акрамя таго, можна было самастойна напісаць іншую прычыну. Часцей за ўсё тут беларусы пісалі пра вайну ва Украіне. Адныя тлумачылі, што з’ехалі, бо не жадалі падтрымліваць сваімі падаткамі дзяржаву, якая хаўрусуе з Расеяй, іншыя – што трапілі ў Польшчу праз Украіну, якую былі вымушаныя пакінуць з пачаткам вайны і ў якую ў 2020 годзе ўцяклі ад рэпрэсіяў.

Прычыны пераезду з Беларусі ў Польшчу. Даследаванне Цэнтру дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага «Беларуская эміграцыя ў Польшчы – меркаванні, пазіцыі, дылемы».

Для жыцця ў Польшчы большасць беларускіх мігрантаў (38 %) выбралі сталічны рэгіён. Другое ў папулярнасці ваяводства – Ніжнесілезскае (Вроцлаў), туды паехалі 17 % беларускіх эмігрантаў. Амаль аднолькавая колькасць беларусаў выбрала для жыцця Малапольскае ваводства (11 %) і Паморскае (10 %), гэта гарады Кракаў і Гданьск і Гдыня, адпаведна. Яшчэ 7 % паехалі ў Вялікапольскае ваяводства (Познань). Дарэчы, памежнае Падляшша (Беласток і яго ваколіцы) абралі для жыцця 4 % перасяленцаў з Беларусі.

Hавiны
Беларусы адкрылі ў Польшчы амаль 12 тысяч ІП за паўтара года. Большасць – у галіне ІТ
2023.09.07 21:01

Што з планамі на будучыню?

Палова тых, хто з’ехаў з краіны, ужо вызначыліся з тым, што ў Беларусь не вернуцца, – 45 % застануцца ў Польшчы, 5 % – плануюць пераезд у нейкую іншую краіну, але не на радзіму.

Аўтары даследавання цытуюць тлумачэнне аднаго з удзельнікаў даследавання адносна матывацыі застацца ў Польшчы.

«Польшча, як і Беларусь, ёсць спадчынніцай нашай роднай Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, але Польшча была значна менш знявечаная расейскімі захопнікамі і лепш захавала культуру Рэчы Паспалітай, таму я адчуваю сябе больш дома ў Польшчы, чым у зрусіфікаванай Беларусі».

З планамі на будучыню не вызначыліся 28 % удзельнікаў апытання, а 22 % адказалі, што вернуцца, «калі ім дазволіць сітуацыя». У найбліжэйшай будучыні вяртанне плануе толькі 1 % рэспандэнтаў.

Як тут у Польшчы?

У цэлым беларусы задаволеныя тым, як ім жывецца ў Польшчы: «хутчэй пазітыўна» ацэньваюць сваё жыццё тут 60 % апытаных, а 30 % нават «вельмі пазітыўна». Ніхто з удзельнікаў не даў «вельмі негатыўнай» ацэнкі, а «хутчэй негатыўную» – далі 2 %.

Даследчыкі пацікавіліся ў беларускіх эмігрантаў, з якімі праблемамі ім давялося сутыкнуцца падчас жыцця ў Польшчы. Большасць (70 %) адзначылі вырашэнне адміністратыўных пытанняў. Другая паводле значнасці – усталяванне сацыяльных кантактаў і сяброўскіх стасункаў з палякамі (64 %) і трэцяя – пошук жытла ў арэнду. Вывучэнне польскай мовы і доступ да інфармацыі, неабходнай для штодзённага жыцця не сталі праблемай для большасці беларусаў.

Праблемы беларусаў, звязаныя з жыццём у Польшчы. Даследаванне Цэнтру дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага «Беларуская эміграцыя ў Польшчы – меркаванні, пазіцыі, дылемы».

Адказваючы на пытанне аб праблемах адаптацыі ў Польшчы, рэспандэнты маглі напісаць уласнае меркаванне, а не толькі выбраць прапанаваныя даследчыкамі варыянты адказаў.

«Аналіз гэтых спантанных каментароў рэспандэнтаў дае яшчэ больш цікавыя высновы», – адзначаецца ў справаздачы. Адкрыццём для даследчыкаў стала тое, што беларусы сутыкаюцца з дыскрымінацыяй. Рэспандэнты скардзяцца, напрыклад, на цяжкасці ў банкаўскай сферы, дзе пасля прад’яўлення беларускага пашпарта немагчыма адкрыць рахунак, а чаканне віду на жыхарства можа расцягнуцца нават на гады.

«Цікава, што негатыўнае стаўленне да беларусаў апытаныя адчуваюць таксама – і нават часцей, чым з боку палякаў, – з боку ўкраінцаў у Польшчы», – адзначаецца ў даследаванні.

Пры гэтым украінцы, паводле апытаных, маюць у Польшчы шмат прывілеяў, не даступных беларусам. Адносна часта паўтараецца ў каментарах тэма праблемаў з сістэмай аховы здароўя – немагчымасць трапіць да дактароў агульнай практыкі і спецыялістаў. Тады як немагчымасць сустрэцца з блізкімі, якія засталіся ў Беларусі, вельмі негатыўна ўплывае на здароўе. Даволі часта патрэбная дапамога не толькі тэрапеўта і спецыялістаў, але і псіхолагаў.

Разбор
Што такое «Blue Card», як гэта атрымаць і чым гэта лепш за звычайны від на жыхарства
2023.09.28 20:25

Што чытаюць беларусы ў Польшчы і з кім бавяць вольны час

Беларусы за мяжою працягваюць чытаць беларускія медыі, якія таксама з’ехалі з краіны, – 65 % атрымоўваюць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Польшчы і свеце, менавіта там. Яшчэ 20 % чытаюць польскія медыі і 9 % – англійскамоўныя крыніцы ці іншых заходніх краінаў.

Цікава, што 2 % выкарыстоўваюць у якасці крыніцы інфармацыі афіцыйныя беларускія ці расейскія медыі, і столькі ж нашых суайчыннікаў наогул не цікавяцца падзеямі ў Польшчы і свеце. Але ж пераважная большасць (96 %) імкнецца сачыць за падзеямі на пастаяннай аснове.

Тым не менш, пакуль інтэграцыя беларусаў у польскае грамадства не адбылася – большасць рэспандэнтаў (46 %) паведамілі, што вольны час бавяць з суайчыннікамі, яшчэ 27 % – не толькі з беларусамі, але і з прадстаўнікамі іншых расейскамоўных народаў былога СССР. Пра тое, што іх асяроддзе – палякі, напісалі 20 % апытаных.

Даследчыкі цікавіліся, ці падтрымліваюць нашыя суайчыннікі ў Польшчы дачыненні з нейкімі беларускімі арганізацыямі, якія тут працуюць. Станоўча адказалі на пытанне толькі 44 % рэспандэнтаў, што аўтары справаздачы лічаць невысокім паказчыкам. Яны тлумачаць гэта «адаптацыйнымі цяжкасцямі». У сувязі з гэтым яны лічаць, што цяперашні маштаб беларускай эміграцыі патрабуе выпрацоўвання адпаведных падыходаў у польскіх арганізацыях – каб там мігранты з Беларусі таксама маглі знайсці чаканую дапамогу.

Hавiны
741 дзіця нарадзілі беларускі ў Польшчы за 2022 год
2023.09.07 21:33

Моўнае пытанне

У сваім штодзённым жыцці большасць апытаных карыстаецца расейскай мовай. З гледзішча валодання мовамі беларусы выглядаюць адукаванымі людзьмі – 98 % ведаюць расейскую, 96 % – беларускую, 89 % – валодаюць англійскай і польскай. Рэспандэнты скардзіліся на тое, што польскія чыноўнікі дрэнна ведаюць замежныя мовы і не могуць патрымаць размову па-расейску ці па-англійску, калі беларусы не размаўляюць па-польску.

Мова, якой беларусы ў Польшчы карыстаюцца ў асабістых стасунках. Даследаванне Цэнтру дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага «Беларуская эміграцыя ў Польшчы – меркаванні, пазіцыі, дылемы».

Дарэчы, тых, хто зусім не ведае польскай, сярод аптыных 4 %, а 21 % валодае ёй свабодна. Дастаткова добра размаўляюць на ёй 34 % удзельнікаў апытання, яшчэ 40 % – ведаюць слаба і могуць камунікаваць толькі ў нязначных пытаннях штодзённага жыцця.

Інтэрв’ю
Ці выдасць Украіна беларусам «пашпарты неграмадзянаў»?
2023.09.23 10:00

Беларусь і свет

Сярод іншага даследчыкаў беларускай эміграцыі цікавіла, як ставяцца яе прадстаўнікі да іншых народаў, як ацэньваюць стаўленне да сябе, каго лічаць братамі, якая культура ім больш блізкая і як ацэньваюць сённяшнія падзеі ва Украіне.

Меркаванне беларусаў у Польшчы на тэму стаўлення ўладаў асобных дзяржаваў да Беларусі. Даследаванне Цэнтру дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага «Беларуская эміграцыя ў Польшчы – меркаванні, пазіцыі, дылемы»

Высветлілася, што нягледзячы на дэкларацыі беларускай дзяржаўнай прапаганды аб еднасці народаў Беларусі і Расеі і шчыльную шматгадовую супрацу дзяржаваў, беларусы, якія з’ехалі ў Польшчу, лічаць Расею самай непрыязнай да Беларусі дзяржавай. Тады як самае сяброўскае стаўленне яны бачаць з боку Польшчы.

«Рэспандэнты, як выяўляецца, не падманваюць сябе тым, што за рэалізаваным супрацоўніцтвам і заяўленым сяброўствам стаяць пазітыўныя намеры», – адзначаецца ў справаздачы.

Рэспандэнты бачаць розніцу паміж стаўленнем дзяржавы і народу і адзначаюць, што ў большасці выпадкаў дачыненні паміж людзьмі лепшыя, чым між дзяржавамі. Яны звяртаюць увагу на вялікі адсотак тых, хто адзначыў негатыўнае стаўленне з боку ўкраінцаў, і амаль аднолькавая колькасць сяброўскага і несяброўскага стаўлення расейцаў. Але гэта не перашкодзіла беларускім эмігрантам назваць украінцаў разам з палякамі самымі блізкімі беларусам народамі. Расейцаў яны лічаць нашмат больш далёкімі, а самымі далёкімі – латышоў.

Меркаванне беларусаў у Польшчы на тэму стаўлення асобных народаў да беларусаў. Даследаванне Цэнтру дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага «Беларуская эміграцыя ў Польшчы – меркаванні, пазіцыі, дылемы»

На думку большасці апытаных (46 %), вытокі беларускай дзяржаўнасці трэба шукаць у Вялікім Княстве Літоўскім. Яшчэ 30 % рэспандэнтаў, адказваючы на гэтае пытанне, назвалі Беларускую Народную Рэспубліку і 16 % – Рэч Паспалітую. Ніхто з удзельнікаў даследавання не прапанаваў шукаць вытокі дзяржаўных і гістарычных традыцыяў ні ў Савецкім Саюзе, ні ў Расейскай імперыі, ні ў «гэтак званым «русском мире», хаця такія варыянты адказу даследчыкі прапаноўвалі.

Пра дачыненні з Расеяй і ацэнку таго, што цяпер адбываецца ва Украіне, даследчыкі пыталіся ў беларускіх мігрантаў у Польшчы асобна.

Апытаныя негатыўна ацэньваюць ваенныя дзеянні, якія праводзяцца Расеяй ва Украіне. На думку 98 % рэспандэнтаў, Украіна ёсць ахвярай у гэтым канфлікце, 96 % не згодныя са сцвярджэннем, што тэрыторыі, за якія змагаецца Расея, належаць ёй, бо некалі яны былі часткай расейскай дзяржавы.

Крытычна яны ацэньваюць не толькі ўлады Расеі, але і саміх расейцаў. Больш чым палова апытаных (53 %) не згодная са сцвярджэннем, што яны не маюць уплыву на дзеянні сваіх уладаў і таму не могуць быць абвінавачаныя ў злачынствах рэжыму. Каля 70 % апытаных наўпрост кажуць: калі расейцы ў большасці падтрымліваюць Пуціна, то і на іх кладзецца адказнасць за ягоную палітыку.

Падобнае крытычнае стаўленне апытаныя маюць і да ўласнай дзяржавы – большасць апытаных (73 %) прытрымліваюцца думкі, што, даўшы доступ да сваёй тэрыторыі ўзброеным сілам Расеі, Беларусь дэ-факта ўступіла ў вайну супраць Украіны.

Аналітыка
Антываенная і антыкрамлёўская: беларуская моладзь – у даследаванні «Chatham House»
2023.08.07 09:41

Што ў выніку

Беларусы, якія эмігравалі ў Польшчу пасля 2020 года з-за страху рэпрэсіяў, – гэта не савецкія людзі і тым больш не прадстаўнікі «русского мира», робяць выснову аўтары даследавання.

«Погляды апытаных можна было б коратка акрэсліць як адназначна антысавецкія, моцна антырасейскія, сугучныя духу спадчыны Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай», – адзначаецца ў справаздачы.

Гэта адукаваныя людзі з выразна сфармаванай беларускай нацыянальнай і моўнай ідэнтычнасцю, якія адчуваюць моцную культурную і гістарычную сувязь з Польшчай.

Выяўленыя ў ходзе даследавання праблемы патрабуюць увагі з боку польскіх інстытуцыяў і арганізацый, адзначаюць аўтары справаздачы. Гаворка пра дыскрымінацыю з нагоды беларускага пашпарта і напружанасць у дачыненнях з украінцамі, якія маюць больш увагі, хоць шмат якія беларусы з’ехалі з краіны менавіта праз вайну ва Украіне.

«Звесткі, сабраныя падчас даследавання, паказваюць вялікія аб’ёмы сацыяльнага капіталу, які можа прынесці ў Польшчу асяроддзе новай беларускай эміграцыі. Згоднасць поглядаў гэтага асяроддзя, іх супадзенне з польскім бачаннем фармавання дачыненняў з народамі Усходняй Еўропы, заяўленая культурная і эмацыйная блізкасць ствараюць для гэтага трывалую аснову», – робяць выснову аўтары даследавання.

Агляд
Беларусаў у Польшчы ўжо не менш за 300 тысяч. Міграцыя паскорылася
2023.08.24 17:45

Алена Голуб belsat.eu

Стужка навінаў