«Транспартная вайна» паміж Казахстанам і Беларуссю завяршылася? Краіны пайшлі на саступкі


Напрыканцы 2023 года паміж Беларуссю і Казахстанам пачаўся чарговы этап «транспартнай вайны», калі фуры і прычэпы з гэтых краінаў сутыкнуліся з забаронамі на працу адно ў аднаго. Магчыма, сітуацыя ўжо палепшылася. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Anton Vergun / TASS / Forum

5 сакавіка на Нацыянальным прававым партале Беларусі была апублікаваная пастанова Міністэрства транспарту і камунікацыяў ад 16 лютага № 8. Згодна з ёю грузавыя аўтамабілі і цягачы, зарэгістраваныя ў Казахстане, Кыргызстане і Арменіі, атрымалі дазвол на ўезд у транспартна-лагістычныя цэнтры (ТЛЦ) каля беларускай мяжы з Еўразвязам. Паводле пастановы ад 21 лістапада 2023 года № 44, такое права было толькі ў фураў і прычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі і Расеі.

Як адзначыў адзін з суразмоўцаў «Белсату» з лагістычнай галіны, такое рашэнне тэарэтычна можа дапамагчы абысці санкцыі пры экспарце з Беларусі і Расеі ў Еўразвяз. У такім разе больш машынаў з сярэднеазіяцкімі таварамі будзе перачапляцца на мяжы, і «польскія транспартнікі па тахографе не змогуць праверыць, ці сапраўды тавар едзе з умоўнай Астаны».

Аднак, паводле яго, санкцыі на імпарт у Беларусь і Расею даволі ўдала «абыходзяцца шляхам банальнай замены дакументаў на нейтральнай тэрыторыі (самы просты варыянт)».

Кітай прымусіў дамаўляцца

У сваю чаргу іншая крыніца «Белсату» адзначыла, што гэтая пастанова Міністрэрства транспарту стала, хутчэй за ўсё, вынікам дамовы паміж уладамі Казахстану і Беларусі.

«Бо даволі хутка казахі знялі забарону на перачэп і перагруз для аўтаў, якія ідуць з Еўропы ў Казахстан. З 1 студзеня забаранілі, а 10 лютага знялі забарону. А беларусы ў адказ пусцілі на ТЛЦ. Ну і каб паказаць, быццам ЕАЭС існуе, можна і астатнім [Арменіі і Кыргызстану. – Belsat.eu]. Іх там мінімальны адсотак. Казахстан і Беларусь – галоўныя краіны транзіту. Мы – з ЕЗ, яны – з Кітаю», – заявіў суразмоўца.

Таксама, паводле яго, цяпер ідзе спрэчка за мытню для тавараў кшталту e-commerce з Кітаю паміж Менскам і Астаной.

«Казахі і беларусы любяць уводзіць дадатковы дагляд для тавараў з Кітаю, якія ідуць на Еўропу. І спрэчка там даўняя, ад перадзелу дазволаў да кошту мытні за кілаграм. Таму тут далёка не толькі пра санкцыі. А пра тое, як зарабляць на транзіце ва ўмовах санкцыяў», – адзначыў ён.

На ягоную думку, цяжка сказаць, які з бакоў перамог у гэтым канфлікце, хутчэй яны абодва пайшлі на саступкі, бо «інструменты ціску ёсць у абодвух».

«Тут і Кітай сказаў сваё, сто пудоў. Кшталту: дамаўляйцеся», – заявіў суразмоўца.

Аналітыка
Кітай штурхае Лукашэнку мірыцца з Польшчай? Наколькі важны беларускі транзіт для Пекіну
2023.12.07 09:16

16 красавіка 2022 года Беларусь у адказ на заходнія санкцыі забараніла еўрапейскім аўтамабільным грузаперавознікам праязджаць праз Беларусь, дазволіўшы ім толькі заязджаць у лагістычныя цэнтры каля мяжы для перагрузу або перачэпкі. Далей груз везлі беларускія і расейскія перавознікі. Але ў Казахстане сталі затрымліваць беларускія і расейскія фуры з грузам, які перагрузілі ў Беларусі з машынаў ЕЗ, бо там з 2017 года дзейнічаў адпаведны закон.

На пачатку чэрвеня 2022 года Казахстан адмяніў забарону на перачэпку для перавознікаў з Расеі і Беларусі, спаслаўшыся на «праяву разумення і добрую волю». А ў траўні 2023 года дазволіў беларускім перавознікам ужываць схему перачэпкі і перагрузкі да 1 студзеня 2024 года. Аднак 9 кастрычніка Астана зноў увяла забарону на аўтамабільныя перавозкі грузаў з трэціх краінаў з выкарыстаннем перачэпкі і перагрузкі. З 26 лістапада ўжо Беларусь дазволіла перагрузку і перачэпку ў ТЛЦ толькі грузавым аўтамабілям і цягачам, зарэгістраваным у Беларусі і РФ.

Ці скончаная цяпер «транспартная вайна» паміж Менскам і Астаной, не вядома. Але казахскім фурам дазволена заязджаць у памежныя ТЛЦ у Беларусі толькі да 31 снежня 2024 года. Для Арменіі і Кыргызстану такія абмежаванні ў новай пастанове беларускага Мінтрансу не пазначаныя.

Hавiны
Такаеў ацаніў жарт Лукашэнкі пра ядравую зброю і ўступленне ў саюз Беларусі і Расеі
2023.05.29 13:11

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў