Дэпутаты кааліцыйнай бальшыні праігнаравалі пазачарговае пасяджэнне парламента Вугоршчыны, ініцыяванае апазіцыяй дзеля найхутчэйшага разгляду заяўкі Швецыі на сяброўства ў NATO. Галасоў прысутных не хапіла нават на тое, каб зацвердзіць парадак дня, перадае выданне Telex.
На пасяджэнне парламента не прыйшлі дэпутаты кааліцыйнай бальшыні ад Хрысціянска-дэмакратычнай народнай партыі і «Фідэс». У выніку ў залі прысутнічаў 51 дэпутат з 199. Колькасці галасоў не хапіла, каб нават зацвердзіць парадак дня.
Пазачарговае пасяджэнне склікала апазіцыя, каб як мага хутчэй ухваліць уступ Швецыі ў NATO.
Пры гэтым кіраўнік фракцыі «Фідэс» Матэ Кочыш выставіў Стакгольму ўмову:
«Ратыфікацыя можа адбыцца напачатку чарговай парламенцкай сесіі, аднак для гэтага патрабуецца сустрэча двух прэм’ер-міністраў у Будапэшце. Калі ўступленне ў NATO важнае для шведаў, яны прыедуць сюды, як яны прыехалі ў Турцыю».
Адметна, што 24 студзеня прэм’ер-міністр Вугоршчыны і лідар партыі «Фідэс» Віктар Орбан заклікаў парламент ратыфікаваць заяўку Швецыі на ўступ у NATO «пры першай жа магчымасці».
Вясенняя сесія вугорскага парламента пачнецца 26 лютага.
Вугоршчына – апошняя краіна альянсу, якая не ўхваліла сяброўства Швецыі. Доўга гэтае пытанне разглядалі ў Турцыі, аднак прэзідэнт рэспублікі Рэджэп Таіп Эрдаган нарэшце падпісаў адпаведны ўказ 25 студзеня.
Швецыя разам з Фінляндыяй падала зяўку на далучэнне да NATO 18 траўня 2022 года. Гэтае рашэнне сталася рэакцыяй на расейскае ўварванне ва Украіну.
Фінляндыю афіцыйна прынялі ў арганізацыю ў красавіку летась. Тут Турцыя і Вугоршчына таксама зацягвалі ратыфікацыю адпаведнага пагаднення.
Сцяпан Кубік belsat.eu