«Януковіч паўстане перад судом». Ва Украіне завяршылі расследаванне ў справе расстрэлу «Нябеснай сотні»


Дзяржаўнае бюро расследаванняў (ДБР) Украіны паведамляе аб заканчэнні расследавання ў найбуйнейшай справе Еўрамайдану – аб расстрэле мітынгоўцаў у лютым 2014 года. Ахвяраў таго злачынству назавуць потым «Нябеснай сотняй». Абвінавачанне накіраванае ў суд.

Мемарыял памяці герояў «Нябеснай сотні» – актывістаў Еўрамайдану 2013-2014 гадоў, якія загінулі падчас акцый пратэсту. Кіеў, Украіна. 23 лютага 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Ва ўчыненні злачынстваў ДБР абвінавачвае тагачаснага прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, міністра ўнутраных справаў і яго намесніка, начальніка СБУ, міністра абароны краіны, камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Украіны, начальніка ГУМУС Украіны ў Кіеве, камандзіра «Беркуту» ды іншых былых высокапастаўленых чыноўнікаў.

ДБР сцвярджае, што менавіта яны 18-20 лютага 2014 года «аддавалі загады і прымалі адпаведныя рашэнні аб выкарыстанні супрацоўнікамі праваахоўных органаў спецыяльных сродкаў, ваеннай тэхнікі і агнястрэльнай зброі», не маючы на тое падставаў і парушаючы дзейнае заканадаўства Украіны.

«Гэтыя чыноўнікі таксама арганізавалі штурм Майдана пад выглядам «антытэрарыстычнай аперацыі», а раніцай 20 лютага аддалі загад расстрэльваць дэманстрантаў. Гэта было зроблена з перавышэннем улады, службовых паўнамоцтваў і без законных падставаў», – гаворыцца ў справаздачы ДБР Украіны.

Паводле ДБР, у выніку злачынных дзеянняў экс-прэзідэнта і былых сілавікоў загінулі 67 мірных жыхароў Кіева, пацярпелі 887 чалавек, матэрыяльная шкода ацэньваецца сумай, большай за 16 мільёнаў грыўняў.

Дасудовае расследаванне таксама высветліла, што былы кіраўнік СБУ і камандуючы ўнутранымі войскамі МУС пасля распаду СССР служылі ва ўзброеных сілах РФ, мелі расейскае грамадзянства і давалі прысягу расейскаму народу.

«Аддаючы загад аб ужыванні гвалту ў дачыненні пратэстоўцаў, яны дзейнічалі ў інтарэсах Расейскай Федэрацыі, якой прысягалі», – гаворыцца ў расследаванні ДБР.

Максімальнае пакаранне за пералічаныя ў расследаванні злачынствы – пажыццёвае зняволенне. Працэсуальнае кіраўніцтва ажыццяўляе Генеральная пракуратура Украіны, удакладняе прэс-служба ДБР.

Hавiны
«Politico»: пра пачатак перамоваў аб далучэнні Украіны да ЕЗ будзе абвешчана ў снежні
2023.10.04 00:24

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў