Андрэй Стрыжак: Для ўлады важна задавіць салідарнасць


Менскі гарадскі суд распачаў працэс ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Дзеці Чарнобылю», якое існавала з 1990-х гадоў. Ініцыятарам гэтага выступіла Міністэрства юстыцыі. Сузаснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак упэўнены, што такіх гарызантальных сувязяў паміж семʼямі, куды ездзілі гэтыя дзеці, і самымі дзецьмі больш не будзе, бо дзяржава ўзамен нічога даць не можа: жалезная заслона ўсё больш закрывае Беларусь ад цывілізаванага свету.

Цалкам размову глядзіце тут:

«У першую чаргу гэта будзе адбівацца на тым, што дзеці не будуць бачыць сваймі вачыма, як выглядае еўрапейскае жыццё», – лічыць Андрэй Стрыжак.

Галоўнай задачай такога рашэння ён называе жаданне ўладаў разбіць салідарнасць і сувязь паміж звычайнымі людзьмі, бо атамізаваны чалавек, які жыве толькі ўласнымі інтарэсамі, ні пра што болей не думае, таму ім прасцей кіраваць.

«Калі дзеці па-ранейшаму будуць ездзіць у Еўразвяз, асабліва цяпер, калі яго пазіцыянуюць як дэманічнае фармаванне краінаў, якія толькі і хочуць раздавіць Беларусь і Расею заадно, то гэта неяк не кладзецца ў агульную ідэалогію. Ідэалогія цяпер пачала ісці перад эканомікай і перад нейкімі такімі выгодамі, як аздараўленне або гуманітарныя праграмы».

І калі для звычайных людзей адсутнасць праграмаў дапамогі і перадачы лекаў – гэта катастрофа, то, паводле Стрыжака, сістэмы гэта не закране: чыноўнікі ў любым выпадку змогуць атрымаць для сябе недасяжныя іншым, дэфіцытныя лекі.

Ліквідацыю ж такіх недзяржаўных аб’яднанняў сузаснавальнік «BYSOL» называе «спробаю ўкачаць усё ў асфальт і зрабіць праславутую палярную ноч у галіне грамадскіх арганізацыяў і грамадзянскай супольнасці»:

«Гэта арганізацыі вельмі часта абсалютна бяскрыўдныя для ўлады на першы погляд. Але, яшчэ раз падкрэсліваю, любое некантраляванае, гарызантальнае праяўленне яднання людзей – гэта небяспека для дыктатуры, і іх галоўная мэта – гэта ўсё знішчыць. Але трэба разумець, што, каб дамагчыся гэтага ў працяглым перыядзе, трэба выхаваць яшчэ адно пакаленне людзей, якія ўжо не будуць ведаць, што такое салідарнасць».

Пакуль жа, на думку Андрэя Стрыжака, узаемадапамогу паміж беларусамі рэжыму задавіць не ўдаецца: людзі сыходзяць у падполле і зноў аб’ядноўваюцца паміж сабой.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў