Канцлер Нямеччыны Шольц атрымаў траўму на прабегу. Цяпер чакае мэмаў


У суботу, 2 верасня, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц атрымаў траўму ў часе прабежкі: спатыкнуўся, упаў, на твары засталіся драпіны. Пра гэта ў нядзелю расказала выданне «Frankfurter Rundschau». А ў панядзелак Шольц паказаў у Instagram, як выглядае пасля траўмы.

Оляф Шольц з «пірацкаю» павязкаю на воку напісаў, што выглядае гэта горш, як ёсць насамрэч. Ён падзякаваў усім за добрыя зычэнні і адзначыў, што чакае мэмаў з гэтым здымкам.

Медыкі не знайшлі сур’ёзных траўмаў. Як піша «Bild», Шольц у нядзелю на ўсялякі выпадак сядзеў удома, але ў панядзелак вярнуўся да працы паводле звычайнага раскладу. У атачэнні канцлера выданню расказалі, што Шольц злуецца на сябе за гэтае здарэнне.

Як расказвала «Deutsche Welle», Шольц рэгулярна бегае каля свайго дому ў Потсдаме, намагаецца займацца спортам два-тры разы на тыдзень, займаецца таксама веславаннем, часам катаецца з жонкаю на роварах. Прызнаваўся, што ў школьныя гады ненавідзеў спорт, але цяпер бегае як мага больш. Падчас прабегу не выкарыстоўвае нейкіх разумных прыладаў для замеру пульсу, не слухае музыкі – проса бегае і «няшмат думае пра розныя рэчы».

Мэмы з Шольцам сапраўды з’явіліся: Пірацкая партыя Нямеччыны нават прызнала Шольца сваім новым прэзідэнтам. І мэмы збольшага бяскрыўдныя, хоць працу Шольца на пасадзе канцлера ўжо лічыць добраю менш за палову немцаў, а шмат апытаных называе яго слабым лідарам. Нягледзячы на гэта, большасць каментароў пад фота пасля траўмы – «Gute Besserung», што значыць «хутчэй папраўляйцеся».

Каментар
Лукашэнка зноў не памёр. Чаму ягонае здароўе выклікае столькі чутак?
2023.05.29 17:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў