Больш за 400 расейскіх спартоўцаў прыехалі ў Беларусь на Гульні краін СНД


Для ўдзелу ў Гульнях краін СНД у Беларусь прыбылі 408 расейскіх спартсменаў, паведамляе прэс-служба расейскага Ураду.

Расейскія спартоўцы прыехалі ў Беларусь.
Фота: newsgomel.by

II Гульні краін СНД у Беларусі пройдуць з 4 па 14 жніўня ў 11 беларускіх гарадах. Уваход на ўсе спаборніцтвы бясплатны.

Усяго ў гульнях прымуць удзел прадстаўнікі 23 краінаў. Акрамя краінаў СНД, у спаборніцтвах таксама прымуць удзел каманды з Ірану, Егіпта, Малайзіі, Лівана, ААЭ, В’етнаму, Кубы. На іх прыехалі больш за 6 тысяч удзельнікаў, з якіх каля 4 тысяч – гэта атлеты.

Спаборніцтвы пройдуць па 20 відах спорту. Фармат уключае алімпійскія, неалімпійскія і нацыянальныя віды спорту.

Расейскія спартоўцы прыехалі ў Беларусь.
Фота: newsgomel.by

Афіцыйная цырымонія адкрыцця II Гульняў краін СНД адбудзецца 5 жніўня ў «Менск-Арэне», там жа 13 жніўня пройдзе цырымонія закрыцця. Арэнамі турніраў стануць Менск (гімнастыка, лёгкая атлетыка, валейбол, сучаснае пяцібор’е, кулявая стральба, пляжны футбол, баскетбол 3х3), Берасце (гандбол, плаванне), Горадня (хакей на траве, цяжкая атлетыка), Гомель (дзюдо), Віцебск (тайландскі бокс), Магілёў (стральба з лука, каратэ), Салігорск (спартыўная барацьба), Маладзечна (пляжны валейбол), Ворша (бокс), Жлобін (самба).

Першыя Гульні краін СНД прайшлі ў Расеі летась у адказ на забарону ўдзелу расейскіх і беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў