Беларусь мае намер правесці вялікі эканамічны форум беларускіх і кітайскіх рэгіёнаў


У Беларусі ў 2024 годзе пройдзе эканамічны форум рэгіёнаў Беларусі і Кітаю. Пра гэта піша выданне Reform.by спа спасылкаю на заяву пасла РБ у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Аляксандра Чарвякова ў эфіры ОНТ.

Паводле Аляксандра Чарвякова, плануецца правесці «дастаткова маштабны» эканамічны форум у Менску з удзелам рэгіёнаў Кітаю і Беларусі:

«Натуральна, да гэтага форуму трэба рыхтавацца. Будуць разнастайныя выставы. Мы плануем удзел у імпрэзах у Кітаі ў якасці ганаровых гасцей нашых вобласцяў, Менскай і Гарадзенскай».

Акрамя таго, пасол выказаў спадзяванні, што ў Пекіне будзе адкрыты культурніцкі цэнтр Беларусі.

Паводле Чарвякова, у 2023 годзе экспарт беларускіх тавараў у Кітай вырас на 20 %, а наменклатура беларускага экспарту ў гэтую краіну складаецца з 332 пазіцыяў.

Лідаруе ў структуры экспарту прадукцыя хімічных вытворчасцяў Беларусі.

«Гэта розныя віды мінеральных угнаенняў і гэтак далей. Другое месца займаюць харчы і сельскагаспадарчая прадукцыя. Гэта нашая малочка, гэта прадукцыя жывёлагадоўлі, ялавічына. Наступнае месца – за прадукцыяй дрэваапрацоўвання, рапсавым алеем і гэтак далей. Прынамсі тое, што звязана з хімічнаю прамысловасцю, з харчоваю, сельскагаспадарчаю, дрэваапрацоўваннем – гэта асноўныя галіновыя флагманы сёння, прадукцыя якіх карыстаецца найбольшым попытам», – адзначыў пасол.

Нагадаем, што ў лютым Кітай апублікаваў статыстыку пра імпарт калійных угнаенняў за 2023 год: згодна з ёю, нашая краіна апярэдзіла Расею і Канаду ў пастаўках калію на кітайскі рынак. З нашай краіны КНР імпартавала калійных угнаенняў на суму каля $ 1,46 млрд, у той час як з Расеі – $ 1,13, Канады – $ 803,1.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў