Улады падрыхтавалі новы сюрпрыз для беларусаў, якія з’ехалі за мяжу і трапілі ў базу «дармаедаў»


На прававым партале з’явілася новая пастанова, згодна з якой беларусаў, якія з’ехалі за мяжу і трапілі ў спіс «дармаедаў», абавяжуць аплочваць камунальныя паслугі па поўных тарыфах нават за тыя месяцы, калі яны яшчэ не былі ўключаныя ў «дармаедскую» базу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Так, напрыклад, згодна з цяперашнімі правіламі, па поўных тарыфах плацілі тыя, хто выехаў за мяжу на перыяд большы, чым 30 дзён, незалежна ад мэты выезду (гэта закранала не толькі тых, хто выехаў на працу, але і на навучанне). Выключэнне датычылася тых, хто з’ехаў у краіны ЕАЭС – Арменію, Казахстан, Кыргызстан або Расею.

Але цяпер беларусам, якія выехалі за мяжу больш 30 дзён таму, аднак пры гэтым не адразу трапілі ў базу «дармаедаў», будуць пералічваць сумы за больш раннія перыяды, у якія яны па розных прычынах не былі залічаныя да «дармаедаў» (напрыклад, у выпадках, калі грамадзяніна ўключылі ў базу са спазненнем).

«У выпадку выяўлення працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы, якія падлягалі ўключэнню ў спісы за мінулыя перыяды, такія спісы пераглядаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое дзейнічала на дату іх фармавання. Пры гэтым улічваюцца ўсе перыяды фармавання, пачынаючы з месяца, з якога названыя грамадзяне падлягалі ўключэнню ў спісы за мінулыя перыяды», – гаворыцца ў тэксце пастановы.

Змены ўступаюць у сілу з моманту афіцыйнага апублікавання дакумента, гэта значыць, з 4 лістапада 2023 года.

Hавiны
У Беларусі дзве «базы дармаедаў». Адну з іх вядзе Дзяржаўны памежны камітэт
2023.09.29 09:56

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў