«Колькасць палітвязняў у Беларусі заніжаная ў некалькі разоў». Сойм Руху салідарнасці «Разам» просіць пералічыць


Сябры Сойму Руху салідарнасці «Разам» прынялі 1 ліпеня заяву пра статус палітычнага вязня ў Беларусі, у якой заклікалі прызнаваць палітзняволенымі ўсіх грамадзянаў, якія застаюцца пад вартаю з палітычных прычынаў, а таксама тых, хто адбывае «хімію» або «хатнюю хімію». Удзельнікі сойму звярнуліся да праваабарончых арганізацыяў з просьбаю пераглядзець крытэры вызначэння статусу, бо думаюць, што афіцыйная колькасць палітвязняў у Беларусі заніжаная ў некалькі разоў.

Яны ставяць кляймо «экстрэміста», а мы не прызнаем палітычным вязнем?

«Тое, што мы не прызнаем «хатніх хімікаў» палітзняволенымі, і тое, што мы не прызнаем людзей, якія адбылі арышт, інакш як вар’яцтвам я назваць не магу. Бо, напрыклад, чалавек, якія два ці тры гады адбываў «хатнюю хімію» паводле 369 артыкулу, атрымлівае ад рэжыму кляймо «экстрэміста». Але пры гэтым яго не прызнаюць палітвязнем? Як гэта?» – разважаў сябра Беларускай асацыяцыі палітвязняў (БАП), што ствараецца ў Варшаве, Алег Кулеша.

У паседжанні замежнага Сойму Руху салідарнасці «Разам» узялі ўдзел сябры Беларускай асацыяцыі палітвязняў. 1 ліпеня 2023 года, Варшава.
Фота: Белсат

У якасці прыкладу Кулеша апавёў гісторыю свайго знаёмага, якога міліцыянты падчас адбывання ім «хатняй хіміі» давялі да спробы самагубства. Выйшаўшы на свабоду, псіхалагічна і фізічна разбіты, той звярнуўся ў эміграцыі з просьбаю пра медычную дапамогу – і атрымаў адмову: маўляў, вы не прызнаныя палітвязнем.

Алег Кулеша зазначае: не варта параўноўваць узроўню ціску ды катаванняў у турмах і на «хатняй хіміі», але «і там катуюць, ціснуць і здзекуюцца».

Гісторыі
«Хатнюю хімію» адбыць немагчыма». Гісторыя бяссоння і галадовак беларускі Рэгіны Лавор
2023.06.03 07:00

«Мы ўсе пераламаныя. Мы ўсе засталіся інвалідамі пасля гэтых пераломаў. Таму трэба прымаць усіх, усіх складаць разам, надаваць ім статус палітвязня», – казала падчас сходу былая палітзняволеная Таццяна Астроўская.

Статус палітвязня – аж да поўнай рэабілітацыі

Пра жахі адбывання пакарання ў Беларусі і пра неабходнасць пераглядзець крытэры прызнання палітычнымі вязнямі, якія былі сфармуляваныя 10 гадоў таму («і сталіся яшчэ аднымі ланцугамі для вязняў»), казалі былыя палітзняволеныя і сябры БАП Вольга Класкоўская, Вольга Паўлава, Іна Шырокая, Вольга Рытус, Вольга Гарбунова ды іншыя.

«Статус палітвязня – гэта вельмі важнае пытанне, і яго трэба ўздымаць. Гэты статус павінен быць у асобаў, засуджаных на «хатнюю хімію», бо гэта людзі, якія таксама пацярпелі праз свае палітычныя погляды і перакананні. І я часта сутыкаюся з такою сітуацыяй, што людзі, якім патрэбная дапамога, прыкладам, медычная, не атрымліваюць яе, бо большасць праграмаў дапамогі распрацаваныя пад палітычных вязняў», – казала палітзняволеная Вольга Класкоўская.

Вольга таксама звяртае ўвагу, што сярод засуджаных на «хатнюю хімію» – 368 жанчын (палітзняволеная спаслалася на звесткі праваабарончага цэнтру «Вясна»), якія па вызваленні не атрымаюць патрэбнай рэабілітацыі. Паводле Вольгі Класкоўскай, 165 жанчын прызнаныя палітзняволенымі. Гэта 11 % ад агульнай колькасці афіцыйна прызнаных (на 1 ліпеня – 1496 чалавек).

Рэпартаж
«Акрываўленая, лезеш у кармушку». У Варшаве агучылі гісторыі катаванняў у турмах Беларусі
2023.06.27 23:25

«Сёння мы прызнаем палітычнымі вязнямі ў Беларусі ўсіх грамадзянаў, якія застаюцца пад вартаю ці ўжо адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення ці абмежавання волі, у тым ліку на так званых хіміі ды хатняй хіміі, або скіраваных на прымусовае лекаванне ў сістэме карнай псіхіятрыі ці ЛПП, у справе якіх прысутнічае палітычны складнік. У тым ліку палітвязнямі мы прызнаем арыштаваных па сфальсіфікаванымі ўладамі абвінавачаннях», – гаворыцца ў заяве, прынятай замежным Соймам Руху салідарнасці «Разам».

У дакуменце падкрэсліваецца: палітычныя вязні не страчваюць свайго статусу пасля вызвалення аж да моманту палітычнай рэабілітацыі, якая магчымая толькі пасля прыняцця ў вольнай Беларусі двух законаў – аб люстрацыі і палітычна рэпрэсаваных.

Канцэпцыя рэабілітацыі амаль гатовая

Сябра Беларускай асацыяцыі палітвязняў і прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету Вольга Гарбунова адзначыла ў сваёй прамове, што праца над заканадаўствам ужо вядзецца. Канцэпцыя аб рэабілітацыі ўжо амаль гатовая і будзе выстаўленая на публічныя слуханні. У ёй прадугледжаныя не толькі прававая і палітычная рэабілітацыя, але маёмасная і медычная.

«І ўсе эксперты сышліся ў поглядзе, што такая рэабілітацыя павінна датычыць не толькі рэпрэсаваных у 2020 годзе і пасля 2020-га, але ўсіх тых, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў з пачатку 1990-х», – удакладніла Вольга Гарбунова.

Палітычныя вязні зʼявіліся ў Беларусі ў 1996 годзе. Першым быў стваральнік і лідар Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, які ўвесну 1996-га трымаў за кратамі 21-дзённае галадаванне. Падчас паседжання Сойму арганізацыі ён выказаў думку, што акурат палітзняволеныя, якія на сваёй скуры зведалі здзекі і катаванні за кратамі, павінны вызначаць, каму надаваць статус палітычных вязняў, а каму не.

Вячаслаў Сіўчык.
Фота: СФ / Белсат

Сіўчык звярнуўся да сябраў Беларускай асацыяцыі палітвязняў з прапановаю стварыць камітэт вызначэння палітзняволеных. Палітык упэўнены: спіс палітычных вязняў трэба складаць нанава. І трэба, каб праваабаронцы асэнсавалі неабходнасць перагляду крытэраў прызнання.

«Разумееце, мне вельмі страшна за Беларусь. Я чалавек, які ўсё жыццё аддаў барацьбе і не зведваў роспачы. Але апошнім часам мне вельмі страшна… Нельга проста ўцірацца, калі цябе бʼюць па мордзе, ужо груба скажу. А гэта ж лёс любога палітвязня!

Дапамажыце самі сабе, дапамажыце ім, дапамажыце Беларусі. Гэтую працу ніхто, акрамя вас, не зробіць», – казаў Вячаслаў Сіўчык, звяртаючыся да сябраў Беларускай асацыяцыі палітвязняў.

«У звязку з беспрэцэдэнтнай для сучаснай Еўропы катастрафічнай сітуацыяй у Беларусі просім перагледзець крытэры вызначэння статусу палітвязня ў Беларусі з улікам дзейнасці тэрарыстычных лукашэнкаўскіх сілавых структураў», – гэта цытата са звароту Сойму Руху салідарнасці «Разам» да беларускіх праваабарончых арганізацыяў.

Увесці панятак «палітычна рэпрэсаваны»

Сустаршыня руху Алена Талстая казала таксама пра неабходнасць увесці ў дадатак да тэрміну «палітычны вязень» панятак «палітычна рэпрэсаваны», каб шырэй ахапіць тых, каго ў той ці іншай ступені закрануў пераслед і ціск уладаў. Пад гэты панятак падпадалі б, апрача ўласна палітзняволеных, тыя, хто пакінуў Беларусь пасля завядзення на яго крымінальнай справы, хто застаецца ў краіне ў статусе падазраванага, хто прайшоў праз адміністратыўныя арышты ці штрафы, хто быў збіты сілавікамі ці звольнены з палітычных прычынаў з працы і г. д.

Алена Талстая назвала 10 катэгорыяў палітычна рэпрэсаваных, але зазначыла, што іх можа быць больш:

«Гэта трэба абмяркоўваць і складаць спісы. Наконт кожнай катэгорыі неабходна ствараць дакладныя вызначэнні і дэфініцыі».

Замежны Сойм Руху салідарнасці «Разам» у сваім выніковым рашэнні рэкамендуе сябрам і прыхільнікам публічна згадваць не толькі афіцыйную колькасць палітычных вязняў у Беларусі (1496 чалавек на 3 ліпеня, што «з субʼектыўных і абʼектыўных прычынаў заніжаная ў некалькі разоў»), але і колькасць палітычных крымінальных справаў, заведзеных у Беларусі з 2020 года: паводле звестак дзяржаўных органаў, 12 000. Згодна з падлікамі праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, крымінальны пераслед за палітычныя погляды зазналі з 2020 года 4850 чалавек. Колькасць павялічваецца штодзень.

Аналітыка
«Ляскалі затворамі, пагражалі расстраляць». Камітэт расследавання катаванняў прэзентаваў даклад пра жахі ў Савецкім РУУС Менску
2023.06.20 19:32

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў