«Маем разуменне, што трэба рабіць». Былыя палітвязні заявілі пра стварэнне ўласнай арганізацыі за мяжой


У Польшчы ствараецца арганізацыя, якая аб’яднае былых беларускіх палітвязняў. Пра гэта падчас дыскусіі «Палітзняволеныя ў Беларусі для сусвету, праваабаронцаў і СМІ», якая адбылася 11 чэрвеня ў прасторы «Пад жырандоляй» у Варшаве, заявіў былы палітычны зняволены Аляксандр Кабанаў.

Панэльная дыскусія «Палітзняволеныя ў Беларусі для беларусаў і беларусак, сусвету, праваабаронцаў і СМІ». На здымку – блогер і былы палітычны зняволены Аляксандр Кабанаў, праваабаронца з ініцыятывы Politzek.me Іна Каваленак і журналіст «Белсату» і «Радыё Ўнэт» Раман Усцінаў. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Сёння ўжо магу паведаміць у якасці афіцыйнай інфармацыі, што будзе новая арганізацыя былых палітзняволеных. Вядзецца праца над тым, каб яна была афіцыйна зарэгістраваная», – сказаў Аляксандр Кабанаў.

Як удакладніў «Белсату» сябра ініцыятыўнай групы для стварэння арганізацыі былы палітзняволены Алег Кулеша, засноўвае яе суполка былых палітвязняў у замежжы, якая налічвае больш за 70 чалавек і якая «з кожным днём павялічваецца». Кулеша мяркуе, што новае грамадскае абʼяднанне будзе афіцыйна зарэгістраванае ўжо ў ліпені. Зараз удзельнікі суполкі абмяркоўваюць, як дакладна будзе называцца новая арганізацыя. У размове з журналістам «Белсату» Алег Кулеша называе яе Асацыяцыяй былых палітвязняў.

«Нашая мэта – дапамога палітвязням. Не кажу «былым», бо палітвязень – гэта назаўжды. Людзі, якія прайшлі праз катаванні, разумеюць, што ніхто лепей не будзе нас бараніць, як мы самі сябе. Маем разуменне, што трэба рабіць і як трэба рабіць, бо самі праз усё гэта прайшлі», – кажа Алег Кулеша.

У аргкамітэт уваходзіць прадстаўніца Абʼяднанага кабінету ў сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова, якая ў свой час і ініцыявала стварэнне суполкі былых палітвязняў.

Дыскусія «Пад жырандоляй». Пра што была гаворка?

«Што і як трэба рабіць», каб дапамагаць палітвязням і мець бяспечную сувязь з іх сваякамі? Як распавядаць пра тое, што робіцца за кратамі, у сітуацыі інфармацыйнай пусткі і страху? Урэшце, каго прызнаваць палітзняволенымі і адкуль браць грошы на іх падтрыманне? Пра гэта вялася гаворка падчас сустрэчы, зладжанай ініцыятывай «Dissidentby» у варшаўскай прасторы «Пад жырандоляй».

Апроч Аляксандра Кабанава спікерамі выступалі прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету ў нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, журналіст Раман Усцінаў і праваабаронца з ініцыятывы Politzek.me Іна Кавалёнак. Мадэраваў дыскусію заснавальнік «Dissidentby» Вячаслаў Касінераў.

Панэльная дыскусія «Палітзняволеныя ў Беларусі для беларусаў і беларусак, сусвету, праваабаронцаў і СМІ». На здымку – блогер і былы палітычны зняволены Аляксандр Кабанаў, праваабаронца з ініцыятывы Politzek.me Іна Каваленак, журналіст «Белсату» і «Радыё Ўнэт» Раман Усцінаў і прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Пераказваем, самыя гарачыя, на наш погляд, моманты размовы.

Праблема лічбы. Колькі ў краіне палітвязняў

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 12 чэрвеня 2023 года ў Беларусі палітычнымі зняволенымі былі прызнаныя 1495 чалавек. Па звестках ініцыятываў «Dissidentby» і Politzek.me, у краіне больш за 1700 палітвязняў. На думку прадстаўніцы Кабінету Вольгі Гарбуновай іх колькасць насамрэч можа быць утрая большая – да 5000 чалавек.

Такая разбежка ў падліках тлумачыцца адсутнасцю інфармацыі пра многіх асуджаных паводле палітычных артыкулаў і нежаданнем іх сваякоў дзяліцца ёй з праваабаронцамі з-за рызыкі пагоршыць сітуацыю. Апроч таго, праваабарончыя ініцыятывы маюць розныя падыходы да прызнання чалавека палітзняволеным. Падчас дыскусіі неаднойчы гучаў заклік аб кансалідацыі праваабарончага поля.

«Мы кажам у міжнародных структурах, што афіцыйная лічба такая і такая, але адразу зазначаем, што насамрэч, мы думаем, іх у тры разы больш. Нам пакуль вераць на слова», – распавяла прадстаўніца Абʼяднанага кабінету Аліна Коўшык.

Панэльная дыскусія «Палітзняволеныя ў Беларусі для беларусаў і беларусак, сусвету, праваабаронцаў і СМІ». На здымку (справа) – прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Я падлічыў колькі нас сядзела на зоне. Афіцыйна скажу: нас было 220 чалавек. Калі вызваліўся, зайшоў на сайт «Вясны» – 115. Вось вам розніца. Нашыя праваабаронцы не ведаюць пра палову! Дык калі не ведаеце, трэба карыстацца тым, што падае рэжым. А ён паведамляе пра 12 тысяч крымінальных справаў, заведзеных за палітыку.

Дык павінна быць 12 тысяч палітвязняў! І не мы іх прызначаем, не праваабаронцы, а вось той рэжым – фашысты. Ён робіць палітвязняў. Опер іх прызначае. Не мы», – каментаваў з залы былы палітвязень Алег Кулеша, які ў верасні 2022 года вызваліўся з бабруйскай калоніі.

Незразумелымі для многіх застаюцца і афіцыйныя крытэры, паводле якіх праваабарончая супольнасць прызнае ці не прызнае чалавека палітвязнем. Былая палітзняволеная Таццяна Астроўская выказала падчас сустрэчы здзіўленне, чаму «Вясна» дагэтуль не надала статус палітвязня Вользе Вайцеховіч і яе сямʼі (4 чалавекі), якія каля 700 дзён утрымліваюцца на Валадарцы па тэрарыстычным артыкуле. Такіх выпадкаў нямала.

Аляксандр Кабанаў прызнаўся, што, калі сядзеў, не зважаў на свой статус, які ў калоніі мала на што ўплывае («Існуе думка, што, калі цябе прызналі палітвязнем, у цябе на зоне будуць праблемы, але гэта не так»). Аднак па вызваленні гэты статус мае вялікае значэнне.

Панэльная дыскусія «Палітзняволеныя ў Беларусі для беларусаў і беларусак, сусвету, праваабаронцаў і СМІ». На здымку – блогер, былы палітычны зняволены Аляксандр Кабанаў. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Палітвязні не могуць быць афіцыйнымі або неафіцыйнымі. Бо гэта проста прынцып…  трэба, каб нашая праваабарончая супольнасць стала адзінай, а людзей, не згодных у нечым, трэба выклікаць на публічныя дыскусіі. Іначай потым будзе вялікае пытанне, па якіх крытэрах мы будзем рэабілітаваць людзей. Гэта вялікая праблема. І пра гэта павінны думаць зараз.  Таму неабходна скансалідаваць праваабарончае поле», – казала з залы актывістка «Народнай грамады» Наталля Папкова.

Пытанне падтрымання палітвязняў

Удзельнікі дыскусіі абмяркоўвалі таксама балючую тэму недастатковага падтрымання былых палітвязняў, якія за мяжой займаюцца «ганебнай працай», не маюць, дзе жыць, і адчуваюць сябе нікому не патрэбнымі, хоць раней іх называлі героямі.

«Так, увесь запыт нашая дапамога пакуль не пакрывае, – прызналася праваабаронца ініцыятывы Politzek.me Іна Кавалёнак. – Але праз гэта прайшла такая колькасць людзей, што, думаю, не кожная дзяржава дала б рады з гэтым адразу, каб усе атрымалі дапамогу. Мы імкнёмся да гэтага, але трэба рэалістычна ацэньваць свае сілы ў гэтым пытанні».

Панэльная дыскусія «Палітзняволеныя ў Беларусі для беларусаў і беларусак, сусвету, праваабаронцаў і СМІ». На здымку – Іна Каваленак, праваабаронца з ініцыятывы Politzek.me. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Яна зазначыла, што, каб дапамагаць палітвязням, «не трэба быць нейкім спецыяльна навучаным чалавекам»: «кожны з нас мог бы стаць правадніком гэтай тэмы, не толькі праваабаронцы».

«Сапраўды так: палітвязняў шмат і дапамогі трэба рэальна вельмі шмат. Да такога абʼёму рэпрэсіяў не быў падрыхтаваны ніхто. Арганізацыі робяць, што могуць, але гэтага абсалютна недастаткова, каб падтрымаць семʼі і саміх палітвязняў. І гэта тое, з чым мы працуем, але гэта не так хутка змяняецца. Шукаюцца новыя механізмы падтрымання.  Гэта не 10 тысяч, гэта велізарныя грошы, якіх не мае ніводная арганізацыя, якая гэтым займаецца», – распавяла Аліна Коўшык.

Прадстаўніца Абʼяднанага кабінету казала пра ідэю стварэння міжнароднага фонду дапамогі, неабходнасць інстытуцыйнага падтрымання і сістэматызацыі той дапамогі, якая ўжо маецца.

Панэльная дыскусія «Палітзняволеныя ў Беларусі для беларусаў і беларусак, сусвету, праваабаронцаў і СМІ». Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Спачатку – юрыдычная дапамога: што можна, а што нельга ў цяперашніх умовах, бо людзі па вызваленні не ведаюць нават, што такое «Зеркало» і ці можна яго лайкаць. Потым – псіхалагічная. Пасля – з афармленнем візаў пры закрытых консульствах і амбасадах. Мяркую, гэтыя тры катэгорыі дапамогі павінны ісці адразу тым людзям, якія выходзяць на волю», – мяркуе журналіст «Белсату» і «Радые Ўнэт» Раман Усцінаў.

Ён таксама адзначае, як важна ў сённяшняй сітуацыі падтрымліваць сваякоў палітвязняў, на якіх прыпадае велізарны стрэс.

«У вас павінны быць на кожнай зоне свае стукачы»

Раман Усцінаў казаў пра цяжкасці здабывання звестак і гісторыяў палітвязняў ва ўмовах інфармацыйнага вакууму. Пра тое, што раней тэма палітвязняў была «блізкай і балючай», а цяпер «гэта проста статыстыка» (»Няма адчування людскога болю«). Матэрыялы пра палітвязняў не самыя чытаныя і прагляданыя («Пра скандал з «Байполам» чытае куды больш людзей»).

Панэльная дыскусія «Палітзняволеныя ў Беларусі для беларусаў і беларусак, сусвету, праваабаронцаў і СМІ». На здымку – журналіст «Белсату» і «Радыё Ўнэт» Раман Усцінаў. Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Але мы павінны разумець, што СМІ – гэта не заўжды пра рэйтынгі і праглядальнасць. Гэта місія. Таму мы гэтым займаемся. Для нас гэта важна», – падкрэсліў Раман Усцінаў.

Між тым, Аляксандр Кабанаў заўважыў што беларускія вольныя медыі недапрацоўваюць.

«Недапрацоўка ў тым, што няма зваротнай сувязі з людзьмі. Што няма бяспечнай сувязі з людзьмі. У вас павінны быць на кожнай зоне свае стукачы сярод супрацоўнікаў! У вас павінны ў любым РАУС быць злівы інфармацыі. І над гэтым трэба працаваць», – сказаў Аляксандр Кабанаў.

Панэльная дыскусія «Палітзняволеныя ў Беларусі для беларусаў і беларусак, сусвету, праваабаронцаў і СМІ». Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Панэльная дыскусія «Палітзняволеныя ў Беларусі для сусвету, праваабаронцаў і СМІ» працягвалася каля двух гадзін. Гаварылі таксама пра новыя стратэгіі і тактыкі пашырэння і паглыблення працэсу салідарнасці з ахвярамі рэжыму, пра гераізацыю палітвязняў, пра асвятленне праблемы катаванняў у турмах ды пра іншае. На сустрэчы ў прасторы «Пад жырандоляй» прысутнічала больш за 30 чалавек.

Рэпартаж
«Запаўзці пад ложак і чытаць Біблію?». Беларускія святары спрачаліся пра месца хрысціянаў у палітыцы
2023.06.08 20:36

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў