«Зверствы не мінаюць бясследна». Што будзе з расейскімі жаўнерамі, якія вернуцца дадому?


Часам наступствы вайны могуць быць страшнейшымі для жаўнераў за саму вайну. Чалавек можа перажыць смерць таварышаў у зброі, грукат тысяч выбухаў і гвалт, прайсці сотні кіламетраў разбітых дарог – але пазбавіцца карцінак з мінулага, успамінаў не так проста. Асабліва, калі ты быў не удзельнікам абарончай вайны – а ўварваўся на чужыя тэрыторыі і не да канца разумеў, што рабіў, за што змагаўся.

Мы пагутарылі з псіхолагам Сяргеем Цярэнцевым, каб даведацца, што можа чакаць удома жаўнераў расейскага войска, калі ў іх атрымаецца вярнуцца на радзіму. Якая імавернасць дзясяткам тысяч асобаў паўтарыць лёс жаўнераў-афганцаў 1980-х, захлынуцца наступствамі посттраўматычнага стрэсавага разладу (ПТСР) і стацца такімі ж агрэсарамі ў родных гарадах?

Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Сяргей Цярэнцеў – псіхолаг і ўдзельнік праграмы «Псіхічнае здароўе Украіны». Ён дапамагае людзям, якія мусілі пакінуць родныя дамы праз вайну і перажылі страту родных і блізкіх.

Аналізуючы імавернасць сутыкнення расейскіх жаўнераў з наступствамі вайны, Цярэнцеў робіць несуцяшальны прагноз. Ён мяркуе, што цягам часу псіхалагічныя траўмы, здабытыя ва Украіне, могуць жудасна раскрыцца.

«Зверствы не мінаюць бясследна. Наступствы таго, з чым цяпер сутыкаюцца людзі, трэба лекаваць і працаваць з імі. ПТСР сам не праходзіць. У дадатак з часам яго сімптомы значна ўплываюць на якасць жыцця і паводзіны чалавека», – гаворыць Цярэнцеў.

ПТСР – посттраўматычны стрэсавы разлад. Гэта цяжкі псіхічны стан, выкліканы перажытым траўматычным досведам. ПТСР можа адбіцца на працы мазгоў, нервовай і эндакрыннай сістэмы, а таксама на ўсім фізічным здароўі чалавека. Траўматычны досвед можа выліцца ў развіццё фобіяў ці нават звышагрэсіўныя паводзіны.

Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Сяргей Цярэнцеў адзначае, што гаварыць пра ПТСР у вайскоўцаў яшчэ рана. Стрэсавы разлад – натуральная рэакцыя чалавека на траўматычны досвед. Але з часам, калі не працаваць над сімптомамі разладу, ён робіцца надзвычай глыбокім і фактычна вызначае ўсё жыццё чалавека.

Успаміны пра перажытыя траўматычныя падзеі могуць праяўляцца без жадання самога чалавека

Псіхолаг выказаў меркаванне, што ПТСР увогуле ўласцівы абсалютна любым людзям, не толькі вайскоўцам. Кожны, хто перажыў траўму ці стрэс, можа сутыкнуцца з хваробай. Яна актуальная для вайскоўцаў, але можа напаткаць любога, напрыклад, чалавека, які трапіў у аварыю і будзе пазбягаць паездак на машыне з таго часу.

Выявіць ПТСР перашкаджае тое, што чалавеку бывае цяжка сябе зразумець. Сяргей Цярэнцеў раіць пры першых падазрэннях ісці да спецыяліста, бо самастойна выбрацца з разладу фактычна немагчыма.

Адна з праблемаў – успаміны пра перажытыя траўматычныя падзеі. Яны могуць праяўляцца абсалютна без жадання самога чалавека. Напрыклад, вы можаце ісці вуліцаю і раптам нешта стане трыгерам. Тады з’явяцца сімптомы разладу. Часам абсалютна нечакана. Чалавек абсалютна не хоча нешта згадваць, але памяць пачынае дзейнічаць міма ягонай волі і выклікае боль.

Адваротным бокам уздзеяння разладу на памяць можа стацца правал у часе. Успамін, што перажывае чалавек, можа раптам падацца звышрэалістычным, быццам усё зноў паўтараецца. Гэта выклікае дыстрэс, якому немагчыма даць рады.

«Чалавеку могуць пачаць сніцца кашмары. Але надзвычай рэалістычныя, з успамінамі траўматычнага досведу. Такім чынам, мы можам сказаць, што вайну часта забіраюць з сабой», – кажа псіхолаг.

Таксама разлад можа блакаваць памяць, чалавек можа забываць, што адбылося. Успаміны становіцца цяжка рэгуляваць. Або траўма прымушае чалавека пазбягаць складаных сітуацыяў, дзе могуць паўстаць хваравітыя ўспаміны. Таксама чалавек можа паводзіцца дысфункцыйна, перакладаць свае праблемы на іншых людзей і абвінавачваць усіх вакол.

Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

«Асэнсаванне бессэнсоўнасці гэтай вайны»

Калі вяртацца да расейскіх жаўнераў, варта сказаць, што іх чакаюць вялікія цяжкасці пасля вайны праз экзістэнцыйны крызіс.

«Адным з фактараў, што дададуць праблемаў, ёсць асэнсаванне бессэнсоўнасці гэтай вайны. Чалавек пачне ўсведамляць, што тое, што ён рабіў – няправільнае і неадэкватнае. Асабліва, калі людзі чынілі жудасны гвалт падчас вайны – і іх нішто не спыняла і не спыняе. Ёсць вялікая імавернасць, што ён будзе паўтараць гвалт зноў ды зноў», – кажа Цярэнцьеў.

Стрэсавы разлад уздзейнічае і фізіялагічна. Чалавек пачынае жыць у перманентным стане трывогі, што напружвае ўсё цела. Ён усцяж гатовы бегчы і нешта рабіць, у яго пачынаюцца змены ва ўспрыняцці рэчаіснасці і самога сябе.

«Тут будзе шмат негатыўных наступстваў. Чалавек перастае паважаць сябе і губляе давер да людзей», – кажа псіхолаг.

Як гэта практычна праяўляецца? Досвед і ўспаміны захопліваюць чалавека. Ён можа ісці вуліцаю, да яго падыдзе чалавек – і ён знянацку выявіць агрэсію ці проста пачне агрэсіўна гутарыць. Або чалавеку будуць нешта распавядаць, а ён не будзе чуць і бачыць суразмоўцаў. Успаміны будуць забіраць усю ягоную ўвагу.

Ці можа чалавек пастаянна праяўляць агрэсію? Псіхолаг кажа, гэта залежыць ад псіхалагічнай канстытуцыі і схільнасцяў асобы. Такім чынам, асаблівасці псіхікі разам з ПТСР будуць вызначаць далейшыя паводзіны. Але траўма ў кожным разе будзе ўздзейнічаць. Калі над ёй не будуць працаваць, наступствы будуць як ад Афганістану.

«Чалавек будзе разумець, што яму кепска і балюча. Ён усвядоміць, што раней думаў, быццам нешта рабіў добрае… А потым усведамляе, што ўсё было не так. Мяне кінулі, мая вайна аказалася няважнай. Вайна была няправільная, атрымліваецца, мы рабілі кепска. Мяне проста паслалі паміраць. Мяне яшчэ кінулі – і я застаўся сам сабе. Гэта будзе адбівацца на негатыўных паводзінах і агрэсіі. Паводзіны і рэакцыі будуць пагаршацца», – кажа Цярэнцеў.

Адно з выйсцяў, уласцівых у такіх выпадках гэтаму рэгіёну, – алкаголь. Алкаголь – адзін з першых спосабаў справіцца з болем. Псіхолаг адзначае, што для некаторых гэта нястрашна, але хтось выпівае і працягвае ваяваць удома.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pixaby

Псіхолаг кажа, што «букет» ПТСР саспявае 3–6 месяцаў. Людзям нармальна мець разлад, але калі ён не мінае за пару месяцаў, прыходзяць глыбокія і цяжкія наступствы.

Людзі могуць мець востры стрэсавы разлад. Гэта нармальна, калі яны бачылі, як забівалі і г. д. Праз 1–3 месяцы сімптомы мусяць прайсці, можна будзе сказаць, што псіхіка дала рады. Калі не – гэта ўжо іншая гісторыя.

«Непрапрацаваныя сімптомы будуць яшчэ пагаршацца. Цяпер расейцы ваююць і думаюць, што малойцы, але калі чалавеку адкрыецца праўда – яго можа страшна накрыць. Абяцалі грошы, славу і ўвагу – а вярнуўся дадому, цябе закінулі і забыліся. Тут можа жорстка затрыгерыць і чалавек страціць кантроль. Жорсткая рэчаіснасць можа справакаваць да адвольнай агрэсіі, суіцыдальных думак і г. д.», – кажа Сяргей Цярэнцеў.

Трыгерам могуць стаць і накрадзеныя рэчы. Калі чалавек будзе пазіраць на «трафеі», мазгі могуць звязваць іх з траўматычным досведам і падкідваць непрыемныя сюрпрызы. Хаця чалавек не будзе да канца разумець, чаму так адбываецца.

Цярэнцеў падсумоўвае, што трыгерамі для расейскіх жаўнераў можа быць што заўгодна і тысячы былых вайскоўцаў, якія вярнуліся з вайны, прынясуць яе жахі ва ўласныя дамы і на ўласныя вуліцы. Асабліва калі з гэтым ніхто не будзе працаваць. Сем’і, родныя, блізкія, суседзі і нават невядомыя людзі могуць стацца закладнікамі тысяч псіхалагічна скалечаных праз бессэнсоўную агрэсію вайскоўцаў.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў