«Мы на дне, аднак Лукашэнка яго прабівае». Беларусь апусцілася на 157 месца ў рэйтынгу свабоды медыяў


Сусветны дзень свабоды прэсы, што адзначаецца сёння, Беларусь «святкуе» сумна: 33 прадстаўніка медыяў за кратамі, сотні «экстрэмісцкіх матэрыялаў», дзясяткі рэдакцыяў або знішчаныя, або выціснутыя за мяжу. У сёлетнім рэйтынгу свабоды прэсы ад арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Беларусь апусцілася на чатыры пазіцыі і цяпер займае 157 месца з 180. «Белсат» спытаў у намесніка кіраўніка БАЖ Барыса Гарэцкага, дзе дно і чаму свабодная прэса – гэта надзвычай важна для кожнага беларуса.

Міліцыянты затрымліваюць журналістку падчас акцыі пратэсту ў Менску, Беларусь. 26 верасня 2022 года.
Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

Максімальна свабодна, паводле рэйтынгу «Рэпарцёраў без межаў», журналісты працуюць у Нарвегіі, Ірландыі, Даніі, Швецыі і Фінляндыі. На апошніх месцах – Туркменістан, Іран, В’етнам, Кітай і Паўночная Карэя. Агулам у рэйтынгу 180 краінаў.

Беларусь – на 157 пазіцыі, побач з Палесцінаю, Нікарагуа і Венесуэлаю. У справаздачы «Рэпарцёраў» адзначаецца, што ў нашай краіне «толькі дзяржаўная Белтэлерадыёкампанія працягвае нармальна працаваць, пампуючы прапаганду рэжыму».

«Беларускія ўлады распрацавалі законы, каб надаць прававы выгляд сваім атакам на свабоду прэсы. Сістэма правасуддзя, што знаходзіцца пад поўным кантролем урада, пачала прыраўноўваць незалежную журналістыку да «экстрэмізму», – канстатуе міжнародная арганізацыя.

Рэйтынг свабоды прэсы 2023 года. Ілюстрацыя арганізацыі «Рэпарцёры без межаў».
Фота: rsf.org

«Самая небяспечная краіна для журналістаў у Еўропе»

Паніжэнне рэйтынгу Беларусі – вынік жорсткіх рэпрэсіяў супраць медыяў, што працягваюцца ў краіне, заўважыў у размове з «Белсатам» намеснік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

«Гэта вынік таго, што сёння абсалютна ўсе цэнтральныя грамадска-палітычныя выданні прызнаныя або «экстрэмісцкімі фармаваннямі», або «экстрэмісцкімі матэрыяламі»; вынік таго, што сёння ў Беларусі над журналістамі распраўляюцца нават калі чалавек нічога не робіць, але раней працаваў у прафесіі».

Гарэцкі таксама адзначыў пераслед за перапіску з медыямі ды новыя прысуды журналістам, што адбыліся за год, ад папярэдняга рэйтынгу.

«Сёння Беларусь – самая небяспечная краіна для журналістаў у Еўропе. Можна параўнаць з Украінай, дзе медыя ва ўмовах вайны, ва ўмовах вялікай колькасці абмежаванняў сталі свабаднейшымі на 27 пунктаў», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

«Лукашэнка ўвесь час прабівае дно»

Улада ў Беларусі вядзе вайну супраць журналістаў, супраць выданняў, фактычна супраць усіх, хто мае нейкае дачыненне да медыяў, канстатуе Барыс Гарэцкі:

«Мы на дне, аднак гэтае дно Лукашэнка ўвесь час прабівае. У Беларусі пры ўсёй жахлівасці карціны ёсць інтэрнэт, сайты блакуюцца, аднак аўдыторыя па-ранейшаму мае доступ да інфармацыі, аўдыторыя можа знайсці патрэбную інфармацыю. І гэта вялікі плюс».

Расея – бадай, адзіная сяброўка цяперашніх уладаў – апусцілася за год на 9 пунктаў і цяпер знаходзіцца на 164 месцы, ніжэй за Беларусь. Гарэцкі з такім ранжаваннем паспрачаўся.

«У нас крыміналізаваная фактычна сама прафесія. У Расеі застаюцца незалежныя журналісты, яны могуць выходзіць у эфір, могуць рабіць матэрыялы, там прысутнічаюць карэспандэнты заходніх медыяў, там няма такой колькасці палітзняволеных журналістаў, колькі ў Беларусі. Мы на чацвёртым месцы ў свеце па колькасці прадстаўнікоў медыяў за кратамі», – сказаў намеснік кіраўніка БАЖ.

Микрофон телеканала «Белсат», интервью
Мікрафон тэлеканалу «Белсат». Варшава, Польшча. 1 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

«Усе шукаюць свабоднай інфармацыі»

Барыс Гарэцкі на прыкладзе звычайнага жыхара беларускай вёскі растлумачыў, чаму свабода слова важная не толькі ўласна для журналістаў, але і для кожнага грамадзяніна:

«2020 год вельмі яскрава паказаў, што нават простыя трактарысты шукаюць свабоднай інфармацыі, калі ў краіне адбываюцца значныя падзеі. Калі людзі масава паміраюць ад ковіду, а дзяржаўныя медыі пра гэта нічога не кажуць. Тады нават у самых маленькіх месцах шукаюць праўдзівую інфармацыю незалежных выданняў».

Прадстаўнік БАЖ канстатаваў, што ў дзяржаўных медыях не знойдзеш інфармацыі, калі адбываюцца значныя палітычныя падзеі або змяняецца эканамічная сітуацыя.

«Яны працуюць паводле савецкіх лякалаў: не даваць інфармацыю, не паведамляць, паказваць балет «Лебядзінае возера». 2020 год паказаў, што беларуская аўдыторыя ўмее знаходзіць інфармацыю нават у выпадку блакавання», – падсумаваў Гарэцкі.

Цяпер у Беларусі за кратамі знаходзяцца 33 журналісты: Кацярына Андрэева, Ігар Лосік, Ксенія Луцкіна, Андрэй Аляксандраў, Дзяніс Івашын, Анджэй Пачобут, Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Валерыя Касцюгова, Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко, Ірына Леўшына, Дзмітрый Наважылаў, Генадзь Мажэйка, Ірына Слаўнікава, Андрэй Кузнечык, Сяргей Сацук, Юрый Ганцарэвіч, Дзмітрый Лукша, Канстанцін Залатых, Алесь Любянчук, Юлія Мудрэўская, Юрый Гладчук, Іван Мураўёў, Павел Мажэйка, Яўген Меркіс, Дзмітрый Семчанка, Іна Можчанка, Андрэй Фамін, Ларыса Шчыракова, Павел Падабед, Вячаслаў Лазараў, Аляксандр Манцэвіч.

Каментар
«Рыхтаванне да чагосьці мярзотнага». Змены ў закон аб медыях сталіся рэакцыяй на мэм пра 3 %
2023.04.18 21:15

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў