У гомельскіх школах скарацілі працягласць урокаў


У Беларусі пачаўся новы навучальны год. Вучыцца школьнікам цяпер давядзецца ў новых умовах: пасля загаду Аляксандра Лукашэнкі любым коштам навесці парадак у школах дзяржаўная адукацыя ўзяла курс на мілітарызацыю, палітызацыю і сціслае ўзаемадзеянне з Праваслаўнаю царквой. «Патрыятычны» кірунак павінен быў мець першы ўрок новага навучальнага года. Назвалі яго «Адзінства беларускага народу – аснова незалежнасці краіны». На здымку – дзеці і бацькі на святочнай лінейцы ў адной з барысаўскіх школ, Беларусь. 1 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Цяпер у малодшых класах заняткі будуць па 35 хвілін, у старэйшых – па 40 замест звычайных 45, піша мясцовае выданне «Флагшток».

Гомельскія школьнікі і іхныя бацькі са здзіўленнем даведаліся пра новаўвядзенне толькі на пачатку навучальнага году, 1 верасня. Класныя кіраўнікі не змаглі дакладна патлумачыць, навошта такія меры. Журналісты «Флагштоку» пацікавіліся прычынай скарачэння працягласці ўрокаў у мясцовых уладаў. Аказалася, што яшчэ ў 2019 годзе Савет міністраў выдаў пастанову №525, якая загадвала скараціць час заняткаў у навучальных установах, якія знаходзяцца на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання. Да 2019 году такія ўказанні насілі характар рэкамендацыяў.

«Горад Гомель не перайшоў на выкананне гэтай пастановы. Цяпер нас правярала Міністэрства аховы здароўя, якое гэта выявіла, – пракаментавалі ў Гомельскім аблвыканкаме. – Школа можа не пераходзіць, але, калі гэтую школу будуць правяраць, яна аплоціць штраф, так як пастанова Савету міністраў – гэта закон. Брагін, Нароўля даўно перайшлі, Гомель не перайшоў. Проста праігнаравалі, атрымліваецца. А цяпер, калі жорстка ўстала пытанне, сказалі, што трэба пераходзіць. Ёсць установы, якія не перайшлі і сказалі: мы будзем плаціць штраф. Такое ў нас таксама ёсць».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў