Экспертка Святлана Мацкевіч: Лукашэнка кіруе адукацыяй уручную, і яна даўно ідзе не туды


Скандал з цэнтралізаваным экзаменам і падлікам балаў і тое, як яго паспрабавалі загасіць, паказвае, што беларуская адукацыя знаходзіцца ў ручнымі кіраванні ў Лукашэнкі. Пры гэтым крызіс сістэмы вышэйшай адукацыі паглыбляецца, абітыруентам і бацькам трэба вельмі асцярожна прымаць рашэнне, ці працягваць вучобу ў Беларусі. Аб гэтым у эфіры «Белсату» метадолаг, экспертка ў пытаннях адукацыі Святлана Мацкевіч.

Святлана Мацкевіч у студыі «Белсату». Скрыншот з відэа: «Белсат» / YouTube

2 чэрвеня ў эфіры «Белсату» метадолаг і эксперта ў пытаннях адукацыі Святлана Мацкевіч прааналізавала, як дзяржава вырашыла пераадолець востры сацыяльны канфлікт паміж Міністэрствам адукацыі з аднаго боку і вучнямі і бацькамі – з другога боку, хто з кіраўнікоў сабраў палітычныя балы і ў якім стане зараз знаходзіцца сістэма адукацыі ў Беларусі, і асабліва сістэма вышэйшай адукацыі.

Паводле эксперткі, рашэнне пералічыць вынікі было чаканым, бо было вялікае незадавальненне з боку вучняў і бацькоў. Узнік сацыяльны канфлікт, які паспрабаваў спыніць Аляксандр Лукашэнка. Умяшаўшыся, ён атрымаў больш плюсаў, чым мінусаў, спіхнуўшы ўсё на сістэму падліку і на чыноўнікаў, якія быццам бы нешта не так падлічылі. Але ў цэлым, паводле адзнакі Святланы Мацкевіч, сітуацыя паўтараецца з году ў год: пераход ад школы да ВНУ заўсёды быў праблемным, сёлета ён выліўся ў сапраўдны канфлікт. Гэтым разам чыноўнікі даволі хутка пайшлі на пэўныя ўступкі пад націскам грамадзянскага грамадства, таму што «не рэагаваць на на гэта было нельга».

Лукашэнка ўмяшаўся ў сітуацыю, бо ўся сістэма так настроена, што яна не можа самастойна прымаць упраўленчыя рашэнні. Таму ў сітуацыі сацыяльнага канфлікту Лукашэнка атрымлівае вялікія бонусы, бо становіцца свайго роду «дабрадзеем для грамадства», які вырашае праблемы, выступіў у ролі медыятара паміж чыноўнікамі і грамадзянскім грамадствам, у дадзеным выпадку – вучнямі і бацькамі. Экспертка адзначыла, што падобныя канфлікты былі і раней, і Лукашэнка заўсёды іх паспяхова выкарыстоўваў на сваю карысць, быццам бы наводзячы парадак.

Hавiны
Лукашэнка пра скандал з вынікамі ЦЭ: Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела
2023.05.30 15:24

Пры гэтым чыноўнікі Мінадукацыі першапачаткова пайшлі па шляху не прызнання прэтэнзіяў і нават пагражалі адказнасцю за распаўсюджванне фэйкаў. Ужо амаль дайшло да таго, што вось-вось маглі б з’явіцца чарговыя «відэа з пакаяннямі». Аднак потым адступілі.

«Чыноўнікі не прызнаюць свае памылкі, гэта такі стыль бюракратычны. Яны не прызнаюць памылкі, спасылаюцца на заканадаўства і розныя інструкцыі да апошняга. І толькі ўказанніе зверху даюць ім магчымасць змяніць стыль паводзінаў. Пры гэтым ніводзін чыноўнік ніколі не прызнае, што ён нешта рабіў не так», – патлумачыла Святлана Мацкевіч псіхалогію чыноўнікаў.

У цэлым, «гэта вось такая сістэма кіравання, якая становіцца гібкай не тое што пад націскам грамадзянскага грамадства, але яны пабаяліся масавасці скаргаў. І ў дадзенай сітуацыі ў чыноўнікаў «спрацавала інтуіцыя, і найбольш яна спрацавала ў Лукашэнкі, які зразумеў, што лепш згуляць на баку бацькоў і вучняў, чым на баку бюракратаў. Тым самым ён яшчэ раз умацаваў сваю вертыкаль і паказаў, што яна вось так працуе, у рэжыме ручнога кіравання».

Святлана Мацкевіч лічыць, што падчас цяперашняй уступнай кампаніі наўрад ці трэба чакаць нейкіх дадатковых сюрпрызаў, бо «яны ўсе ўжо адбыліся», усё кепскае ўжо здарылася. Ужо адбылася мілітарызацыя сістэмы адукацыі, яе ідэалагізацыя, і гэтыя гульні ў працэдуру паступлення, якія на самай справе ніякага практычнага значэння не маюць, існуюць ужо больш за 20 гадоў, пачаўшыся з увядзення 10-бальнай сістэмы ацэнкі ведаў.

«Усе быццам бы засяроджаныя на гульні ў латарэю, на падліках балаў, на пераводзе дакументаў з аднаго вуза ў другі. Аднак потым усё заканчваецца расчараваннем абітурыентаў увогуле ў вышэйшай адукацыі. Таму што яна ў Беларусі сёння наўрад ці апраўдвае чаканні абітурыентаў, якія спадзяваліся такім чынам пачаць будаваць сваю прафесійную кар’еру. Абітурыенты і іх бацькі павінны добра падумаць, перш чым прымаць рашэнне аб далейшым навучанні ў беларускай сістэме адукацыі», – лічыць экспертка.

Паводле адзнакі метадолага, гэта сістэма адукацыі «ужо даўно ідзе не туды». Мэты адукацыі ўжо практычна не агучваюцца, «і фактычна над сістэмай адукацыі, асабліва пасля 2020 года, навіс вялізны парасон ідэалагічнага кантролю і мілітарызацыі. І гэта становіцца галоўным працэсам у дзяржаўнай сістэме адукацыі». Ёсць альтэрнатыва, але яна фармуецца не проста за межамі дзяржаўнай адукацыі, а ўвогуле – па-за межамі Беларусі.

Аднак, як кажа экспертка, беларуская сістэма адукацыі павінна радыкальна змяняцца. Патрэбна «абавязковае і тэрміновае рэфармаванне адукацыі, але такое рэфармаванне патрабуе палітычнай волі, патрабуе змястоўнага асэнсавання новых мэтаў адукацыі, перспектыў, змены структуры, у тым ліку і кантролю ведаў. Уся існая сістэма, куды ні ткні, мае вялікія праблемы». Таму патрэбна сістэмная адукацыйная рэформа, але «яна магчыма толькі тады, калі зменіцца ўлада ў Беларусі, і да ўлады прыйдуць людзі з іншым разуменнем і з абавязкова грамадскім кантролем грамадзянскага грамадства над будучай уладай».

Святлана прагназуе, што і сёлета працягнецца зніжэнне колькасці паступленняў у ВНУ Беларусі. Пакуль што ніхто не праводзіў дэталёвага даследавання, па якіх матывах патэнцыйныя абітурыенты адмаўляюцца ад працягу адукацыі ў Беларусі. Аднак такая тэндэнцыя захоўваецца і нават умацоўваецца з году год на працягу даволі вялікага перыяду.

Як паведамлялася раней, 2 траўня стала вядома аб тым, што вынікі першага цэнтралізаванага іспыту, якія некалькі дзён таму абурылі вучняў і іхных бацькоў, пачалі пералічваць паводле новай методыкі, якую выкарыстоўвалі пры правядзенні рэпетыцыйнага тэставання. Аб гэтым паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Міністэрства адукацыі ў кароткія тэрміны (за тры дні) выканала даручэнне Лукашэнкі – спрасціць методыку падліку і зрабіць яе зразумелай для кожнага чалавека. У новай сістэме падліку нібыта выкарысталі падыходы, якія выкарыстоўваліся пры правядзенні рэпетыцыйнага тэставання.

У выніку, паводле інфармацыі ад вучняў і бацькоў, вынікі ЦЭ сапраўды перагледзелі, усе ў каго былі балы нізкія, атрымалі дадатковыя балы, усе ў каго было 100 і больш балаў, засталіся са сваімі вынікамі. Эксперты лічаць, што ўвогуле можна было нічога не мяняць, а проста пакінуць сістэму мінулых гадоў. І не было б ніякага сацыяльнага канфлікту.

Hавiны
Вынікі першага цэнтралізаванага экзамену пералічваюць паводле новай методыкі
2023.06.02 16:00

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў