Памерлую пасля згвалтавання беларуску пахаваюць у Варшаве


Беларуску Лізавету, якая памерла пасля згвалтавання ў Польшчы, пахаваюць у Варшаве. Пра гэта расказала «Белсату» кіраўніца праекту «Беларус беларусу» Валярына Кустава, якая трымае кантакт з хлопцам дзяўчыны.

Лізавета разам са сваім хлопцам Данілам.
Фота: duccikk / instagram

Паводле яе, на пахаванне ў Варшаву прыедзе дзядзька памерлай беларускі. Цяпер ідуць перамовы, каб цела аддалі родным, каб яго маглі пахаваць.

Што датычыць сабраных сродкаў на рэабілітацыю дзяўчыны, то іх плануюць вярнуць ахвярадаўцам з прапановай дапамагчы з пахаваннем. Або грошы могуць перайсці зноў на рахункі тых, хто іх дасылаў, паведаміла Валярына Кустава.

Нагадаем, што 1 сакавіка стала вядома пра смерць 25-гадовай беларускі Лізаветы, якую згвалтавалі ў цэнтры Варшавы. Напад на яе адбыўся 25 лютага, калі яна вярталася ўначы дадому пешшу. Злачынца кінуўся на яе з нажом, прыціснуў да брамы, душыў і згвалціў. Лізавета ў непрытомным стане доўгі час ляжала на сходах. Яе знайшоў ахоўнік, які прыйшоў на працу ў ранішнюю змену. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, спрабавалі яе рэанімаваць, потым даставілі ў клінічны шпіталь.

Дзяўчына ўвесь час заставалася пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у выніку таго, што нападнік яе душыў, у дзяўчыны спынялася сэрца, у мозг пэўны час не паступаў кісларод, што выклікала незваротныя наступствы.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў