Пуціна не задаволіў адказ Захаду на патрабаванні Расеі


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімер Пуцін.
Фота: kremlin.ru

Прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін пракаментаваў адказ ЗША і NATO на запытаныя Масквой гарантыі бяспекі пасля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам у Маскве, паведамляе «Интерфакс».

«Уважліва аналізуем атрыманыя 26 студзеня ад ЗША і NATO пісьмовыя адказы. Але ўжо цяпер зразумела, і я праінфармаваў пра гэта спадара прэм’ер-міністра, што прынцыповыя расейскія заклапочанасці былі праігнараваныя», – заявіў Пуцін.

Больш за ўсё Пуціна турбуе, што праз далучэнне Украіны да NATO можа змяніцца яго панаванне на Данбасе і ў Крыме:

«Уявім сабе, што Украіна ёсць чальцом NATO, нашпігаваная зброяй, стаяць сучасныя ўдарныя сістэмы, як у Польшчы і Румыніі, і пачынае аперацыю ў Крыме, цяпер не кажу нават пра Данбас. Уявім, што Украіна – дзяржава NATO і пачынае гэтыя ваенныя аперацыі. Нам што, ваяваць з блокам NATO? Хоць хто-небудзь пра гэта хоць штосьці падумаў? Падобна, што не».

Тым часам ЗША і саюзнікі падрыхтавалі спіс асобаў з атачэння прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, супраць якіх могуць быць уведзеныя персанальныя санкцыі, паведамляе Financial Times.

У спісе фізічныя асобы, якія «ўваходзяць у блізкае кола Крамля або блізкія да яго, а таксама адыгрываюць ролю ў прыняцці ўладамі Расеі рашэнняў або як мінімум удзельнічаюць у дзеяннях Крамля для дэстабілізацыі». Гэта могуць быць чыноўнікі, высокія службовыя асобы і чальцы рады дырэктараў дзяржаўных кампаніяў.

Персанальныя санкцыі прапаноўваецца прыняць у дадатак да абмежаванняў супраць банкаўскага і энергетычнага сектараў Расеі.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў