Топ-5 юбілеяў 2023 года


2023-і багаты на юбілеі. Тут і 800-годдзе вялікага князя Войшалка, і 550-годдзе княгіні Анастасіі Слуцкай, і 200-годдзе паэта Уладзіслава Сыракомлі ды шмат іншых нагодаў. «Белсат» жа абраў пяцёрку юбілеяў тых, чыя спадчына сёння найбольш актуальная. І Новы год – добрая нагода іх згадаць.

140 гадоў бацьку беларускай дзіцячай літаратуры. Янка Маўр (1883–1971)

Ягоныя сапраўдныя імя і прозвішча – Іван Фёдараў, дакладней, Іван Ільін, бо прозвішча ягонага бацькі няправільна запісаў вайсковы пісарчук – і Міхаіл Фёдаравіч Ільін стаўся Міхаілам Фёдаравым. А будучы класік беларускай літаратуры, які нарадзіўся 10 траўня 1883 года ў Лібаве (сёння – Ліепая ў Літве), быў ужо названы Іванам Фёдаравым (цёзка знакамітага друкара з Беларусі, які пачаў друкарскую справу ў Масковіі).

А вось у якасці псеўданіму Іван Фёдараў абраў сабе Янку Маўра, дзе Янка – гэта беларускі адпаведнік ягонага пашпартнага імя, а Маўр з’явіўся з вядомай цытаты Шылера: «Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа ісці». Дарэчы, менавіта экзатычныя куткі зямнога шару, дзе жылі маўры, пісьменнік і зрабіў месцам дзеяння шматлікіх сваіх твораў, як, напрыклад, «У краіне райскай птушкі» (1926). Магчыма, гэта і ўратавала яго ад той хвалі сталінскіх рэпрэсіяў, пад якія трапілі шматлікія беларускія творцы.

Янка Маўр (у цэнтры) разам з сям’ёю. Фотаздымак 1955 года. Крыніца: СБ

Ігрою Янкі Маўра на скрыпцы заслухоўваўся ягоны сябар – Якуб Колас, з якім іх звязваў арышт царскай паліцыяй пасля з’езду беларускіх настаўнікаў у Мікалаеўшчыне ў 1906 годзе.

Янку Маўра лічылі ледзь не чарадзеем, бо ён ладзіў спірытычныя сеансы, падчас якіх прымушаў прадметы рухацца. Выдатна валодаў мовай эсперанта і нават вёў на ёй праграму на радыё. Свой першы мастацкі твор напісаў у 42 гады і зрабіў гэта для дзяцей: у 1926-м выйшла аповесць «Чалавек ідзе». Далей былі іншыя, сярод якіх Янка Маўр найбольш вылучаў аповесць «Сын вады». Ягоная прыгодніцкая аповесць «Палескія рабінзоны» ў 1934-м экранізавалі.

140 гадоў апосталу беларускага адраджэння і аднаму з айцоў БНР. Вацлаў Ластоўскі (1883–1938)

Вацлаў Ластоўскі. Крыніца: Часопісь Міністэрства беларускіх справаў

Быў аўтарам першай гісторыі Беларусі, напісанай беларусам для беларусаў. Вацлаў Ластоўскі нарадзіўся 8 лістапада 1883 года ў засценку Калеснікі (сёння – Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). У 1910-м выдаў Кароткую гісторыю Беларусі, якая зрабілася акенцам у беларускасць для шмат каго з будучых прадстаўнікоў нацыянальна-вызваленчага руху. Ластоўскі падкрэсліваў, што пад тым, што называюць «літоўскім» і «рускім», хаваецца спадчына Беларусі, адносна якой ужываў назву Крывія. Першы абгрунтаваў ідэю пра вытокі беларускай дзяржаўнасці ад Полацкага княства. У часе Першай сусветнай вайны застаўся ў Вільні і дамовіўся з немцамі пра выданне беларускіх газетаў, у 1918-м стаўся адным з заснавальнікаў БНР, заклікаючы да поўнае незалежнасці Беларусі як ад Расеі, так і ад Польшчы. Выдаў брашуру «Што трэба ведаць кожнаму беларусу».

Вацлаў Ластоўскі спрабаваў займацца палітыкай і адначасова шмат пісаць, склаў слоўнік беларускай вайсковай тэрміналогіі ды напісаў першую беларускую фантастычную аповесць – «Лабірынты» (1923). Сярод ягоных найважнейшых працаў – Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі (1926). Да 1927-га працаваў у Літве. Але пасля запрашэння Інбелкульту пераехаў у БССР, дзе стаўся акадэмікам, ладзіў экспедыцыі па Беларусі, у часе адной з якіх быў знойдзены крыж Еўфрасінні Полацкай. Але ў 1929-м Ластоўскага арыштавалі ў «справе Саюзу вызвалення Беларусі» і выслалі ў Саратаў на 5 гадоў. У пачатку 1936-га па Заходняй Беларусі папаўзлі чуткі пра расстрэл Вацлава Ластоўскага, нават з’явіўся некралог. Але яму было наканавана пражыць яшчэ два гады. 23 студзеня 1938-га Вацлава Ластоўскага расстралялі як «польскага шпіёна» і «ўдзельніка нацыянал-фашысцкай арганізацыі» (тагачасны адпаведнік «экстрэмісцкай арганізацыі»).

130 гадоў аднаму з пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы. Максім Гарэцкі (1893–1938)

Ягоныя антываенныя творы «Рускі» і «Генерал» лічаць прадвеснем твораў Васіля Быкава, а аповесць «Дзве душы» моцна паўплывала на беларускую філасофію.

Максім Гарэцкі з сямʼёю. Фотаздымак 1920-х гадоў. Крыніца: Вязьма справочная

Максім Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 года ў Малой Багацькаўцы (сёння – Магілёўская вобласць) у сялянскай сям’і, з маленства ўсведамляў сябе як беларус. Са з’яўленнем «Нашай нівы» стаў дасылаць у яе невялічкія апавяданні. Браў удзел у Першай сусветнай вайне з самага яе пачатку, быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам, меў раненні. Падтрымаў бальшавікоў пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 года і стаў працаваць у газеце «Звязда», якая перабралася з Менску ў Вільню. Пасля захопу Вільні палякамі застаўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі і падтрымаў БНР. Палякі арыштавалі Максіма Гарэцкага і выслалі ў Літву, але ў 1923 годзе ён вярнуўся ў Менск і стаў выкладаць беларускую мову ў БДУ, а ў 1926-м пераехаў у Горкі на працу ў сельскагаспадарчай акадэміі. У 1930-м арыштаваны ў «справе вызвалення Беларусі» і асуджаны на ссылку ў Вятку на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў лістападзе 1937 года, 10 лютага 1938-га яго расстралялі.

110 гадоў аднаму з найлепшых аўтараў твораў пра рэпрэсаваных, прыхільніку беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Сяргей Грахоўскі (1913–2002)

Сяргей Грахоўскі нарадзіўся 8 кастрычніка 1913 года ў Нобэлі (сёння ў Ровенскай вобласці Украіны). У літаратуру ўвайшоў як паэт і перакладчык. Працаваў у газеце «Чырвоная змена» і рэдактарам Беларускага радыё, але ў 1936-м быў асуджаны «за антысавецкую дзейнасць» на 10 гадоў. Цалкам адбыў пакаранне і пасля вызвалення ў кастрычніку 1946 года вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам расейскай мовы і літаратуры ў Слуцкім раёне. Нягледзячы на тое, што з Сяргея Грахоўскага знялі судзімасць, у жніўні 1949-га яго зноў арыштавалі і скіравалі на пасяленне ў Новасібірскую вобласць. У кастрычніку 1955 года, пасля смерці Сталіна, быў рэабілітаваны, вярнуўся ў Менск і ўладкаваўся ў часопіс «Бярозка». Ягоная аўтабіяграфічная трылогія («Такія сінія снягі», «Зона маўчання», «За воўчым білетам») – у ліку найлепшых кніг пра выжыванне ва ўмовах рэпрэсіяў і захаванне сваёй чалавечнасці (сёння – як ніколі актуальнае).

Сяргей Грахоўскі. Фотаздымак 1933 года. Крыніца: Wikipedia

Выдатная памяць дазваляла запамінаць у дробязях усё, што бачыў, а потым занатоўваць гэта на паперы. Цудоўна маляваў і быў добрым спеваком. Пасля абвяшчэння незалежнай Рэспублікі Беларусь выступаў за беларускую мову ў якасці адзінай дзяржаўнай: «Той, хто хітра ратуе за двухмоўе, добра ведае, што дзяржаўнаю застанецца толькі расейская, а беларуская пойдзе на звод…»

70 гадоў найлепшаму творцу гістарычнай літаратуры Беларусі. Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў нарадзіўся 25 жніўня 1953 года ў Полацку. Пасля заканчэння гістарычнага факультэту БДУ працаваў у разнастайных выданнях. Яшчэ ў студэнцкія гады заняўся пашырэннем выданняў рэпрэсаваных беларускіх літаратараў і гісторыкаў. Сярод іх – у тым ліку творы Вацлава Ластоўскага. Шматлікія кнігі Уладзіміра Арлова пра гісторыю Беларусі зрабілі значны ўнёсак у выхаванне новага пакалення беларусаў, якія гадаваліся ва ўмовах незалежнай краіны. Доўгі час быў адным з герояў праграмы «Белсату» «Гісторыя пад знакам Пагоні», якая да гэтага часу карыстаецца вялікім поспехам.

Уладзімір Арлоў. Крыніца: Белсат

Напісанае ў 1990 годзе эсэ Уладзіміра Арлова «Незалежнасць – гэта…» сталася адным з сімвалаў перыяду адраджэння і папярэднічала зʼяўленню Рэспублікі Беларусь. Яно актуальнае да сёння:

«Незалежнасць – гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі.

Я веру, што калі-небудзь так будзе.

Бо іначай проста не варта жыць».

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў